Як і першы школьны званок, Дзень пісьменства ўвасабляе імкненне да ведаў і любоў да кнігі. Напярэдадні свята карэспандэнт «НП» пагутарыла са Святланай Цубер – бібліятэкарам
СШ № 2 г. Давыд-Гарадка.
Яна не проста захоўвае кнігі, а вучыць дзяцей іх любіць. І робіць гэта больш за 17 гадоў.
– Дзень беларускага пісьменства для мяне – асаблівае свята, – кажа Святлана Мікалаеўна. – Я штодня працую з кнігамі. І бачу, як яны ўплываюць на людзей. Асабліва дзяцей.
Касцюковіцкі край – радзіма Арка-дзя Куляшова, Івана Чыгрынава, Алеся Пісьмянкова, Васіля Хомчанкі. Таму на сваёй выстаўцы асаблівую ўвагу надала менавіта гэтым пісьменнікам. Абавязкова выстаўка прадстаўлена пісьменнікамі Століншчыны і прысвечана знакамітаму першадрукару Францыску Скарыне. Гэта выдатная падзея, каб нагадаць дзецям: геніі нараджаюцца не дзесьці далёка. Яны побач з намі.
– Свята супадае з пачаткам навучальнага года. Чаму гэтае суседства дат такое важнае для нашага грамадства?
– Разумееце, адукацыя і пісьменства — гэта дзве апоры, на якіх трымаецца нацыя. Мы пачынаем новы навучальны год і адразу сутыкаемся з тым, што кніга – гэта галоўны інструмент. Гэта не проста падручнік, а ключ да захавання нашай ідэнтычнасці, любові да роднага слова, павагі да літаратурнай спадчыны. Шмат хто кажа: «Навошта чытаць, калі ўсё можна знайсці ў інтэрнэце?» Але кніга – гэта не інфармацыя, а пачуцці, перажыванні, глыбіня. Яна вучыць думаць, суперажываць, разумець іншага.
Святлана Мікалаеўна таксама з’яўляецца і класным кіраўніком 7 «Б» класа. І гэта дае ёй магчымасць назіраць за сваімі вучнямі штодня:
– Заўважыла, што кніга фарміруе асобу. І калі сёння яна вядзе няроўны бой з гаджэтамі – я не здаюся. На выхаваўчых гадзінах раблю акцэнт на тым, што чытанне – не проста хобі, а сучасны трэнд. Інтэлект і адукаванасць – гэта тое, што заўсёды ў модзе. Незалежна ад таго, якія новыя тэхналогіі прыходзяць.
Яна ўзгадвае: калі ў класе з’яўляецца дзіця, якое любіць чытаць, яно ўцягвае за сабой іншых.
– Гэта як добры вірус, – смяецца Святлана Мікалаеўна. – Адзін прачытаў – расказаў другому. Той зацікавіўся – узяў кнігу. І пайшло. Галоўнае – падкінуць правільную іскру. Раю навучэнцам не абмяжоўвацца школьнай праграмай. Класікі – Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч – абавязковыя. Але я заахвочваю дзяцей чытаць прыгодніцкую літаратуру. Яна будзіць у дзяцей фантазію, вучыць смеласці, дабрыні. А яшчэ мы часта сустракаемся з пісьменнікамі Століншчыны за круглым сталом. Наведваем музей Івана Піліпавіча Супрунчыка. І гэта не проста ўрок літаратуры ці гісторыі – гэта сапраўдны ўрок жыцця. Калі дзеці бачаць, што пісьменнік ці мастак – гэта жывыя людзі, якія жывуць побач, яны іначай ставяцца да кнігі і да мастацтва ўвогуле.
Святлана Цубер упэўнена: Дзень пісьменства – гэта свята, якое яднае. І не толькі бібліятэкараў, а ўсіх, хто любіць кнігу.
– Маё пажаданне простае, – дзеліцца яна. – Чытайце. Чытайце беларускую літаратуру. Чытайце сваім дзецям. Чытайце ўслых. Бо кніга – гэта жывая сувязь з душой. Пакуль мы гартаем старонкі, мы захоўваем сябе. І перадаём гэта наступным пакаленням.
Вольга ГУСАК
Фота аўтара


















