Лета ніяк не хацела развітвацца і працягвала радаваць сонечным надвор’ем. На адным з палёў спрытна бегаў трактар з граблямі, які валкаваў сена. А побач чакаў прэс-падборшчык, на якім працуе механізатар Міхаіл Лемяза.
– Гэта ўжо трэці ўкос траў, таму сена не такое шыкоўнае, як у першыя два, – тлумачыць механізатар. – Але затое не менш пажыўнае. Усё ж трэба ўлічваць, што дажджоў амаль не было. І так добра, што нарасло.
Сказаў мужчына і паехаў прэсаваць сена. Міхаіл родам з Альшан, у гаспадарцы – 10 гадоў. Кажа, што яму тут даспадобы, і грошай можна зарабіць, калі працаваць сумленна. Сёлета ён прэсаваў салому, а пасля сена пойдзе на адвозку кукурузы.
Дарэчы да яе мы дабраліся на наступны дзень разам з намеснікам дырэктара сельгаспрадпрыемства Іванам Лемязой. Уборка пачалася ў мінулую пятніцу: чакалі поўнага выспявання.
Бліз аграгарадка Альшаны ў пятай клетцы трэцяй чаргі заўважаем кукурузу-прыгажуню, якая ўзвышаецца на некалькі метраў. Я спецыяльна пазначыла гэтае месца, бо ў гэтым годзе такая кукуруза хутчэй выключэнне, чым правіла.
– Прызнавайцеся, як вы яе ад спёкі схавалі? – пытаю жартам. – У іншых, вунь, жывога месца няма на некаторых участках.
– Пашанцавала, – усміхаючыся, адказвае Іван Генадзьевіч. – А, можа, наш галоўны аграном Алёна Пятроўна што ведае? Трэба ў яе спытаць.
Агранома мы не заўважылі, а вось усе тры кормаўборачныя камбайны гудзелі, з кабінай хаваючыся ў кукурузе. На двух «Krone BiG X» працавалі ўжо добрыя знаёмыя механізатары Міхаіл Андрэйчук і Васіль Слуцкі. На «JAGUAR» паехаў наперад Васіль Андрэйчук. Мужчыны працавітыя, работнікі адказныя, таму пасля здымка, яны хуценька занялі свае рабочыя месцы.
– Спяшаюцца хлопцы, бо трэба ж палі вызваляць пад сяўбу азімых, – кажа Іван Генадзьевіч. – А ў нас 3 190 гектараў кукурузы расце, стабільна месяц-паўтара ўбіраць будзем, калі надвор’е дазволіць. Праўда, не скрозь яна такая вымахала, бы тут, бо і ўрадлівасць глебы ўсюды розная. Але сярэдняя ўраджайнасць на дадзены момант складае 300 цэнтнераў з гектара, што больш на 30 у параўнанні з мінулым годам. Таксама плануем 2 500 высушыць і столькі ж наплюшчыць.
А пакуль усю кукурузу адвозілі на сілас, які закладалі ў сянажныя траншэі на малочнатаварным комплексе «Лодыч». Тут таксама спяшаліся, бо на наступны дзень перадавалі дождж. Усе чатыры «Амкадоры» снавалі туды-сюды, шчыльна ўтрамбоўваючы зялёную масу. На двух з іх працавалі Аляксандр Андрэйчук і Аляксей Альгамец. Апошні, дарэчы, працягвальнік слаўнай дынастыі Альгамцоў з вёскі Сямігосцічы, якую пачаў яго дзед Кузьма. У гаспадарцы з 2012 года. Раней жалезным напарнікам быў трактар «Беларус», а тры гады таму яму даверылі новенькі «Амкадор». А яшчэ Аляксей у час уборкі і ўдзень, і ўначы дапамагаў на збожжатаку. Дзеду дакладна не сорамна за такога ўнука, які працягвае высакародную справу – аддана працаваць на карысць Радзімы.
А мы рушылі далей. На другім полі закладвае фундамент будучага ўраджаю, сеючы азімую пшаніцу, вопытнейшы Павел Сямейка. На энерганасычаным трактары «Беларус 3522» за дзень ён можа засеяць да 60 гектараў. А за падвозку насення адказвае Сяргей Харашун, які прыйшоў у сельскую гаспадарку па прыкладу бацькі. Так мовіць, любоў да зямлі перайшла ў спадчыну.
Усяго ж плануецца пасеяць 1 957 гектараў пшаніцы.
Заўважаем сіняга асілка паміж Сямігосцічамі і Вялікім Малешавам. Ім кіруе Дзмітрый Найдзенка, які толькі год у гаспадарцы, але займеў аўтарытэт таленавітага механізатара.
Наперадзе яшчэ шмат работы, перш чым можна з чыстым сумленнем адпачыць. Таму пакуль прыкладаюць усе намаганні работнікі ААТ «Новая Прыпяць», каб іх родная гаспадарка працягвала трымаць высокую планку і знаходзілася ў ліку лепшых.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара


















