– Вось чакала водпуску, каб нарэшце дастаткова часу прысвяціць любімаму двару. Бо для мяне, ды і для ўсёй сям’і ён з’яўляецца месцам сілы. Якая б стомленая ці засмучаная не была, толькі адчыняю веснічкі, адразу ўсё рукой здымае. Быццам двор аддае мне тыя энергію і клопат, якія ўкладаю, калі шчырую над яго хараством. І я дакладна адчуваю, што зямля, расліны, дрэвы могуць лячыць.
Таму пастаянна ўдасканальваю наш двор – саджу новыя кветкі, абразаю і лячу, калі трэба, старыя расліны, падкормліваю і так далей. А як жа, гэта ж таксама жывыя арганізмы, якіх трэба даглядаць. Вось, як бачыце, набыла спецыяльны кустарэз – мой верны памочнік, такі як секатары, садовыя нажніцы, электрычная піла і так далей. Мой муж ужо не здзіўляецца, калі пры першай магчымасці я адразу накіроўваюся ў гаспадарчы аддзел. Толькі хвалюецца пра сямейны бюджэт, калі многа ўсяго адтуль выношу (смяецца). Ён жа больш адказвае за вырошчванне і рэалізацыю гародніны, паколькі ў нас ёсць невялікі парнічок, вось капусту познюю пасадзілі, іншыя культуры таксама гадуем. Але калі прашу яго дапамагчы, то ніколі не адмовіць, бо ведае: сад і двор – гэта святое. Дарэчы, гэтыя арэлі сваімі рукамі зрабіў, а я пафарбавала і пашыла чахлы з падушкамі. Так што ў нас зла-джаны саюз, нездарма 21 год ужо разам.
А пачаўся ён на Новы 2002 год. Ніна як зараз памятае, што загадала сустрэць сваё каханне. І, як бачна, жаданне здзейснілася. Потым ра-зам вучыліся ў Мазырскім дзяржаўным універсітэце імя І. Шамякіна. Уладзімір па прыкладзе бацькі вырашыў стаць настаўнікам фізічнай культуры. А праз два гады папоўніла рады студэнтаў і яго каханая дзяўчына, якая абрала філалагічны факультэт. 30 студзеня 2005 года згулялі вяселле і ўжо ў статусе мужа і жонкі прыехалі ў родную вёску настаўнічаць. Тады ж пачалі будаваць свой дом.
У час гутаркі суразмоўца праводзіла экскурсію па двары і садзе, а я толькі паспявала здзіўляцца, наколькі глыбокімі ведамі яна валодае. Расказвала, як разводзіць кветкі, чаранкуе дрэвы і расліны, чым лечыць і падкормлівае, каб радавалі добрым ростам і буйнымі кветкамі. А таксама дзялілася сваімі планамі па добраўпарадкаванні і якія ідэі яшчэ хоча ўвасобіць.
– У мяне няма, так мовіць, любімчыкаў, бо я кожнага свайго «зялёнага» жыхара люблю аднолькава. Імкнуся зрабіць так, каб больш яркіх фарбаў было ў двары. Прывабліваюць і рарытэтныя рэчы, якія знайшла ў каморах сваіх бабуляў. Мне вельмі хочацца, каб у іх з’явілася новае жыццё. Напрыклад, са старой швейнай машынкі мы зрабілі садовы стол, а з дзежкі – кашпо. Вы не паверыце, але я часта звяртаю ўвагу на… старыя карчы, бо яны выдатна падыхо-дзяць для аздаблення. Галоўнае – фантазія.
Даводзіцца выкарыстоўваць свае навыкі і ў рабоце. З’яўляючыся педагогам-арганізатарам і сакратаром БРСМ, Ніна Леанідаўна разам з навучэнцамі заўсёды прымае ўдзел у добраўпарадкаванні школы. А ў мінулым годзе ў школе быў рэалізаваны праект маладзёжнай ініцыятывы «Памятаем. Ганарымся. Ствараем» па добраўпарадкаванні тэрыторый каля помнікаў загінуўшых землякоў у Вялікай Айчыннай вайне. Былі пасаджаныя туі, блакітныя елкі і іншыя хвойныя расліны. Плануецца працягваць гэтую справу.
Але не толькі ландшафтным дызайнам займаецца Ніна Леанідаўна. У доме на кожным кроку можна пабачыць зробленыя сваімі рукамі прадметы інтэр’еру. Вялікія кветкі з фоамірану, дэкаратыўныя веласіпеды і іншыя кампазіцыі, рознага памеру кашпо з ратангу. Больш таго, з дзяцінства захапляючыся маляваннем, мая суразмоўца прыгожа аздобіла сцены. Да таго ж, яна выдатная швачка, і пашыла большасць тэкстылю ў доме.
Дзеці таксама падхапілі захапленне маці, таму ў сярэдняга сына Данііла і малодшай дачкі Анастасіі ёсць ужо свае майстэрні.
– Ёсць выказванне: не выхоўвайце дзяцей – выхоўвайце сябе, – дзеліцца Ніна Леанідаўна. – Яно вельмі падыходзіць для нашай сям’і. Мы з мужам ніколі не прымушалі дзяцей дапамагаць, бо так ахвота не з’явіцца. Яны проста самі імкнуліся быць карыснымі. А пасля ўжо сваімі ідэямі дзяліліся.
А вось Уладзімір адказвае за фізічнае выхаванне ў сям’і. Старэйшы сын Уладзіслаў сёлета скончыў той жа факультэт, што і бацька. Праяўляе спартыўныя здольнасці і Данііл, які мае ўзнагароды турніраў па футболе, баскетболе і «Снежным снайперы».
А яшчэ сям’я Акостка ў 2022-2024 гадах прымала ўдзел у праекце «Тата, мама, я – футбольная сям’я» і двойчы абараняла гонар нашага раёна на рэспубліканскім этапе ў Мінску. У гэтым годзе таксама рыхтуецца да мерапрыемства.
Любяць падарожнічаць па краіне, бываць у новых мясцінах, знаёміцца з гісторыяй.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара


















