Але нічога ўжо не зробіш – трэба ўбіраць тое, што вырасла.
У ААТ «Палессе АВМ» 1 400 гектараў заняты кукурузай, на ўборцы якой задзейнічана чатыры кормаўборачныя камбайны і 18 адзінак тэхнікі на адвозцы. У гэтую гаспадарку мы і накіраваліся.
– Сапраўды, кукурузу ў гэтым годзе надвор’е не пашкадавала, – едучы, разважаў дырэктар Іван Кадоліч. – Спачатку ўзысці ёй перашкаджала нізкая тэмпература, якая трымалася доўгі час. Нават давялося перасяваць 80 гектараў. Тая, што ўзышла, была вельмі кволая, хоць мы ёй дагаджалі, як маглі. І быццам пайшла расці, але напаткала спёка. Такой экстрэмальнай тэмпературы я не ўзгадаю, як і не ўзгадаю такой няўдалай кукурузы. У некаторай нават пачаткаў няма. Думаю, тэрміны ўборкі скароцяцца. З той, якая больш-менш лепшая, трэба ж зерне на карнаж (плюшчаная кукуруза) сабраць. Планавалі 800 тон. А зараз не ведаю ці атрымаецца. Будзем бачыць. Вось што значыць надвор’е для паляводства. Збожжа намалацілі будзь здароў – душа радавалася. А вось бедная кукуруза змарнела.
У поле, куды мы заехалі бліз вёскі Луткі, тэхніка хадзіла хутка, толькі ў некаторых месцах затрымлівалася, дзе расла вышэйшая кукуруза.
Сяргей Леська ўжо шосты год працуе на нарыхтоўцы кармоў, але такую няўдалую кукурузу бачыў упершыню.
– Тут чалавеку было цяжка амаль 40 градусаў цяпла перажыць, а не тое што раслінцы. Пагарэла моцна, не наталілася вільгаццю – вось і вынік, – кажа механізатар.
Аграном вытворчага ўчастка ў Кароцічах Аляксандр Любіч таксама засмучана рэзюміраваў:
– Ураджайнасць толькі каля 200 цэнтнераў з гектара, што, канешне, вельмі мала. У мінулым годзе больш за 300 была. У некаторых месцах кукуруза да чатырох метраў стаяла, а зараз ёсць участкі, дзе зусім не вырасла. Думаю, трэба будзе крыху тэрміны сяўбы карэкціраваць, каб павысіць усходжасць. Але ж апошняя слова за надвор’ем.
Побач згодна ківаў механізатар Віталій Леська, якому даверылі новенькі кормаўборачны камбайн.
– Няма для яго работы ў гэтым годзе, – пажартаваў ён. – Будзем спадзявацца, што ў наступным будзе магчымасць праверыць камбайн у справе.
Крыху лепшы малюнак быў на вытворчым участку ў Альгомелі ва ўрочышчы Знейна.
– Тут зямля больш урадлівая, бальнасць складае каля 40 балаў банітэта, – тлумачыць дырэктар. – Даўжэй вільгаць затрымліваецца, таму і ўзыходзіла спраўней, чым у Кароцічах, Талмачава і Лутках, бо там у асноўным супясчаная глеба. Але ж спёка зрабіла сваю справу і тут.
Адзін з самых вопытных механізатараў Валянцін Серадзін паспрабаваў супакоіць дырэктара і нагадаў, што ў мінулым годзе гаспадарка адна з лепшых была па нарыхтоўцы сіласу. Як гаворыцца, год на год не прыходзіцца.
А пакуль далучаюцца да ўборкі кукурузы іншыя гаспадаркі. Які будзе вынік – пакажа час.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара


















