Пазнаёміліся з ёй якраз у той момант, калі яна акуратна запісвала ў журнал колькасць перавезенага збожжа.
– Дзякаваць Богу, многа вырасла хлеба сёлета – цяжкі каравай павінен быць, – кажа Галіна Мікалаеўна. – Вось і надвор’е зараз радуе, бо як даджы былі, то злаваліся нашы вадзіцелі, што мала заробяць. Зараз жа задаволеныя, таму хапаюць кожную хвіліну. Калі добры пагодлівы дзень, то ў сярэднім больш за 100 тон здужае прывезці кожны. Таму я толькі паспяваю камандаваць, куды выгружаць збожжа.
Сёлетняя ўборачная кампанія – другая для маёй суразмоўцы. Дагэтуль яна працавала фуражырам на складзе, а цяпер жа пад яе пільным наглядам звозіцца збожжа з тэрыторыі вытворчага ўчастка № 3, у які ўваходзяць населеныя пункты Турское, Альпень, Старына і яе родныя Велямічы. Тут жа нарадзілася, і тут жа прыгадзілася. Выйшла замуж за Васіля, які працуе ў гэтай жа гаспадарцы жывёлаводам. Таму ААТ «Палеская ніва» стала агульным месцам работы для сям’і.
– Асабіста для мяне жыццё ў час уборкі быццам зайграе новымі фарбамі , – дзеліцца сваім меркаванняем Галіна Мікалаеўна. – Вакол такая прыемная мітусня, усе спяшаюцца, імкнуцца, як мага больш зрабіць за дзень. Але мне падабаецца гэтая пара. Нават, калі позна вяртаюся, усё роўна з ранку з радасцю бягу на работу.
Перанялі гэтую любоў і тры сыны маёй суразмоўцы. Старэйшы Ілья скончыў Ляхавіцкі аграрны каледж па спецыяльнасці «Аграном». Такую ж прафесію выбраў і другі сын Вадзім, які зараз перайшоў на другі курс Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі і зараз, дарэчы, працуе загадчыкам склада.
Пастаянна з маці і сямігадовы Рыгор.
– Ніводнага разу не праспаў, хваляўся, каб я яго не пакінула. Кажа, як вырасце – таксама стане аграномам, – усміхаецца жанчына.
Вось так і выхоўваецца любоў да роднай зямлі, якая заўжды была і будзе нашым самым галоўным скарбам. Бо дзе хлеб – там жыццё.
Ганна
МЕЛЬНІК
Фота аўтара
1


















