– Даводзіцца літаральна кожную хвіліну адваёўваць у надвор’я, – кажа дырэктар гаспадаркі Андрэй Засімовіч. – Гэта троіцкае сена, якое лічыцца самым лепшым па сваіх якасцях. Канешне, шкада, што дажджы не далі яму высахнуць, як трэба. Але нічога страшнага, гэта сена таксама прыйдзецца даспадобы нашым каровам.
Разам з Андрэем Канстанцінавічам паехалі на поле, каб паглядзець, як ідуць справы. За Альшанамі на прэсе-падборшчыку працаваў Міхаіл Лемяза, які ў гаспадарцы ўжо больш за 10 гадоў. Вопытнаму механізатару давяраюць многія работы. Вясной ён пасеяў 500 гектараў кукурузы, зараз прэсуе сена, а пасля надыйдзе чарга саломы.
На другім лузе заканчваў работу Мікалай Шыкунец, які і касіў гэтыя травы.
– Мікалай – адзін з лепшых работнікаў гаспадаркі, – не шкадаваў прыемных слоў дырэктар гаспадаркі. – Адказны, добрасумленны, працавіты. Такі, як і трэба ў сельскай гаспадарцы. Бо якая б не была сучасная тэхніка, чалавечы фактар з’яўляецца вызначальным.
Пакуль ехалі, Андрэй Канстанцінавіч некалькі разоў спыняўся і правяраў збожжавыя культуры.
– А вось тут дажджы нам дапамаглі, – разважаў ён. – Колас наліўся, як трэба. Чакаем, калі васковая спеласць пачнецца. Мяркую, раней другой паловы ліпеня ўборка не пачнецца. Але зноў жа – апошняе слова за надвор’ем.
А пакуль чарга зялёнага гарошку, уборка якога пачнецца на гэтым тыдні.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара


















