Як стала часткай дзяцінства для многіх жыхароў аграгарадка Альшаны ўсмешка Таццяны Каляды, якая больш за тры дзясяткі гадоў сустракае маленькіх навучэнцаў. Сёлета яна таксама выконвае важную ролю першай настаўніцы для 19 дзяцей, якія пачалі сваё школьнае падарожжа ў 1 «В» класе Альшанскай СШ № 1.
Пашчасціла назіраць, як Таццяна Міхайлаўна рассаджвала будучых навучэнцаў за парты. Якая ж гэта ж адказная задача! Бо колькі б гадоў не мінула, многія з нас беспамылкова прыгадаюць, з кім сядзелі за партай.
– Згаджуся з вамі – гэта яшчэ тая галаваломка, якую пачынаю вырашаць напачатку навучальнага года ў ходзе падрыхтоўчых заняткаў, – пабачыўшы маю зацікаўленасць, патлумачыла настаўніца. – Для гэтага трэба пазнаёміцца з кожным дзіцём, прааналізаваць яго звычкі, характар, здольнасці і перавагі. Дакладна скажу, што гэта вельмі тонкая справа, у якой галоўную ролю мае псіхалогія. Нездарма ж яе так доўга вывучаюць на факультэце пачатковай адукацыі. Важна, каб маленькі навучэнец адчуў сябе патрэбным; зразумеў, што ён можа давяраць і яго ніхто не пакрыўдзіць. Паверце майму вопыту, дзеці вельмі чулыя і ўразлівыя, іх нельга падманваць ні ў якім разе. Таму трэба ўзважваць кожнае слова, кантраляваць эмоцыі і знаходзіць падыход. Я столькі гадоў у прафесіі, але кожны раз для мяне гэта заданне з зорачкай, бо кожнае дзіця – асобны сусвет.
– Цікава, за Вашу дзейнасць было такое, што Вы прагназіравалі, як складзецца будучыня ў таго ці іншага навучэнца?
– Вельмі часта, – адказвае Таццяна Міхайлаўна. – Але найбольш гэта відавочна ўжо ў 3-4 класах, калі яны крыху пасталеюць і самі з вялікай ахвотай дзеляцца «планамі» на жыццё. Гэтыя моманты – самыя дарагія для мяне. Значыць, я знайшла ключык да сэрца, стала сябрам і дарадчыкам. У свой час такой была мая першая настаўніца Любоў Іванаўна Патоцкая, дзякуючы якой і выбрала гэтую прафесію. Колькі клопату і пяшчоты было да нас у гэтай неверагоднай жанчыны! Умела словам абняць, супакоіць, нават, калі што не атрымлівалася. Дагэтуль тыя ўспаміны грэюць сэрца. Бо, як гучыць знакамітае выказванне: «У глыбіні душы мы заўсёды дзеці».
Параўноўваючы сваё дзяцінства і сучаснасць, Таццяна Міхайлаўна адзначае, што цяперашняе навучанне значна ўскладнілася, таму дзецям стала цяжэй. У першую чаргу гэта тычыцца сістэмы адукацыі, якая мяняецца амаль штогод.
– Бывае, нават і нам – настаўнікам, асабліва той савецкай загартоўкі, цяжка прызвычаіцца да гэтых зменаў. У мяне дзве сястры таксама настаўніцы пачатковых класаў, адна з якіх, Людміла, з’яўляецца маім памочнікам і працуе на групе падоўжанага дня. І мы ўсе раслі ў атмасферы патрыятызму і гатоўнасці ў любы момант стаць на абарону сваёй Радзімы. Перабудовачны перыяд, у час якога я прыйшла працаваць, значна пахіснуў гэтую сістэму. На першы план выйшлі штодзённыя праблемы і дабрабыт грамадзян. Трэба было шукаць спосабы, каб зарабіць грошы і забяспечыць сям’ю. На мой погляд, менавіта ў гэты час інтарэс да адукацыі ў жыхароў Альшан пачаў знікаць, бо трэба было працаваць. А толькі ў сям’і закладаюцца тыя прыярытэты і каштоўнасці, якімі будзе кіравацца чалавек у будучыні. І колькі б не казаў настаўнік, што трэба вучыцца, калі бацькі не падтрымаюць – толку не будзе. Я з жалем назірала, як здольныя таленавітыя научэнцы гублялі ахвоту да вучобы і пачыналі зай-мацца хатняй гаспадаркай. На шчасце, гэтая тэндэнцыя знікае. І ўсё больш выпускнікоў нашай школы працягваюць атрымліваць адукацыю і набываюць розныя спецыяльнасці. Выдатна і тое, што мы з новай сілай узялі курс на патрыятычнае выхаванне і разу-менне асабістага абавязку перад дзяржавай. Калі бачу, як мае навучэнцы становяцца выдатнымі ўрачамі, настаўнікамі, інжынерамі і прадстаўнікамі іншых прафесій – бярэ гонар. Каб рухацца далей, трэба ўмець прызнаваць памылкі.
Пагутарыўшы з Таццянай Міхайлаўнай, з радасцю адзначаю, што пакуль у адукацыі такія мудрыя педагогі – наша будучыня ў надзейных руках. Дарэчы, дачка маёй суразмоўцы Аксана пайшла па матулінай сцежцы і стала настаўнікам пачатковых класаў. Зараз з сям’ёй жыве ў Мозыры і выхоўвае сыночкаў Кірыла і Арцёма. Яны часта прыязджаюць у Альшаны, што радуе Таццяну Міхайлаўну.
– І хоць я імкнуся быць для іх проста бабуляй, але ўсё роўна правяраю «сяброўства» з літарамі і лічбамі. У мяне дома паўсюль ляжаць кнігі, каб выклікаць цікавасць да чытання. Нічога не зробіш – настаўніцкая звычка, – з усмешкай прызнаецца Таццяна Каляда.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара


















