6 і 7 снежня 2010 года.
– Аксана Мікалаеўна, за 30 гадоў Усебеларускі народны сход прайшоў вялікі шлях. Як змяніўся Столінскі раён за гэтыя гады?
– Станоўчыя змены бачна. 30 гадоў – цэлая эпоха. Я памятаю пачатак 90-х, калі ўсё руйнавалася, эканоміка падала, людзі не ведалі, што будзе заўтра. 2010 год быў таксама складаным. Гэта перыяд сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу. Людзі былі занепакоены інфляцыяй, неўстойлівасцю эканомікі і тым, што галодныя 90-ыя могуць вярнуцца. Аднак Беларусь зрабіла галоўнае – выбар на карысць людзей. Мы захавалі сацыяльныя гарантыі, працоўныя месцы. І сёння нашы дзеці растуць у стабільнай краіне, дзе ёсць упэўненасць у будучыні. У раёне будуюцца школы, мадэрнізуюцца гаспадаркі, з’яўляюцца новыя працоўныя месцы. Нашы выпускнікі вяртаюцца на сваю малую радзіму, таму што бачаць перспектыву.
– Як Вы лічыце, што даў краіне Усебеларускі народны сход?
– Форум стаў працягам курсу на ўстойлівае развіццё, на мадэрнізацыю, на незалежнасць. Галоўнае – ён аб’яднаў народ. Гэта не проста форум, гэта дыялог улады і грамадства. Атмасфера сходу дзелавая і адначасова натхняльная. Калі народ адчувае, што яго голас пачуты, калі ён бачыць вынікі сваёй працы, – гэта мяняе ўсё. Я была пад вялікім уражаннем ад выступлення Прэзідэнта. Простыя і зразумелыя словы, важны і грунтоўны даклад без утойвання праблем. Менавіта такі дыялог выклікае давер народа. У гэты момант адчуваеш асаблівую гордасць за краіну, за ўменне беларусаў аб’яднацца і ў радасці, і ў смутку. Для нас, дэлегатаў УНС, гэта было важна, таму што пасля вяртання з форуму трэба было даступна і пераканаўча данесці яго вынікі, рашэнні да сваіх калег, выбаршчыкаў, моладзі. Тым больш што тады ж, 19 снежня 2010 года, нас чакала яшчэ адна важная палітычная падзея – выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Шмат што залежала тады ад нас, тых, хто ў няпросты для краіны час вырашаў далейшы лёс краіны, прымаючы новую Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2011-2015 гады. І я сама была поўная аптымізму і ўпэўненасці, што ўсё, пра што гаварылася, абавязкова збудзецца. Так яно і ёсць! Мы, нашы дзеці і ўнукі жывём у мірнай, прыгожай і незалежнай краіне. А гэта наша галоўная каштоўнасць, наша багацце!
– Вы кіруеце школай з багатай гісторыяй. Як Вы сумяшчалі працу дырэктара і абавязкі дэлегата?
– Гэта не дзве розныя ролі, а адно цэлае. УНС – гэта ў тым ліку абмеркаванне таго, якой павінна быць школа, якую адукацыю мы даём дзецям. Калі я працавала ў сваёй секцыі на УНС у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з вялікай увагай слухала кожнае выступленне дэлегатаў аб дасягненнях навукі, інавацыйных тэхналогіях, даследаваннях, аб праблемах нашай сістэмы адукацыі, развіцці талентаў і здольнасцей у дзяцей. Таму што менавіта мы, педагогі, выхоўваем тых, хто будзе вызначаць лёс краіны праз дзесяць, дваццаць гадоў. Удзел у УНС не прайшоў для мяне дарма. Я зразумела, што нават адна невялікая сельская школа можа шмат зрабіць для сваёй краіны. А для гэтага трэба, каб установа адукацыі пастаянна знаходзілася ў стане развіцця. Сёння гэта разумеюць і нашы педагогі, навучэнцы і бацькі. За апошнія 10 гадоў мы рэалізавалі тры інавацыйныя праекты Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, накіраваныя на фарміраванне грамадзянскіх і патрыятычных якасцей навучэнцаў. Мы імкнемся выхаваць сапраўдных грамадзян нашай краіны.
– Калі б Вы маглі даць сваім навучэнцам галоўны ўрок, які вынеслі з удзелу ў УНС, што б гэта было?
– Пасля ўдзелу ў УНС для сябе я зразумела: першачарговая задача бацькоў і педагогаў – навучыць дзяцей разуменню, што мы адзіная згуртаваная нацыя з багатай гісторыяй і традыцыямі. І гэта трэба берагчы. З гэтым трэба горда ісці па жыцці. Трэба заяўляць пра сваю краіну, пра малую радзіму сваімі дасягненнямі і поспехамі. А для гэтага трэба адказна і прафесійна падыходзіць да працы, да вучобы, да ўсіх спраў і пачынанняў, не баяцца прапаноўваць ініцыятывы, не быць абыякавымі. Сваім навучэнцам я б сказала так: лёс краіны пачынаецца з вас. УНС – гэта прыклад таго, што кожны голас важны, што мы не проста «вінцікі» ў дзяржаўнай машыне, а яе гаспадары. Калі кажу дзецям: «Вы будучыня Беларусі», кажу гэта не дзеля прыгожых слоў. Гэта праўда. І я ў гэтым пераканалася пасля ўдзелу ў УНС.
Аксана Ляшук сумяшчае ў сабе два накірункі: педагога і грамадскага лідара. Яе дзейнасць – гэта штодзённая праца на карысць краіны, якую яна, як і тысячы іншых беларускіх настаўнікаў, выконвае з высокай адказнасцю.
Можна сказаць, што такія людзі, як Аксана Мікалаеўна, з’яўляюцца апорай дзяржавы. Іх праца – гэта бесперапынны працэс: ад выхавання дзяцей у класе да прыняцця важных рашэнняў на дзяржаўным узроўні, дзе кожны крок накіраваны на ўмацаванне незалежнай і квітнеючай Беларусі.
Вольга ГУСАК
Фота Аляксандра НІКІФАРЭНКІ


















