Час ішоў, змяняліся пакаленні, з’яўляліся новыя тэхналогіі, ды і само жыццё стала больш імклівым і дынамічным. Але не зменшылася роля зямлі, якая дагэтуль працягвае карміць нашу краіну. Таму догляд за ёй – справа вельмі пачэсная і адказная, якую выконваюць сучасныя гаспадары – аграномы. Адным з якіх вось ужо на працягу 21 года з’яўляецца аграном ААТ «Новая Прыпяць» Алёна Карповіч.
Шчыра сказаць, даўно шукала магчымасць пазнаёміць чытачоў з гэтай унікальнай жанчынай, на кволых плячах якой ляжыць вельмі значная задача – кіраваць землеўладаннямі аднаго з буйнейшых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў нашага раёна. Тым больш з’явілася яшчэ адна выдатная нагода для гутаркі – за шматгадовую добрасумленную працу, узорнае выкананне службовых і працоўных абавязкаў, высокі прафесіяналізм, а таксама за значны ўклад у развіццё дзяржавы і актыўную грамадскую дзейнасць Алёна Карповіч на абласных дажынках была ўзнагароджана Падзякай Савета Рэспублікі Беларусь.
– Безумоўна, прыемна атрымаць такую высокую адзнаку сваёй дзейнасці, – кажа Алёна Пятроўна. – Ведаеце, у гэты момант асабліва адчуваеш, што тое, чым ты займаешся – не дарэмна, а прыносіць вялікую карысць. І яшчэ раз упэўніваешся ў правільнасці свайго прафесійнага выбару. Але, шчыра вам скажу, для мяне найбольш хвалюючым быў момант заканчэння сёлетняга жніва, калі апошнія каласы ўбіраліся з поля. Нават не магу перадаць словамі гэтае пачуццё! Я ўжо бачыла, што ўраджайнасць радуе і будзе большай, чым у мінулым годзе. З хвіліны на хвіліну яна расла, і ў мяне аж сэрца трымцела ад радасці. Толькі тады, калі апошні прычэп са збожжам быў узважаны і высыпаны ў сховішча, нарэшце ўздыхнула з палёгкай. У гэтым годзе мы намалацілі 18 796 тон збожжа ў параўнанні з мінулагоднімі 15 696 тонамі. А ўраджайнасць склала 64,2 цэнтнеры з гектара, што на 12,3 больш, чым у 2025 годзе. І наш каравай стаў найцяжэйшым ва ўсім раёне! Гонар апаноўваў у той час, калі ўзнагароджвалі нашых камбайнёраў і вадзіцеляў. Гэтыя людзі – сапраўдныя героі, бо трэба было бачыць, з якім азартам яны працавалі ў час уборкі. Як тыя пчолкі, лёталі па палях машыны са збожжам. Як камбайнёры беражліва правяралі каласы і радаваліся іх спеласці. Я вам больш скажу: нашых механізатараў нават радавала нясцерпная спёка, калі слупок тэрмометра падымаўся амаль да 40 градусаў цяпла. Бо гэта было лепш, чым у мінулым годзе, калі камбайны і машыны з-за надта вільготнай глебы правальваліся і даводзілася выцягваць з нізін з дапамогай бульдозераў. Толькі жартавалі паміж сабой мужчыны, што хутка, бы ракі зварацца. Вось што значыць, адна каманда!
Слухаючы, як Алёна Пятроўна расказвае пра ўборку, разумею: чалавек знайшоў сваё прызначэнне. І як аказалася, гэта атрымалася з першага разу. Пасля заканчэння Арлоўскай сярэдняй школы ў 1999 годзе, дзяўчына паступіла ў цяперашні Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж. Прафесію падказала класны кіраўнік, якая разглядзела ў Алёне будучага агранома. Адзін, хто адмаўляў, быў бацька – механізатар ААТ «Лядзецкі» Пётр Рудзько. Бо не па чутках ведаў, што аграном – гэта ключавы спецыяліст, на якім заўсёды вялікая адказнасць.
– А яшчэ ён пужаў мяне, што ніколі шыкоўную сукенку не апрану, а маім абуткам будуць гумавыя боты ці, у лепшым выпадку, кеды, – з усмешкай расказвае галоўны аграном. – Так, сапраўды, кожны кіраўнік прыходзіць са сваімі бачаннем работы, патрабаваннямі і парадкам. Ды і чаго ўтойваць, характар таксама ж у кожнага розны. Але для мяне было і застаецца галоўным тое, каб дырэктар браў пад увагу мае прапановы і рашэнні, як дасведчанага спецыяліста. Разумееце, агранамія – гэта даволі складаны комплекс навук, які ўключае ў сябе хімію, біялогію, геаграфію, глебазнаўства, метэаралогію і іншыя дысцыпліны, якія я вывучала на працягу шасці гадоў. Таму дакладна больш ведаю і разумею ў гэтай сферы. Тым больш заўсёды спачатку спрабую і на практыцы гляджу, як сябе паводзіць той ці іншы гібрыд культуры і якімі якасцямі валодае ўгнаенне ці дабаўка. Мой подпіс стаіць пад дакументамі на вялікія сумы грошай і, калі што не так, з мяне ж і спытаюць. Таму я гатова даказваць сваю праўду і, дзе трэба, быць жорсткай у нейкім сэнсе. Ніколі не заплюшчу вочы на дрэнна падрыхтаваную глебу перад сяўбой альбо не якасна праведзеную падкормку. Не падтрымаю спробы сэканоміць на ўгнаеннях, без якіх не будзе добрага ўраджаю. Ведаю, што некаторыя лічыць мяне надта катэгарычнай, але, прабачце, работа ёсць работа. Галоўнае, каб падабаўся вынік маёй работы, за які хвалююся, бы за дзіця. Вы не паверыце, як я радавалася, калі зімой выпала многа снегу? Бо значыць, што азімыя будуць пад коўдрай зімаваць.
Прафесійныя якасці і бездакорнае выкананне сваіх абавязкаў Алёны Карповіч сталі вырашальнымі для назначэння яе на пасаду галоўнага агранома ААТ «Новая Прыпяць» пры далучэнні КСУП «Прыгарынскі». Цяпер ва ўладаннях гаспадаркі тэрыторыя ў 10 662 гектары, якая распасціраецца ад Сямігосціч да Беражнога і на якой часта можна заўважыць «Ніву» галоўнага агранома.
– Гэта мая «птушачка», без якой нават не ўяўляю свайго жыцця. Бо яно ж праходзіць у асноўным на рабоце. Вадзіцельскае пасведчанне атрымлівала з-за неабходнасці, бо аграному трэба быць мабільным. Каб не думаць, як на работу дабрацца ці наадварот. Напрыклад, два гады таму ўборка ў нас закончылася аж у дзве гадзіны ночы. Максімальна ў час уборкі да 200 кіламетраў наязджала, зараз ужо менш. Але, прызнаюся, за руль саджуся ўжо без энтузіязму. Трэба – значыць трэба.
Водпуск у Алёны Пятроўны, як і большасці работнікаў сельскай гаспадаркі, звычайна прыпадае на канец восені ці зімой. Вольны час мая суразмоўца праводзіць выключна ў коле сваіх родных і блізкіх. Разам з дачкой Яўгеніяй, якая ходзіць у 9-ы клас, любяць арганізоўваць тур выхаднога дня і адпраўляюцца ў якое-небудзь цікавае месца па нашай краіне. Традыцыйна збіраюцца на святы ў бацькоўскім доме і гатуюць прысмакі. Найбольш любімыя з іх – Раство і Пасха. Дарэчы, у Алёны Пятроўны ёсць свая каронная страва – піца.
– Дачка кажа, што ў мяне самая смачная з усіх, якія яна спрабавала. І я ёй веру. Бо так важна, калі твае родныя падрымліваюць цябе. Тады магчыма дасягнуць самых высокіх вяршынь.
Пакуль гутарылі, Алёна Пятроўна спынілася каля азімага рапсу, дзе я яе сфатаграфавала.
– Выдатна ўзыходзіць! Дзякаваць дажджам. Думаю, будзе добрая ўраджайнасць.
І ніхто не сумняваецца ў словах галоўнага агранома ААТ «Новая Прыпять» Алёны Карповіч – жанчыны, якая, як і зямля, корміць нашу краіну.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара


















