Раённая Дошка гонару: Майстар спраў паштовых

IMG_1936Дысцыплінаваны, адказны чалавек, прафесіяналізм якога не выклікае сумнення. Паштальён па суправаджэнні аддзялення Столін-1 Сяргей Казакоў занесены на раённую Дошку гонару.

Пры гучанні слова “паштальён”, як правіла, узнікаюць падобныя асацыяцыі: гэта чалавек, які разносіць па адрасах свежыя газеты, пасылкі, пісьмы. Але абавязкі героя сённяшняга матэрыялу крыху адрозніваюцца ад апісанай схемы.
Працоўны дзень пачынаецца з сартавання пісьмовай карэспандэнцыі, газет, якія штодня прывозіць аўтамабіль з Пінска на ўчастак сартавання. Дастаўленыя сродкі масавай інфармацыі, разнастайныя гаспадарчыя і прадуктовыя тавары раскладваюцца па маршрутах і загружаюцца ў рабочую машыну. Пасля таго, як усё неабходнае змешчана ў грузавік, ён адпраўляецца па паштовых аддзяленнях раёна. За рулём аўто – вадзіцель, побач – паштальён па суправаджэнні.
Разам яны аб’язджаюць аддзяленні сувязі, завозяць пісьмовую карэспандэнцыю і забіраюць тое, што адправілі па адрасах мясцовыя жыхары. Па раёне арганізавана сем маршрутаў. Кожны дзень ён мяняецца.
У абавязкі Сяргея Казакова ўваходзіць перадаваць прэсу, матэрыяльныя каштоўнасці, тавары начальнікам аддзяленняў. А ў некаторых невялікіх населеных пунктах непасрэдна дастаўляць іх людзям. Гэта, напрыклад, Вялікі Лес, Кострава.
Водгукі калег і кіраўніцтва аб Сяргею Анатольевічу – станоўчыя. У сістэме паштовай сувязі ён працуе ўжо 29 гадоў.
Мужчына нарадзіўся ў Століне. Скончыў сярэднюю школу № 1. Спрабаваў паступіць у тэхнікум у Гродна. Але спроба была няўдалай. Атрымаў прафесію зваршчыка ў прафесійна-тэхнічным вучылішчы. У чэрвені 1987 года быў прызваны ў армію. Служыў Сяргей Казакоў у Ленінградскай вобласці, потым у г. Грозным.
У 1989 годзе прыступіў да рабочых абавязкаў на раённым вузле сувязі. Спачатку быў суправаджальным. Праз некалькі гадоў перавёўся на пасаду аператара галоўнай касы. У студзені 1996 года ў паштовай сістэме адбылася рэарганізацыя – створаны РВПС. Сяргей Анатольевіч працаваў начальнікам галоўнай касы да 2005 года. Год быў будаўніком у Столінскай раённай бальніцы.
А ў 2006 годзе вярнуўся ў паштовую справу. З гэтага часу і займае пасаду паштальёна па суправаджэнні.
– Наша работа – адказная, няўважліваць ці рассеянасць недапушчальны, – кажа Сяргей Анатольевіч. – Патрабуецца сабранасць, максімальная засяроджанасць на выконваемых абавязках.
Да нашай размовы далучылася калега Алена Малей. Яна ахарактарызавала Казакова як сумленнага работніка і добрага сем’яніна: “Упэўнена, на адрас Сяргея ні адзін з нашых работнікаў нічога дрэннага не скажа. Ён спраўляецца з пастаўленымі задачамі. Надзейны калега і шчыры чалавек. Ды і ўвогуле ў нас дружны калектыў”.
З дзяўчынай, якая пазней стала жонкай, Сяргей Казакоў пазнёміўся на рабоце. Жанна Пятроўна пачала працоўную дзейнасць у 1991 годзе. Яна – аператар паштовай сувязі. Некалькі гадоў сустракаліся, а потым згулялі вяселле. Такі вось тандэм: разам і дома, і на рабоце.
У сям’і выхоўваюцца двое дзяцей. Сын Арцём – афіцэр, служыць у Слоніме намеснікам камандзіра роты па ідэалагічнай рабоце. Дачка Лізавета сёлета паступіла ў Слонімскі медыцынскі каледж.
Святлана
МАРОЗ
Фота аўтара