Праз сорак гадоў

DSCN8678Іншы раз так хочацца спыніць час, адматаць жыццёвую плёнку, яшчэ раз пражыць шчаслівыя моманты юнацтва…

У нейкай меры нам гэта ўдалося, наладзіўшы напрыканцы жніўня сустрэчу выпускнікоў 1979 года Стахаўскай сярэдняй школы. На заклік правесці традыцыйную сустрэчу (ужо пятую) адгукнуліся дзевяць прадстаўнікоў “А” класа і шэсць – “Б” класа. За час нашага навучання ў школе наш выпуск упершыню быў з двух класаў. На сустрэчу прыехалі тагачасны дырэктар школы, настаўнік фізікі і астраноміі Віктар Аляксандравіч Капітанаў, нашы класныя кіраўнікі – Аляксандра Раманаўна Вярэніч, настаўніца нямецкай мовы і Любоў Васільеўна Моніч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры; першая настаўніца «А» класа Кацярына Васільеўна Вярэніч.
Найперш мы правялі пераклічку, каб узнавіць у памяці нашых настаўнікаў тых юнакоў і дзяўчат, якія сорак гадоў назад сядзелі за партамі, адказвалі на ўроках, бо некаторыя з нас не бачыліся ўвесь гэты час.
За цёплай гутаркай мы дзяліліся ўспамінамі школьнага жыцця. Ілья Вярэніч не толькі ў школе вылучаўся добрай памяццю, дасціпнасцю і назіральнасцю, а і цяпер на памяць чытаў урыўкі з паэмы “Новая зямля” Якуба Коласа, сыпаў выразамі на нямецкай мове… З іншага боку раскрылася Надзея Дэйлід, якая праявіла выдатныя арганізатарскія здольнасці і сабрала ўсіх нас. На працягу ўсіх 40 гадоў дом Алены Шпакоўскай і Васіля Вярэніча з’яўляецца для нас штаб-кватэрай, дзе вырашаюцца многія арганізацыйныя моманты. Мне выпала творчае заданне па напісанні сцэнарыя. Увогуле ўсе падышлі вельмі адказна і прынялі самы актыўны ўдзел.
Мае аднакласніцы цяпер маюць пенсіённы ўзрост, але большасць працягвае працаваць, маюць ужо ўнукаў, актыўна праяўляюць сябе ў духоўнай дзейнасці, як Валянціна Задарожная, Святлана Вярэніч, Лідзія Вярэніч… Самая багатая з нас – Валянціна Задарожная, у якой сямёра ўнукаў…
Прыемна было чуць з вуснаў настаўнікаў, што яны памятаюць нас – як мы вучыліся, наш почырк, нашы поспехі і часам нашы свавольніцтвы. Для Віктара Аляксандравіча і Любові Васільеўны ў Стахаве пачыналася іх працоўная дзейнасць, гады маладосці, стварэнне сям’і і нараджэнне першынцаў. Для Аляксандры Раманаўны наша родная вёска стала пастаянным месцам жыхарства. Ураджэнкай Стахава з’яўляецца і Кацярына Васільеўна.
А колькі песень нашага юнацтва і нашых бацькоў прагучала ў гэты вечар! І саліравалі тут Ілья Вярэніч і Святлана Вярэніч, якая пранікнёна прачытала верш пра чалавечы лёс.
У кожнага з прысутных гэты вечар пакінуў незабыўныя ўражанні – ад сустрэчы з родным домам, школьнымі сябрамі і настаўнікамі, ад успамінаў пра бесклапотнае дзяцінства і юнацтва, ад цёплай атмасферы сяброўства і школьнага братэрства.
На памяць пра сустрэчу мы ўручылі нашым настаўнікам Падзячныя лісты і кветкі.
На наступны дзень пабывалі на вясковых могілках, дзе наведалі магілы нашых аднакласнікаў – Алены Апанасовіч і Васіля Качаноўскага, настаўніка гісторыі Міхаіла Васільевіча Вярэніча, Вольгі Аляксандраўны Шкуратавай – настаўніцы рускай мовы і літаратуры, першай настаўніцы “Б” класа Вольгі Мікалаеўны Вярэніч.
Час пакажа, калі адбудзецца наша новая сустрэча. Але ўсе мы верым, што яна будзе!
Галіна Вярэніч,
выпускніца 10 “А” класа 1979 года Стахаўскай сярэдняй школы
Фота аўтара