Свята веры

прыхажане

у святочнай службе прынялі ўдзел настаяцелі другіх храмаў нашага раёна

2019 год

У мінулую пятніцу ў царкве Святога апостала і евангеліста Іаана Багаслова вёскі Сямігосцічы сабралася многа прыхаджан. Жыхары прыйшлі цэлымі сем’ямі, каб памаліцца ў храме аб здароўі і дабрабыце сваім і родных. А нагода была вельмі прыемная – 30 гадоў пасля другога адкрыцця царквы. Першае адкрыццё адбылося намнога раней – у 1912 годзе.
Яшчэ больш раннія звесткі аб вёсцы і аб царкве знаходзяцца ў кнізе «Волости и важнейшие селения европейской России. Выпуск V. Губернии Литовской и Белорусской областей», выдадзенай у Санкт-Пецярбургу ў 1886 годзе. У ёй адзначаецца: «Хорская волость Семигостичи, село, бывшее владение при речке Припяти. Дворов – 35. Жителей – 414. Церковь православная». Вядома таксама, што на пачатку ХIХ стагоддзя ў в. Сямігосцічы дзейнічала ўніяцкая царква. Аб тым, што ў весцы ў 1811 годзе дзейнічала такая царква, сведчаць звесткі з фундаментальнай працы беларускага гісторыка Д. В. Лісейчыкава “Святар у беларускім соцыуме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596 – 1839 гг.”. З кнігі даведваемся, што настаяцелем царквы ў 1811 годзе з’яўляўся Рыгор Васінскі, пасля якога служыў Лукаш Дзічкоўскі. У 1816-1817 гг. дыяканам філіяльнай царквы ў в. Сямігосцічы, прыпісанай да царквы ў в. Альгомель Мазырскага павета, служыў Міхаіл Лісіцкі. З гэтай працы бачна таксама, што пазней панамаром царквы з’яўляўся Анікей Грудніцкі.
У пачатку мінулага стагоддзя ад удару маланкі царква цалкам згарэла, а новая будавалася на працягу пяці гадоў. Пасля адкрыцця была прыпісной да Альшан. Свайго настаяцеля не было, сюды хадзілі служыць святары з іншых храмаў, у апошні час айцец Якаў з Альшан. У 1961 годзе царква, як і многія ў раёне, была зачынена ў сувязі з антырэлігійнай палітыкай. Увесь інвентар быў вывезены, толькі некаторыя вернікі мелі смеласць захоўваць іконы ў сябе дома. Памяшканне пачалі выкарыстоўваць як збожжасховішча.
Але людзі не маглі жыць без веры, збіраліся па хатах, каб памаліцца. Разумелі, што трэба штосьці рабіць. Самыя актыўныя жыхары вёскі Лізавета Кананчук, Праскоўя Ляшкевіч, Валянціна Ляшкевіч, Анастасія Хадакоўская, Надзея Кошман, Ганна Ярмакевіч, Васіль Сахарчук пачалі дабівацца адкрыцця царквы. Дасылалі лісты ў Столін, Брэст, але атрымлівалі адмову. Тады вырашылі ехаць прама ў Маскву да Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Пімена. Яны да яго не трапілі, затое трапілі ў Загорск (сучасная назва Сергіеў Пасад) да старца. Ён сказаў, каб не страчвалі надзею, бо храм будзе дзейнічаць.
Літаральна праз некалькі месяцаў пасля вяртання дадому прыходзіць дазвол і царкву пачынаюць аднаўляць. Імкнуліся зрабіць як мага хутчэй, таму адбудоўвалі ўсёй вёскай. І вось у 1989 годзе на свята Сабора Архангела Гаўрыіла царква адчынілася. Першым настаяцелем царквы стаў Валерый Васільевіч Марушчак, які служыць і зараз. Родам з вёскі Высокае, ён прайшоў пасвячэнне і быў накіраваны на службу ў вёску Сямігосцічы. На яго вачах вырасла пакаленне жыхароў. За духоўную дапамогу дзякавалі яму прыха-джане і зычылі вялікага здароўя і доўгіх гадоў жыцця.
Разам з ім святочную службу правялі настаяцелі храмаў агарагарадкоў Альшаны, Рубель, Рамель, Вялікае Малешава, Дубай і вёскі Цераблічы.
У канцы святочнай службы – фотаздымак на памяць. Такі ж, толькі зроблены 30 гадоў таму, захоўваецца ў фотаальбомах многіх жыхароў вёскі. Няхай і гэты здымак знойдзе там месца для нашых нашчадкаў як напамін аб перамозе праваслаўнай веры.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара