Чалавек працай славіцца

IMG_5343

Ахова працы, абеды ў полі, садзейнічанне ў стварэнні неабходных сацыяльна-бытавых умоў для працаўнікоў, якія задзейнічаны на жніве, маральнае і матэрыяльнае стымуляванне хлебаробаў да якаснай працы – усім гэтым у дні ўборачнай кампаніі жылі не толькі кіраўнікі гаспадарак, а і прафсаюзныя арганізацыі ўсіх узроўняў.
– Жніво ў КСУП “Беражное” пачалі з уборкі рапсу 28 чэрвеня, – расказвае старшыня прафсаюзнага камітэта гаспадаркі Вікторыя Кузаўка. – Са 115 гектараў намалацілі 207 тон рапсу. Збожжавыя культуры займалі сёлета 934 гектары, з якіх намалочана 2832 тоны збожжа пры ўраджайнасці 30,3 цэнтнера з гектара. На жніве было задзейнічана шэсць экіпажаў камбайнаў, з іх адзін сямейны – бацька і сын Валерый і Андрэй Пашкевічы.
Новы камбайн КЗС-1218-А даручылі Андрэю Кавалевічу і Канстанціну Васечку, якія зжалі 240 гектараў збажыны і намалацілі 761 тону збожжа.
Ёсць у гаспадарцы і свой “тысячнік”. Мітрафан Пашкевіч перавёз за сезон 1259 тон збожжа.
Дваццаць дзявятага ліпеня ў Беражным наладзілі свята – справілі дажынкі. Усіх, хто працаваў на ўраджай, – механізатараў, камбайнерскія экіпажы, вадзіцеляў на адвозцы, трактарыстаў, работнікаў зернесушыльнага комплексу – павіншаваў і падзякаваў за працу дырэктар КСУП “Беражное” Віталь Яхнавец. Працаўнікам уручаны граматы, падзячныя лісты, грашовыя прэміі. З музычнымі падарункамі выступіў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль народнай музыкі “Выцінанка”.
На працягу ўборачнай кампаніі старшыня прафкама сачыла за харчаваннем працаўнікоў, занятых на жніве, асабіста ездзіла выбіраць прадукты для меню. У гаспадарцы было арганізавана двухразовае льготнае харчаванне – за абед і вячэру працаўнікі заплацяць толькі дзесяць працэнтаў ад іх кошту (а гэта 89 і 45 капеек адпаведна). Не выпадала з поля зроку забеспячэнне работнікаў мылам (цяпер выкарыстоўваюць толькі вадкае), ручнікамі, вадой. Увогуле, усім сацыяльна-бытавым аспектам надавалася пільная ўвага.
Што да самой Вікторыі, то яна мясцовая. Працуе ў гаспадарцы юрысконсультам і з 2014 года ўзначальвае прафсаюзную арганізацыю. Па першай адукацыі – землеўпарадчык, закончыла Пінскі аграрна-эканамічны каледж. Другую спецыяльнасць – юрыста – атрымала ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце. Акрамя таго вядзе работу Беражноўскай дзіцячай юнацка-спартыўнай школы, заснавальнікам якой з’яўляецца прафкам мясцовага КСУП. Філіялы школы дзейнічаюць у Велямічах, Арлах, Хатомелі, Рублі, Фядорах і Століне. Вікторыя Віктараўна замужам. З мужам выхоўваюць дачку і сына. Васямнаццацігадовая Марыя – студэнтка Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, набывае прафесію інжынера-будаўніка. Сын Саша – школьнік, яму 13 гадоў.
–Работа прафсаюзнага камітэта ў нас ладзіцца ва ўзаемадзеянні з кіраўніцтвам гаспадаркі, — дадае Вікторыя Кузаўка. – Працаваць з дырэктарам Віталем Іванавічам вельмі лёгка. Ён граматны кіраўнік, заўсёды ідзе на кантакт. Пры звяртанні выслухае і заўсёды дасць параду, як зрабіць лепш. Таксама аказвае дапамогу ДЮСШ як фінансавую, так і матэрыяльную – пакупкай спартыўнага інвентару.
І не дзіўна, што ў такой няўрымслівай і зацікаўленай жанчыны і работа ладзіцца.
Галіна ГАШЧУК
Фота аўтара