Новыя шляхі да спажыўца

IMG_5243

Старшыня Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Мурашкін 23 ліпеня наведаў ААТ «Гарынскі агракамбінат».
Мэта візіту – знаёмства з прадпрыемствам, дзе нейкі час з-за фінансава-эканамічнага становішча было прыпынена дзеянне некаторых пунктаў калектыўнага дагавора. З ліпеня Гарынскі агракамбінат выйшаў з эканамічнай санацыі.
Пазнаёміў з гісторыяй агракамбіната і правёў экскурсію па вытворчасці кіраўнік прадпрыемства Васіль Кавалец.
Сваю гісторыю прадпрыемства вядзе з 1960 года, калі ў пасёлку Рэчыца Столінскага раёна быў пабудаваны кансервавы завод і ўведзены ў эксплуатацыю першы цэх.
У 1993 годзе пабудаваны новы цэх, у якім была ўсталяваная лінія вытворчасці венгерскай фірмы «Комплекс» па перапрацоўцы зялёнага гарошку, запушчаная ў эксплуатацыю ў 1994 годзе. У гэтым жа цэху ў 1998 годзе была ўсталяваная лінія па кансерваванні агуркоў у трохлітровыя шкляныя слоікі, а ў 2005 годзе ўсталявана лінія па кансерваванні агуркоў у шкляны слоік метадам пастэрызацыі з закаркоўкай вечкам «твіст-оф».
Сёння ААТ «Гарынскі агракамбінат» валодае магчымасцямі выпуску 10 500 туб плодаагароднінных кансерваў у год. Уласная сыравінная база забяспечвае бесперабойную пастаўку гародніны і садавіны. Асартымент агароднінных і фруктовых кансерваў складаецца больш чым з 70 найменняў. Гэта натуральныя і закусачныя кансервы, салаты, першыя і другія абедзенныя стравы, марынады, таматныя, агароднінныя і фруктовыя сокі з мякаццю, фруктовыя сокі адноўленыя, бярозавыя сокі, узвары, павідла.
Напрыканцы мінулага года на ААТ «Гарынскі агракамбінат” рэалізаваны інвестыцыйны праект “Арганізацыя вытворчасці паўфабрыкатаў на аснове сучасных тэхналогій». Дзякуючы ўстаноўцы новай лініі наладжаны выпуск агародніны ў вакуумнай ўпакоўцы. Пасля мадэрнізацыі вытворчыя магутнасці складаюць 20,3 муб кансерваў у год.
Кансерваваны зялёны гарошак вытворчасці ААТ «Гарынскі агракамбінат» стаў пераможцам конкурсу кансерваванай прадукцыі, што праводзіцца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. Прадпрыемству ўручаны дыплом і «Хрустальны яблык» пераможцы. І такіх “яблыкаў” у прадпрыемства сем. А ў мінулым годзе прадукцыя Гарынскага агракамбіната прызнана “Прадуктам года”.
Разам са старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў Міхаілам Карплюком і галоўным тэхнічным інспектарам працы Паўлам Фядотавым прайшлі па вытворчых цэхах. На прадпрыемстве якраз працавалі дзве лініі – па выпуску зялёнага гарошку і кансерваванні агуркоў. На агурочнай лініі працаваў маладзёжны атрад з ліку навучэнцаў і студэнтаў, якія летні перыяд вырашылі правесці з карысцю – зарабіць уласныя грошы.
Пастаянна на прадпрыемстве працуюць 220 чалавек. У летні сезон нарыхтовак колькасць работнікаў дасягае 400 чалавек.
– Парушэння правілаў тэхнікі бяспекі не заўважылі, на бачным месцы плакаты нагадваюць аб мерах асцярожнасці на вытворчасці, – адзначае галоўны тэхнічны інспектар працы Павел Аляксандравіч. – Работнікі забяспечаны спецадзеннем. З размоў з маладымі людзьмі даведаўся, што ім тут падабаецца працаваць і ўсё задавальняе.
Як распрацоўваюцца новыя рэцэпты і сочаць за якасцю выпускаемай прадукцыі – расказала начальнік лабараторыі Ларыса Дубляніна. Госці мелі магчымасць адчуць смак гандлёвай маркі “Гарынь”, прадэгуставаўшы кансервы.
Галоўны прававы інспектар працы Ірына Міхновіч азнаёмілася з работай кадравай службы і калектыўным дагаворам агракамабіната, дала пэўныя кансультацыі і растлумачэнні па яго паляпшэнні.
– Нягледзячы на цяжкасці, відаць, што ААТ “Гарынскі агракамабінат” актыўна развіваецца, шукае новыя шляхі да спажыўца, заключае дагаворы з рознымі краінамі, а самае галоўнае – укараняе незвычайную рэцэптуру і выпускае смачную прадукцыю, – падзяліўся ўражаннямі Аляксандр Мурашкін.
Галіна ГАШЧУК
Фота аўтара