Зручна, калі аптэка пад рукой

Зараз за лекамі людзі ходзяць не радзей, чым за прадуктамі ў магазін.
А ў аптэцы № 88 Брэсцкага РУП “Фармацыя”, што знаходзіцца ў вёсцы Альгомель, дзверы не зачыняюцца.

Screenshot_6
А справа ў тым, што яна абслугоўвае сем населеных пунктаў: Вялікае Малешава, Аздамічы, Кароцічы, Талмачава, Луткі, Цераблічы і Альгомель. Само памяшканне мае не адзін дзясятак гадоў і нават ацяпленне было пячным. Таму ў жніўні мінулага года тут пачалася маштабная рэканструкцыя, якая скончылася ў пачатку гэтага года. Пабачыць, наколькі змяніўся выгляд аптэкі, мы адправіліся з загадчыцай Столінскай цэнтральнай аптэкі Інэсай Бруцкай.

Screenshot_4
– Лепш сказать, што гэта была не рэканструкцыя, а сапраўдная перабудова, – тлумачыць Інэса Сцяпанаўна. – Ад старога памяшкання застаўся толькі фундамент. Аптэка цалкам змяніла ўнутраны выгляд, зрабілі новы склад, санвузлы, набылі новую мэблю, вітрыны і гэтак далей. Усе работы праводзіла брыгада Столінскага ПМК-24, да работы нараканняў няма, бо зроблена ўсё на сумленне. Тавараабарот тут заўсёды быў вялікі, паколькі гэтая аптэка разлічана адразу на некалькі населеных пунктаў. У першую чаргу мы стараемся для жыхароў.
І сапраўды іх у аптэцы ў час нашага візіту сабралася дастаткова. Хто прыйшоў па вітаміны, а камусьці па рэцэпце лекі адпускала фармацэўт.
– Канешне, зручна, калі аптэка знаходзіцца пад рукой. Пакуль тут быў рамонт, мы наездзіліся. У аптэчных пунктах, якія знахо-дзяцца на ФАПах, не заўсёды ёсць тыя лекі, якія патрэбны, – дзеляцца сваім меркаваннем жыхаркі Альгомеля Любоў Палхоўская і Кацярына Мароз. – Вельмі ўтульна атрымалася, светла, калі ўваходзіш. Вялікі асартымент і тавараў для нас, жанчын: ад прадметаў асабістай гігіены да касметычных сродкаў. Але самае галоўнае, напішыце пра нашу Мальвіну Васільеўну, загадчыцу аптэкі.

Screenshot_5

Яе шчырая ўсмешка, слушныя парады, вясёлы настрой, здаецца, і без лекаў вылечваюць.
Сама ж Мальвіна Мішкова нават крыху засаромелася ад такіх слоў, маўляў, яна проста любіць сваю работу і паважае кожнага чалавека. Тым больш, што сама родам з Вялікага Малешава. Атрымаўшы адукацыю ў Магілёўскім медыцынскім вучылішчы, вярнулася на сваю малую радзіму і вось ужо 31 год з’яўляецца загадчыцай. Перапынак рабіла толькі, калі станавілася мамай, ды і не адзін з трох дэкрэтаў да канца не даседжвала. Узнагароджана знакам “Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь”. Як вядома, фармацэўт, тым больш у палескай глыбінцы, неаднойчы выконвае і ролю ўрача.
– Сапраўды, людзі, асабліва старэйшага ўзросту, часта раяцца, пытаюць, што лепш, – згаджаецца Мальвіна Васільеўна. – Таму высвятляеш, для каго набываюцца лекі, колькі гадоў хвораму, якія ёсць супрацьпаказанні і гэтак далей. У нас вялікі асартымент, больш за 1700 найменняў. Таму людзей за дзень многа, у сярэднім 80-100 чалавек. Бывае, нават прысесці няма часу. Даводзіцца і ў нерабочы час аказваць дапамогу. Быў выпадак, калі чалавек атрымаў сур’ёзны апёк, калі тапіў цяпліцу. Трэба было ратаваць, хутка прадаваць Пантэнол. Ці дзіцяці раптам дрэнна стане, тэлефануюць таксама. Але я сваю работу ні на што не прамяняю.
Адданасць сваёй рабоце бачылі і дзеці жанчыны, таму абе-дзве дачкі выбралі медыцынскія прафесіі. Старэйшая Марыя працуе ў Пінску ўрачом поліятыўнай дапамогі, якую аказвае смяротнахворым людзям. Малодшая Кацярына зараз на другім курсе Магілёўскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа і таксама будзе фармацэўтам. Праўда, пакуль невядома, ці вернецца, як калісьці маці, дадому. Напярэдадні нашага прыезду ў сям’і Мальвіны Васільеўны здарылася цудоўная падзея – у сына Рыгора нарадзіўся сынок Макар. З чым мы і віншуем жанчыну, а таксама зычым ёй і надалей атрымліваць асалоду ад сваёй работы.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара