Занятасць трэба пацвердзіць

На мінулым тыдні ў Столінскім райвыканкаме прайшло чарговае пасяджэнне камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва.
У гэты дзень на прыём прыйшлі два чалавекі з просьбай дапамагчы працаўладкавацца. Ім былі прапанаваны наяўныя варыянты, у адпаведнасці, канешне, з іх запытам і жаданнем. У абавязковым парадку людзей просяць паведаміць у камісію пра вынік – ці атрымалі яны работу, ці па нейкіх прычынах – не.
Асобная гутарка пра базу даных праца-здольных грамадзян, якія не заняты ў эканоміцы. Згодна з заканадаўствам з першага студзеня 2019 года такія людзі павінны аплачваць паслугі за гарачае водазабеспячэнне па цэнах (тарыфах), што забяспечваюць поўнае аднаўленне затрат на іх аказанне.
На Століншчыне на 4 лютага ў адпаведным спісе такіх 75 чалавек. Як паведаміла сакратар камісіі Галіна Хвядчук, усе гэтыя людзі праінфармаваны пра іх абавязак адносна аплаты. Было таксама адзначана, што пасля першага студзеня 2019 года людзі сталі даволі актыўна звяртацца ў камісію і падаваць дакументы, што пацвярджаюць сваю занятасць ці цяжкае жыццёвае становішча.
Трэба нагадаць, што база працаздольных грамадзян, якія не заняты ў эканоміцы, фарміруецца на падставе звестак з інфармацыйных рэсурсаў дзяржаўных органаў і арганізацый. Таму калі жыхары Беларусі працуюць за яе межамі, то яны павінны самі падаць у камісію па месцы рэгістрацыі неабходныя дакументы. Камісія па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва праводзіць і выязныя пасяджэнні, прыём грамадзян вядзецца і ў суботу.
Алена КЛІМУШКА