Сплаў юнацтва і маладосці

image (1)Сёлета спаўняецца 35 гадоў, як ансамблю танца “Рэха” за прапаганду харэаграфічнай творчасці і высокае выканаўчае майстэрства прысвоена ганаровае званне “Народны аматарскі калектыў”.  

Ансамбль бярэ пачатак у 1973 годзе, калі пры Столінскім гарадскім доме культуры Мікалай Міхайлавіч Дубінін заснаваў танцавальны калектыў і на працягу доўгіх гадоў з’яўляўся яго мастацкім кіраўніком. З 2001 года «Рэха» ўзначальвае Алена Пятроўна Волкава. І вось ужо на працягу 45 гадоў калектыў працягвае культурную дзейнасць.

Сёння “Рэха” – адзін з вядучых харэаграфічных калектываў Століншчыны, працягвае і развівае лепшыя традыцыі народнага танцавальнага мастацтва. У яго рэпертуары – традыцыйныя беларускія народныя танцы, танцы народаў свету, харэаграфічныя кампазіцыі розных жанравых кірункаў.

“Рэха” – сапраўдная школа эстэтычнага выхавання моладзі. Тут з першых крокаў трапляюць у чароўны свет мастацтва, вучацца не толькі гармоніі руху, слухаць і разумець народную музыку, але і спасцігаць дух танца, яго пластыку, характарныя асаблівасці.

Узрост удзельнікаў асноўнага складу – у межах 16-35 гадоў. Гэта працуючая моладзь і навучэнцы.

На базе ансамбля створаны дзве падрыхтоўчыя групы – будучая змена артыстаў “Рэха”. Адметна, што для многіх “Рэха” стала захапленнем на ўсё жыццё. Сярод такіх – Андрэй Мацюх, Аляксандр Мышапуд, Людміла Анціпенка, Аксана Кірдзей, Алёна Гліняніца… Танцы перараслі ва ўзаемнае каханне для Дзмітрыя Мышапуда і Наталлі Сушчык, Васіля Валанцэвіча і Марыны Мірановіч, сталі сямейным хобі для брата і сястры Ільі Крыўнюка і Святланы Скабельскай. Цяпер ужо дзеці ўдзельнікаў вучацца мастацтву харэаграфіі.

Пасля заканчэння школы многія ўдзельнікі паступаюць у вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, ад`язджаюць у іншыя гарады. Аднак з калектывам не парываюць сувязі і знаходзяць магчымасць прыязджаць на рэпетыцыі і ўдзельнічаюць у канцэртах.

З творчасцю калектыву знаёмы жыхары Мінска і Пінска, Брэста і Гродна, Гомеля і іншых гарадоў Беларусі. Народны ансамбль танца “Рэха” – дыпламант і ўдзельнік шматлікіх конкурсаў і фестываляў як у Беларусі, так і за межамі краіны.

Удзельнікі “Рэха” наведалі з канцэртамі Украіну, Расію, Малдову, Латвію, Польшчу, Германію, Францыю, Алжыр, Балгарыю і іншыя краіны. Гастрольныя паездкі робяць плённы ўплыў на творчыя пошукі аматараў мастацтва, у іх з`яўляюцца новыя ўражанні, новыя задумы.

Ансамбль удзельнічае практычна ва ўсіх буйных канцэртах, масавых мерапрыемствах, якія праводзяцца ў горадзе і раёне. Таму па праву ансамбль танца «Рэха» – адна з візітных картак Століншчыны.

Галіна

ГАШЧУК

Фота з архіва калектыву

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *