На базе Рубельскай сярэдняй школы пачала працаваць трэнажорная зала

IMG_7611На базе Рубельскай сярэдняй школы пачала працаваць трэнажорная зала, якая абсталявана работнікамі і вучнямі школы пры фінансавай падтрымцы землякоў – жыхароў аграгарадка і выхадцаў з яго, якія пражываюць  не толькі за межамі свайго населенага пункта, а і за межамі краіны.

Невыпадкова праект быў рэалізаваны ў Год малой радзімы, які заклікае ўсіх удзяліць увагу сваёй бацькаўшчыне, дапамагчы свайму роднаму куточку і тым людзям, якія там жывуць.

Ідэю стварэння трэнажорнай залы ў школе настаўнік фізічнай культуры Рыгор Іванавіч Ляшкевіч выношваў даўно. І калі ў школе вызвалілася памяшканне харчаблока пасля пераезду дзіцячага садка, то пачаліся работы. Разам з вучнямі аб’ядналі два памяшканні ў адну залу, каб было зручна займацца.

– Нашу ідэю падтрымалі начальнік аддзела па адукацыі Аляксандр Мікалаевіч Вячорка, спецыяліст аддзела па адукацыі Андрэй Аляксандравіч Дамашчук, дырэктар школы Аксана Васільеўна Пашкевіч. Ім вялікі дзякуй за падтрымку, – расказвае Рыгор Іванавіч.

Напачатку Рыгор Іванавіч прынёс свае гіры і штангу, сваімі сіламі зрабілі некалькі турнікоў, паставілі гімнастычныя сценкі.

Пасля звярнуліся па дапамогу да прадпрымальнікаў, якія жывуць ці жылі ў Рублі. Многія з разуменнем ставіліся да просьбы дапамагчы школе. Адныя з пазіцыі – я тут некалі вучыўся, другія – мае дзеці хутка пойдуць займацца ў гэтую трэнажорку.

У выніку ў трэнажорнай зале сталі з’яўляцца адзін за адным трэнажоры. Універсальная сценка, лаўка для жыму штангі і прэсу, комплексны трэнажор, на якім можна выканаць 28 практыкаванняў, стол для армрэслінгу і іншыя. Усяго на набыццё абсталявання было затрачана 3,5 тысячы беларускіх рублёў. Абсталяванне залы дазволіла разгрузіць асноўную спартыўную залу, у якой звычайна займаюцца адначасова па тры класы.

Акрамя гэтага ў новаабсталяваным памяшканні праводзяцца заняткі гуртка і спартыўныя факультатывы. 12 вучняў наведваюць факультатыў і 30 – гурток. У асноўным гэта хлопцы старэйшых класаў, якім цікава не толькі быць у добрай фізічнай форме, а і нарасціць мышачную масу.

Група з 15 хлопцаў 10-11 класаў займаецца ў трэнажорцы тройчы ў тыдзень. Хлопцы прыходзяць як на факультатыўныя заняткі, так і на гурток. З імі займаецца Рыгор Іванавіч, які сам па адукацыі інструктар па спорце, мае першы гіравы разрад, пастаянна трэніруецца сам і вывучае розныя напрамкі фізічнага развіцця, спорту і яго ўздзеяння на арганізм чалавека.

– Важна ўмець самому выконваць прыктыкаванні, сваім прыкладам паказваць, як патрэбна не толькі трэніравацца, а і весці здаровы лад жыцця. Для любой справы трэба нарадзіцца, каб яна падабалася,  тады ты атрымаеш максімальны рэзультат, – гаворыць настаўнік фізічнай культуры.

Глядзіш на дасягненні, узнагароды вучняў, выпускнікоў школы і разумееш, што справа распачата нездарма. Вельмі хочацца, каб трэнажорная зала не пуставала, а прыцягвала ў свае сцены яшчэ і дарослае насельніцтва аграгарадка.

А пакуль у арганізатараў задача – да наяўных трэнажораў набыць яшчэ і маты ці спецыяльнае пакрыццё, каб было зручна займацца.

Таццяна СЕГЕН

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *