На святочную лінейку ў Цераблічы прыехаў генерал-маёр юстыцыі Іван Наскевіч

IMG_3098

На святочную лінейку, прысвечаную Дню ведаў, у Церабліцкі навучальна-педагагічны комплекс “Яслі-сад СШ”, прыехаў старшыня Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, генерал-маёр юстыцыі Іван Данілавіч Наскевіч.

Іван Данілавіч павіншаваў вучняў, педагагічны калектыў, узгадаў свае школьныя гады, праведзеныя ў сценах Церабліцкай школы. 41 год назад ён пераступіў парог старой драўлянай школы. Яго першай настаўніцай была Марыя Іванаўна Супрунчык. Настаўніцы няма ўжо, але яе дынастыя працягваецца. І знакава, што сёлета першакласнікаў павяла на першы ўрок яе дачка Валянціна Іванаўна Пашкевіч.

Сярод педагогаў, якія вучылі будучага старшыню Следчага камітэта, Васіль Іванавіч Дарошка, Фёдар Міхайлавіч Шпакевіч.

— Удзячны свайму настаўніку гісторыі Фёдару Міхайлавічу, які быў маім любімым педагогам,  шмат даў мне ў жыцці, — сказаў Іван Данілавіч.

У падарунак школе ён прывёз 15 камплектаў прафесійнай спартыўнай формы, а таксама набор мячоў.

На святочнай лінейцы прысутнічалі намеснік начальніка Брэсцкага абласнога Следчага камітэта Людміла Мікалаеўна Жаўнерчык, намеснік старшыні Столінскага райвыканкама Сяргей Фёдаравіч Сідарэвіч, начальнік Столінскага раённага аддзела Следчага камітэта Дзмітрый Лявонцьевіч Платніцкі і іншыя ганаровыя госці.

Пасля лінейкі госці прайшлі па школе, завіталі ў сучасна абсталяваныя класы, паглядзелі выстаўку работ мастака, рэзчыка па дрэве Івана Піліпавіча Супрунчыка.

А далей накіраваліся на першы ўрок, прысвечаны Году малой радзімы, да настаўніка гісторыі Фёдара Міхайлавіча Шпакевіча.

Урок прайшоў у цесным перапляценні мінулага і сучаснага, што дапамагло вучням і прысутным акунуцца ў гістарычны працэс як Церабліч, так і ўсёй Беларусі.

На развітанне вучні 9 класа зрабілі Івану Данілавічу падарунак, зроблены сваімі рукамі.

Пасля госці пайшлі ў спартыўную залу, дзе ўдзельнікі школьных каманд ужо гулялі ў  баскетбол. Дарэчы, каманда Церабліцкага НПК даволі моцная, мае шэраг перамог у раённых спаборніцтвах. А сучасная форма, спартыўны інвентар падтрымаюць жаданне дзяцей і далей дасягаць высокіх вынікаў.

Таццяна  СЕГЕН

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *