16 верасня — Дзень работнікаў лесу. Лес і лёс сугучны невыпадкова

 

Труханавец Уладзімір АнтонавічУ гімне лесаводам спяваецца: «І слова “лес”, і слова “лёс” сугучны ўсё ж невыпадкова». Гэтыя радкі найбольш падыходзяць да Уладзіміра Антонавіча Труханаўца – ляснічага Кароціцкага лясніцтва ДЛГУ “Палескі лясгас”. Бо лес у яго жыцці не проста работа – гэта яго другі дом. Усё дзяцінства правёў у ім, таму ведае кожную сцяжынку.

Успамінаў многа. І як ён з братамі Сяргеем і Андрэем спяшаліся зранку па грыбы, якіх найбольш было ў дажджлівую восень. І як першымі чарніцамі частаваліся, якія здаваліся такімі вялікімі, што ледзь у рот улазілі. І як заблукалі з бацькам у лесе і тры кругі нарэзалі,  перш чым выйсці. І як маці потым прымала ад сваіх здабытчыкаў дары лесу, гатуючы з іх найсмачнейшыя   стравы.

Чалавек шчаслівы тады, калі займаецца любімай справай. Таму, скончыўшы Аздаміцкую сярэднюю школу, Уладзімір вырашае паступаць у Беларускі тэхналагічны інстытут імя Кірава на факультэт лясной гаспадаркі. Ды і яго надзейны сябар Іван Вяргун падвучвае: разам будзе вясялей. Праўда, першая спроба аказалася няўдалай, але гэта зусім не прымусіла юнака змяніць свае планы. Цэлы год рыхтаваўся і паспяваў працаваць у калгасе, каб не сядзець без справы.

Стаўшы студэнтам, Уладзімір паглядзеў на знаёмы яму з дзяцінства лес па-сур’ёзнаму. У інстытуце іх вучылі, што да лесу трэба ставіцца, як да жывога арганізма: даглядаць, своечасова лячыць, прыбіраць. Бо калі чалавек дапаможа лесу, то і лес потым шчодра ўзнагародзіць яго сваімі дарамі.

А колькі вясёлых падзей і прыемных успамінаў назбіралася за гады!  Часта перабірае іх у памяці Уладзімір Антонавіч і быццам няма тых гадоў. Як і ўспамінае сваё першае месца работы – Гомельскую лесаўпарадкавальную экспедыцыю, куды яго размеркавалі пасля інстытута, і дзе ён працаваў два гады. Аднойчы іх – некалькі чалавек – адправілі ў камандзіроўку ў Бурацкую АССР. Падняўшыся высока ў горы, яны вырашылі назад вяртацца па рацэ і змайстравалі плот. Па цячэнні яны сплаўляюцца ўніз і бачаць, як літаральна ў некалькіх метрах перад імі раку пераходзіць мядзведзіца з медзведзянятамі. Добра, што ўдалося затрымацца на касе, інакш яны ўрэзаліся б у лясное сямейства.

Усё ж Уладзімір Антонавіч лічыць прафесію ляснічага рамантычнай. Колькі было спета песень, расказана вясёлых гісторый у час вячэры на прыродзе. Здаецца, лес ахінаў сваёй зялёнай коўдрай і надаваў сілы.

Пасля Гомеля малады ляснік вяртаецца на сваю малую радзіму. Спачатку працуе ў Столінскім міжкалгасным лясгасе, потым два гады ў Ласіцкім лясніцтве Пінскага лясгаса. За гэты час ажаніўся са сваёй каханай Верай, ураджэнкай Церабліч. А калі з’явілася магчымасць, маладая сям’я вяртаецца ў Аздамічы. Жонка ўладкавалася выхавальніцай у дзіцячы садок. А Уладзімір Антонавіч у 1990 годзе пачаў працаваць майстрам леса ў Палескім, тады яшчэ ваенным, лясгасе. І ўжо дзесяць гадоў узначальвае Кароціцкае лясніцтва, якое было створана ў 2001 годзе. Таксама ў ім працуюць восем леснікоў, памочнік ляснічага, майстар лесу, пчаляр, вальшчык, бухгалтар і два трактарысты.

Агульная плошча  ляснога фонду складае 8256 гектараў, у тым ліку пакрытых лесам 5362 тысячы  гектараў. Тэрыторыя даволі вялікая, але леснікі спраўляюцца і паспяваюць дагледзець усё. І хаця зараз лес запаланілі людзі з кошыкамі і ён абойдзены па сто разоў, у ім яшчэ ёсць некранутыя мясціны.

Але шчодрасць лесу часта абарачаецца і другім бокам – ляснымі пажарамі. З болем успамінае Уладзімір Антонавіч 2015 год, калі агнём была знішчана вялікая частка лесу. Ледзь не начаваць даводзілася, бо агонь лютаваў і днём, і ноччу. У гэтым годзе па прычыне засушлівага жніўня таксама было выяўлена некалькі ачагоў узгарання, якія, на шчасце, удалося ліквідаваць у хуткім часе.

– Трэба берагчы лес, – нагадвае ляснічы ўсім, хто прыходзіць сюды. – Прычынай узнікнення пажараў застаецца чалавечы фактар. Непатушанае вогнішча, выкінутая цыгарэта і нават шкляная бутэлька могуць стаць прычынай вялікай бяды. 

Уладзімір Антонавіч і сваіх дзяцей навучыў, што людзі ў лесе – госці, а не гаспадары. Пакуль малыя былі, часта бегалі з бацькам, а зараз ужо выраслі, раз’ехаліся, хто куды. Старэйшы Сяргей скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт і працуе інжынерам-электрыкам у сталіцы. Дачка Наталля атрымала педагагічную адукацыю ў Гомелі і засталася там. Мікалай у гэтым годзе скончыў школу і паступіў у Буда-Кашалёўскі аграрна-тэхнічны каледж.

Хоць дзеці не пайшлі па прафесійным шляху бацькі, па ім пайшоў малодшы брат Уладзіміра Антонавіча – Андрэй. Мабыць, і яму быў лес па душы, бо ён таксама скончыў той жа інстытут і зараз працуе памочнікам ляснічага ў Рубельскім лясніцтве Палескага лясгаса. Таму ў Дзень работнікаў лесу ў братоў будзе цудоўная нагода сабрацца разам, каб адзначыць сямейнае свята.

Шчыра віншуем іх і ўсіх работнікаў лясной гаспадаркі, зычым дабрабыту і жадаем атрымліваць ад сваёй работы толькі задавальненне!

Ганна

 МЕЛЬНІК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *