Любоў да кветак – у спадчыну

IMG_2316 Яшчэ адна сядзіба, якую адзначылі на свяце Дня Незалежнасці  ў Століне, знаходзіцца  па вуліцы Карла Маркса.  Дом № 20 вылучаецца  сярод суседзяў дагледжанасцю.
Гаспадыня Надзея Уладзіміраўна Строк сустракае каля веснічак і праводзіць экскурсію па сваім невялікім участку. Асноўная частка сядзібы – трава, кветкі, дэкаратыўныя расліны. Пад агарод адведзена зусім крышку. Ды і тую тэрыторыю яна на наступны год плануе скараціць, каб пасадзіць лілеі.
У Надзеі Уладзіміраўны вырошчванне кветак, што называецца, у крыві. Маці і бацька больш за 30 гадоў ездзілі “на насенне”. А гэта азначае, што ўвесь агарод тануў у кветках. Дзяўчына з дзяцінства даглядала іх, збірала насенне і любіла гэтую справу.
IMG_2329 Калі сям’я набыла дом у Століне, пакрыху сталі добраўпарадкоўваць свой участак. Больш старанна ўзяліся за справу ў 2012 годзе. З таго часу штогод набываюць новыя расліны, закладваюць новыя кветнікі.
– Большасць раслін набываем у адной сям’і ў Давыд-Гарадку. Вось дзе сапраўдная прыгажосць, — расказвае Надзея Уладзіміраўна.
Там набыты туі, канадская елка і іншыя дэкаратыўныя расліны. Хаця ёсць і замежныя госці. Напрыклад, уваход у дом сцерагуць дзве шаравідныя туі. Іх гаспадар прывёз з Расіі.
Участак тоне ў кветках з вясны і да восені. Гартэнзіі рознага колеру, партулак, петуніі, лілеі, хрызантэмы, півоні, ружы. Прыгажосць дораць і кусты – бэз, язмін. IMG_2328 Догляд участка – гэта справа не адной гадзіны. Каб быў парадак, участак і прыдамавую тэрыторыю сын гаспадароў Ігар двойчы на тыдзень косіць. Сама гаспадыня две-тры гадзіны ў дзень праводзіць у сваім кветніку. Ды і не дзіўна, бо ў сезон сям’я расходуе 30-40 кубоў вады. Асноўная частка вады ідзе менавіта на паліў. Акрамя таго рэгулярныя падкормкі раслін, праполка.
У планах – паставіць мангал, размясціць арэлі, а яшчэ набыць пару дэкаратыўных кустоў, якія гаспадыня ўжо прыгледзела і адвяла ім месца на сваім участку.IMG_2309Хацелася б размясціць на прыгожай каванай агароджы кашпо з кветкамі. Але тое, што дом знаходзіцца насупраць ваенкамата, не дазваляе гэта зрабіць. Бо ў час провадаў у армію часта здараюцца не вельмі прыгожыя сітуацыі.
Прыгажосць сядзібы – гэта справа рук усіх жыхароў дома Строк. Кожны з іх зрабіў свой важкі ўклад у гэтую справу.
– Вельмі хочацца прыгажосці, – гаворыць на развітанне жанчына. – Таму і імкнёмся зрабіць усё да толку, каб было прыемна сабе, каб адпачываць душою.
Таццяна СЕГЕН
Фота аўтара

Добавить комментарий