Фальклорны калектыў «Журавушка» Атвержыцкага сельскага Дома фальклору адзначае 35-годдзе

IMG_1515Сёлета фальклорны калектыў «Журавушка» Атвержыцкага сельскага Дома фальклору адзначае 35-годдзе.
У далёкім 1983 годзе Любоў Пятроўна Яхнавец — вялікая аматарка народных спеваў, якая працавала загадчыкам сельскага клуба, з першых дзён сваёй працы згуртавала вакол сябе нераўнадушных да матчынай песні жанчын. З дня заснавання сябруюць з песняй родныя сёстры Надзея Тарасаўна Вабішчэвіч і Ганна Тарасаўна Яхнавец, Любоў Яўхімаўна Немшан і Святлана Яўхімаўна Яхнавец, Любоў Міхайлаўна Сенькавец. Жанчыны не толькі песенную спадчыну шануюць, а і традыцыйную народную культуру – цудоўна вышываюць, пякуць духмяныя пірагі.
Упершыню гурт паказаў сябе шырокаму гледачу ў 1983 годзе ў горадзе Століне на народным свяце “Купалле”. Пасля былі выступленні на шматлікіх абласных і рэспубліканскіх аглядах і конкурсах, святах: “Мелодыі роднага краю” (1986 г.), свята песні “Увайдзі ў кожны дом, песня” (г. Баранавічы, 1984 г.), абласны фестываль сямейнай творчасці “Пад дахам дома майго” (2001 г.) і іншых.
“Журавушка” з’яўляецца ўдзельнікам рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці раёнаў, якія пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы, свята народнага мастацтва “Вясёлкі” (Рэспубліка Украіна), дыпламантам першай ступені першага Міжнароднага фестывалю фальклору (г. Пінск, 1996 г.).
Старадаўнім абрадам апошняга снапа фальклорны калектыў адкрываў святкаванне першага і другога рэспубліканскіх фестываляў-кірмашоў працаўнікоў вёскі “Дажынкі”.
У творчай скарбонцы – і выступленне з вялікай этнаграфічнай праграмай у паўночнай сталіцы Расіі (2001 г.) па запрашэнні рэгіянальнага грамадскага аб’яднання “Санкт-Пецярбургскі клуб беларусаў” і Саюза кампазітараў Санкт-Пецярбурга, у Беларускім дзяржаўным інстытуце праблем культуры ў горадзе Мінску з праграмай “Фальклор беларускай глыбінкі” (2006 г.). У 2009 годзе артысты-аматары ўдзельнічалі ў вечары памяці “Абрадавая вясна Васіля Ліцвінкі” — ураджэнца вёскі Церабяжоў — у Мінску, у канцэртнай зале філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта. У тым жа годзе калектыў прэзентаваў сваю творчасць на VI міжнародным фестывалі традыцыйнага фальклору ў рэспубліцы Польшча.
“Журавушка” неаднаразова была ўдзельніцай перадач на абласным і рэспубліканскім тэлебачанні. Пабывала на Міжнародным фестывалі этнакультурных традыцый “Кліч Палесся” ў г. п. Ляскавічы Петрыкаўскага раёна, удзельнічала ў народным тэатралізаваным свяце “Конікі”, фальклорна-этнаграфічным фестывалі “Брацкая свечка”.
Гуртом падрыхтаваны і праве-дзены мясцовыя народныя абрады “Вяселле”, “Каляды”, “Гуканне вясны”, “Дажынкі”. У яго рэпертуары каля 300 песень абрадавага і каляндарнага цыклу.
Вялікую адметнасць мае вясельны абрад “Сповіванне молодой”, дзе жаніха і нявесту садзяць на падушкі, накідваюць на іх ручнік і пачынаюць іх “гушкаць”, спяваючы “Сповіваночка скачэ, да чого ж вона хочэ”. Затым маладой надзяваюць фартух, жадаюць маладым шчасця і здароўя.
З 2003 года акампаніятарам калектыву з’яўляецца Васіль Уладзіміравіч Дзенісовіч, які пачынаў сваю працоўную дзейнасць з актыўнага ўдзелу ў гуртках аматарскай творчасці. Улюбёны ў мясцовую фальклорную спадчыну, ён творча падыходзіць да падбору праграмы, праяўляе цікавасць да развучвання новых песень і мелодый. Разам з калектывам быў неаднаразовым удзельнікам раённых, абласных, рэспубліканскіх мерапрыемстваў і конкурсаў. А сёлета ў абласным свяце-конкурсе гарманістаў “Грай, гармонік, звіні, прыпеўка!” удастоены дыплома ўпраўлення культуры Брэсцкага абл-выканкама.
Калектыў супрацоўнічае з аўтаклубам і выязджае з канцэртнымі праграмамі ў маланаселеныя вёскі Століншчыны.
Падчас VI Міжнароднага пленэру ў Гарадной фальклорны гурт “Журавушка” выступіў з канцэртнай праграмай на пацвярджэнне звання ”Народны”. Верыцца, што калектыў яшчэ доўга будзе радаваць гледачоў сваёй творчасцю, цудоўнымі песнямі і жартамі.
Галіна ГАШЧУК
Фота
аўтара

Добавить комментарий

  • Натяжные потолки
  • Онлайн-расчет стоимости потолка. Производство и монтаж натяжных потолков
  • surgutgloss.ru