Х Міжнародны фестываль “Тэатр пад адкрытым небам”завершаны

 

IMG_0446 Х Міжнародны фестываль “Тэатр пад адкрытым небам”завершаны. Завершаны яшчэ адзін этап, які стаў новай прыступкай развіцця для акцёраў, рэжысёраў, валанцёраў, арганізатараў. Ён змог чарговы раз паказаць і даказаць, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі не маюць ніякіх абмежаванняў. Што дзякуючы мастацтву яны сацыялізуюцца, інтэгруюцца, становяцца камунікатыўнымі і развіваюцца.

Упершыню маленькая вёска Лука прымала адразу тры народы – беларусаў, латышоў і ўкраінцаў.  Штовечар жыхары далучаліся да новай культурнай падзеі. Паказаць канцэртныя праграмы прыязджалі артысты, калектывы з розных куточкаў Століншчыны.

І вось фінальны дзень, калі хвалююцца акцёры і рэжысёры, калі гледачы ідуць на свята з кветкамі і падарункамі.

Адкрывае мерапрыемства галоўны рэжысёр “Тэатра пад адкрытым небам” Віталь Любата, які падкрэслівае асноўную ідэю пастаноўкі – аб’яднаць тры народы, якія маюць агульныя карані. “Дарога да хаты” – гэта гісторыя пра маленькага чалавека, што шукае сваё месца ў жыцці. І прайшоўшы праз цяжкасці і перашкоды, адкрыўшы свае самыя моцныя бакі, знаходзіць сваё шчасце… дома.

IMG_0249 Гасцей віталі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Любоў Фёдараўна Дземідовіч і старшыня Глінкаўскага сельвыканкама Галіна Трафімаўна Язубец. Яны павіншавалі ўсіх з такім цудоўным святам, якое аб’яднала гасцей і мясцовых жыхароў. Падзякавалі тым, хто змог прыехаць з іншых краін, каб працаваць тут, у невялікай вёсачцы.

Галіна Трафімаўна адзначыла каштоўнасць такіх мерапрыемстваў для мясцовых жыхароў.

А далей быў сам спектакль. Шчыры, сардэчны, па-дамашняму ўтульны. Артысты мелі падтрымку ў выглядзе бурных апладысментаў, шчырых усмешак і слёз радасці за кожнага.

Узгадалі 10 гадоў тэатра і якія прайшлі пастаноўкі. Пра гэта нагадвала і фотавыстаўка, што размясцілася з першых дзён фестывалю на сценах былой школы. У сваёй большасці тыя ж артысты, якія пасталелі, асэнсавалі сваю ролю, выраслі духоўна.

Сам спектакль – гэта казка, якая паказала перамогу дабрыні, чалавечай шчырасці і дзіцячай непасрэднасці над злом і сквапнасцю. Артысты выкладваліся спаўна. Кожны з іх ужыўся ў сваю ролю. Адну з галоўных гераінь спектакля сыграла дзяўчына-калясачніца, якая ўжо трэці раз прыязджае з Мінска са сваімі двума памагатымі-валанцёрамі. Большасць роляў таксама выканалі людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Яны перамагалі сябе ў рухах і словах, упарта выпрацоўвалі кожны эпізод. Менавіта ў такія моманты разумееш вялікую сілу мастацтва, калектыўнага праекта.IMG_0217

Тэатр завяршыў работу. Але яна ні ў якім разе не завяршаецца гэтым адным тыднем. Бо задача фестывалю – перадаць вопыт рэжысёрам, каб яны змаглі працягнуць работу на месцах. Падводзячы вынікі мерапрыемства, галоўны рэжысёр Віталь Любата ўзнагародзіў дыпломамі рэжысёраў. Яны прайшлі навучанне ў рамках фестывалю і цяпер маюць веды, напрацоўкі, якія будуць укараняць у сваёй рабоце.

Адзін з арганізатараў, старшыня Цэнтра падтрымкі маладых інвалідаў Міхаіл Скрабейка ўзнагародзіў усіх удзельнікаў падзячнымі лістамі і маленькімі падарункамі з нагоды юбілею тэатра, падзякаваў спонсарам і валанцёрам.

Ад імя бацькоў удзельнікаў тэатра арганізатарам дзякавала сям’я Ракавец:

– Калі ўсё пачыналася 10 гадоў назад, мы не верылі, што гэта магчыма, што нашы дзеці змогуць пераадольваць сябе, выйдуць на новы ўзровень, зменяцца і стануць зусім іншымі. Дзякуем арганізатарам, рэжысёрам, валанцёрам – усім, хто прымае ўдзел у лёсе нашых дзяцей.

Асаблівыя словы падзякі гучалі і ад мясцовых жыхароў, якія сабралі па харчоваму набору ўсім дэлегацыям і ахвяравалі грошы на правядзенне фестывалю.

Фестываль закончыўся. Але ён абавязкова зноў збярэ пад крылом сваіх удзельнікаў. Пра гэта сведчаць іскры жадання жыць і радавацца ў вачах людзей з абмежаванымі магчымасцямі, іх нежаданне развітвацца, іх творчы і сацыяльны рост. Фестывалю не перашкодзяць ніякія цяжкасці, бо арганізатарамі, спонсарамі кіруе шчырае, бескарыслівае жаданне дапамагаць. І назва сёлетняга спектакля “Дарога дахаты” сімвалічная. Бо з кожным годам фестываль збірае ўсё больш і больш удзельнікаў, якія вяртаюцца ў тэатр, нібы ў свой родны дом.

Таццяна СЕГЕН

Фота аўтара

Добавить комментарий