У вёсцы Гарадная сабраўся арганізацыйны камітэт па правядзенні VI Міжнароднага пленэру ганчароў

DSCN8033У мінулую суботу ў вёсцы Гарадная сабраўся арганізацыйны камітэт па правядзенні VI Міжнароднага пленэру ганчароў, які пройдзе з 23 па 31 ліпеня, і юбілею вёскі ў рамках Гараднянскага кірмашу.

Вёў пасяджэнне намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Сяргей Фёдаравіч Сідарэвіч. Прадстаўнікі раённых службаў і кіраўнікі арганізацый і ўстаноў на месцы абмеркавалі шматлікія пытанні падрыхтоўкі свята. У прыватнасці, разгледжаны пытанні добраўпарадкавання населенага пункта, пражывання, харчавання і стварэння спрыяльных умоў для работы ўдзельнікаў пленэру, а таксама праграма Гараднянскага кірмашу і 570-годдзя вёскі Гарадная.

Падчас кірмашу будзе праведзены конкурс на лепшы ганчарны выраб, наладжаны шмалікія выстаўкі рамеснікаў з розных куточкаў Беларусі і майстроў народнай творчасці, што адлюструе мясцовы каларыт, пройдуць выступленні калектываў аматарскай творчасці і выканаўцаў, адбудзецца бяспройгрышная латарэя і шэраг іншых конкурсаў і забаў.

З нагоды юбілею вёскі будуць ушанаваны лепшыя людзі, перадавікі вытворчасці, актывісты грамадскай работы. Старшыня Гараднянскага сельскага выканаўчага камітэта Мікалай Васільевіч Лічэўскі нагадаў прысутным, што свята вёскі добрая магчымасць заахвоціць лепшых сваіх супрацоўнікаў за добрасумленную працу, сумленнае стаўленне да рабочых абавязкаў ці іншай знамянальнай даты ў жыцці іх калег.

З прапановамі па ўдзеле рамеснікаў у Гараднянскім кірмашы і па заахвочванні заслужаных людзей можна тэлефанаваць: 76-2-27 (Столінскай клубная сістэма) і 36-2-35 (старшыня Гараднянскага сельвыканкама). 

Галіна ГАШЧУК

Фота аўтара

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *