У КСУП “Беражное” практычна падышлі да палавіны ўборкі

 

вадзіцель Генадзь Іванавіч Мамановіч

вадзіцель Генадзь Іванавіч Мамановіч

Дажджы практычна на некалькі дзён спынілі выхад камбайнаў у поле. Але гэта не азначае, што работы на жніве не вядуцца. Абмалочанае збожжа дасушваецца. Ды і падрыхтоўка да будучага ўраджаю працягваецца. У КСУП “Беражное” практычна падышлі да палавіны ўборкі. Калі на палеткі гаспадаркі не завітае дождж, то сёння яны адзначаць экватар уборкі збожжавых. Усяго ў гаспадарцы патрэбна ўбраць збожжавыя і зернебабовыя культуры з плошчы 1156 гектараў. На раніцу ўчарашняга дня ўбрана 479 гектараў – гэта 41,4 працэнта. Намалацілі 1329 тон. Сярэдняя ўраджайнасць скалала 27,7 цэнтнера з гектара.

– За апошнія дзесяць гадоў яшчэ не было такога цяжкага ўраджаю. Сёлета практычна не было вясны. На змену зіме прыйшла спякота. А гэта прывяло да недабору ўраджаю, – расказвае галоўны аграном гаспадаркі Мікалай Уладзіміравіч Мінкевіч. – І вось толькі ўвайшлі ў рытм уборачнай, як зноў дажджы спынілі. Некалькі дзён нашы камбайны не выходзілі ў поле.

Перад нашай сустрэчай старшыня КСУП “Беражное” Віталь Іванавіч Яхнавец разам з Мікалаем Уладзіміравічам выехалі ў поле. Аглядалі яравыя культуры, якія з-за надвор’я знаходзяцца ў фазе малочнай спеласці. А гэта азначае, што  ўборкі ярыны адцягваецца на пазней.

– У нас наладжаны добрыя ўмовы для работы на жніве. Камбайнеры, вадзіцелі забяспечаны двухразовым харчаваннем, –  расказвае Віталь Іванавіч Яхнавец. – Людзі працуюць старанна. Кожны ведае свой участак работы і адказна выконвае задачы. У гаспадарцы пяць камбайнаў, якія могуць убіраць па 250 тон збожжа ў дзень з 80 гектараў.

Праўда, парк камбайнаў ужо патрабуе абнаўлення, мадэрнізацыі. На палі выхо-дзяць КЗС-12, КЗС-7, Ліда-1300 і два КЗС-10.

Не першы год на адвозцы збожжа працуе вадзіцель Генадзь Іванавіч Мамановіч. Сёлета яго асноўны ўчастак – загрузка і вывазка збожжа на зернесушылцы.

Сцяпан Данілавіч Гарбар

Сцяпан Данілавіч Гарбар

Аператары ЗСК-20 Сцяпан Данілавіч Гарбар і Фёдар Леанідавіч Волчык цудоўна спраўляюцца са сваімі абавязкамі. Зернесушылкі працуюць кругласутачна. Высушана 317 тон рапсу, 500 тон пшаніцы. Зернесушыльны комплекс перапрацоўвае за суткі 70 тон.

У полі на камбайнах працуе пяць экіпажаў. Адзін з іх Андрэя Канстанцінавіча Кавалевіча і Канстанціна Канстанцінавіча Юрко, якія сёлета намалацілі 415 тон са 154 гектараў.

На адвозцы збожжа ад камбайнаў завіхаецца вопытны вадзіцель Мітрафан Фёдаравіч Пашкевіч. Сёлета ён перавёз 635 тон збожжа і рапсу.

Пра кожны кілаграм збожжа і кожны зжаты квадратны метр добра ведае Наталля Уладзіміраўна Саладоўнік, якая вядзе статыстыку ў гаспадарцы.

Паступова ідзе выкананне дзяржзаказу на здачу збожжа дзяржаве. Выкананы план па здачы рапсу – 60 тон. З 600 тон збожжа на вытворчасць спірту ў КУВП “Манькавічы” здадзена 200 тон. З 300 тон пшаніцы – 40 тон. Патрэбна яшчэ паставіць у засекі 200 тон піваварнага ячменю і 150 тон жыта.

У гаспадарцы ўпэўнены, што дзяржзаказ выканаюць. Па папярэдніх прагнозах, павінен быць добры ўраджай пшаніцы. А вось трыцікале сёлета падвяло. Нягледзячы на тое, што ўсе тэхналагічныя працэсы выконваліся своечасова і па графіку, ураджайнасць аказалася невысокай.

У гаспадарцы самая высокая ўраджайнасць зялёнага гарошку – 36 цэнтнераў з гектара. І агульны збор склаў больш, чым у іншых гаспадарках, — 252 тоны.

Побач з работай на ўборцы актыўна ідзе падрыхтоўка палёў. Лушчэнне ржышча праведзена на 180 гектарах. Гэта справа Дзяніса Генадзьевіча Хмарука. Сее пажніўныя Мікалай Іванавіч Дзмітрук. Гэтыя работы выкананы ім на плошчы 170 гектараў.

Арганічныя ўгнаенні выво-зяцца на палі, каб прыбраць з фермы і ў той жа час не рабіць усё ў апошні момант. Вывезена на сёння 27 тысяч тон. Унесена ў глебу 19 тон. Яшчэ патрэбна 8 тысяч тон унесці восенню.

Сёлета землі гаспадаркі значна прыраслі. Дзякуючы меліярацыі ўведзена ў абарот 360 гектараў. Яны засеяны ярыной, травамі і кукурузай. На меліяраваных землях расце 140 гектараў кукурузы.

Што да пасеву шматгадовых траў, то гэты план выкананы ў гаспадарцы на 152 працэнты. Зноў жа, дзякуючы меліярацыі яго перавыканалі. Яшчэ ў плане ўвесці ў абарот каля тысячы гектараў палёў.

Завітала ў гаспадарку ўчора раніцай. Камбайны яшчэ стаялі на мехдвары. Але толькі выглянула сонца, як работнікі заспяшаліся выйсці на ўборку. Хоць і ўбіраюць сёлета збожжа з высокім працэнтам вільгаці, але добра адладжаны працэс сушкі дапамагае давесці збожжа да патрэбнай кандыцыі.

Таццяна СЕГЕН

Фота аўтара

Добавить комментарий