У адказе за кожны кілаграм збажыны

IMG_9851Адна з гаспадарак, дзе на ўчарашні дзень актыўна ідзе ўборка трыцікале, – КУВП “Манькавічы”. Галоўны аграном КУВП Віктар Мікалаевіч Грэчка расказвае, што ўраджайнасць гэтай культуры не такая высокая, як у мінулыя гады, але па ўмовах надвор’я, што склаліся сёлета, яна даволі нядрэнная. 

У сярэднім з гектара збіраюць па 29,3 цэнтнера збожжа.

Мы завіталі на адно з палёў гаспадаркі, дзе на ўборцы завіхаліся чатыры камбайны. На гэтым полі трыцікале практычна ўбрана. Засталася толькі самая высокая пясчаная горка, дзе сонца падпаліла збожжавую культуру. Але кожны кавалачак поля старанна ўбіраецца камбайнамі. Ні адзін кілаграм вырашчанага ўраджаю не павінен прапасці.

Адныя з лепшых на ўборцы ў гаспадарцы – Валерый Юр’евіч Харавец і Анатоль Сяргеевіч Пачко. Сталасць і маладосць аб’ядналіся ў гэтым экіпажы. Валерый Юр’евіч працуе на ўборцы ўжо восьмы сезон. А вось для Анатоля Сяргеевіча сёлетняя ўборка першая. Яго як перспектыўнага работніка гаспадаркі накіравалі на навучанне да вопытнага калегі.

Працуе экіпаж на новым камбайне, які яшчэ на гарантыйным абслугоўванні. Анатоль Сяргеевіч за яго баранкай другі год. І прэтэнзій да  работы тэхнікі  ў камбайнера няма. Бываюць дробныя паломкі, але ў цэлым тэхніка не падводзіць.

У скарбонцы камбайнераў пакуль 158 тон збожжа. Малацілі яны ўжо жыта і вось зараз перайшлі на трыцікале. Ды сезон уборкі толькі пачынаецца, таму намалоты з кожным днём павялічваюцца. І будзем спадзявацца, што гэты экіпаж абавязкова трапіць як мінімум на раённую Дошку гонару сярод перадавікоў жніва.

У гаспадарцы ўсё адладжана і працуе не толькі для дасягнення лепшага выніку, а і для людзей, якія ўкладваюць свае сілы ў гэты вынік. Дзякуючы таму, што ў кожнага камбайнера ёсць свой памочнік, тэхніка не стаіць і хвіліны. Калі на абед ідзе адзін, то на яго месца адразу садзіцца другі. І работа кіпіць без перапынку.

Што да абедаў, ды і вячэр, то яны спраўна дастаўляюцца прама на поле, дзе работнікі жніва могуць смачна падсілкавацца і зноў пачаць работу.

Гарачы час жніва, калі камбайнер ідзе з хаты на світанку, а вяртаецца позна вечарам. Але кожны з гэтых людзей працы разумее, што менавіта на яго плячах адказнасць за кожны кілаграм збожжа, за кожны квадратны метр вырашчанага палетка.

Таццяна СЕГЕН

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *