Навука і практыка аб’ядналіся на Століншчыне

IMG_1043

IMG_1026

25-26 ліпеня на Століншчыне прайшоў рэспубліканскі навукова-практычны семінар “Якасць – катэгорыя эканамічная”, у рамках якога ўдзельнікі абмяняліся практычным і навуковым вопытам, пабывалі на прадпрыемствах раёна і падвялі вынікі конкурсу “Хрустальны яблык”.
Адкрыў семінар генеральны дырэктар РУП “Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні”, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прафесар Зянон Валянцінавіч Лоўкіс. У сваім выступленні ён адзначыў:
– Наша традыцыйнае мерапрыемства не толькі для пашырэння ведаў, але і для наладж-вання сувязяў паміж навукай і вытворчасцю.
Зянон Валянцінавіч гаварыў пра харчовыя войны, якія час ад часу ўспыхваюць па той ці іншай прадукцыі. Якасць прадукцыі – гэта імідж краіны. І менавіта харчовыя войны падрываюць гэты імідж. Таму і створаны ў Беларусі цэнтры для праверкі якасці, якія абараняюць не толькі пакупнікоў ад няякаснай прадукцыі, але і імідж краіны.
Прафесар гаварыў пра тое, што краіны ЕАС прыслухоўваюцца да думкі Беларусі пра прымяненне тых ці іншых прадуктаў. Беларусь адстойвае паказчыкі якасці. Яна першай забараніла прымяненне пальмавага алею на тэрыторыі сваёй краіны. Пасля гэтай думкі прыслухаліся Казахстан і Расія.
За любой вытворчасцю стаяць людзі і менавіта яны адказныя за паказчыкі якасці. Таму кожны з работнікаў любой вытворчасці павінен адчуваць камандны дух і кантраляваць свой участак работы.
З вітальным словам да гасцей звярнуўся старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі:
– Сёння вы сабраліся ў самым паўднёвым раёне Брэсцкай вобласці і самым вялікім раёне Беларусі, які мае шэраг сваіх асаблівасцяў. І галоўная яго асаблівасць – гэта працавітыя людзі.
Менавіта яны вырошчваюць столькі агародніны, што ні адзін перапрацоўчы комплекс не можа справіцца з такімі аб’ёмамі. Толькі на рынку Альшан у сезон закупляецца за адзін дзень каля тысячы тон агародніны.
Менавіта да нас прыязджаюць нарыхтоўшчыкі з розных рэгіёнаў Беларусі. А сама прадукцыя разлятаецца ў розныя краіны. Нездарма рэспубліканскі фестываль “Дажынкі” ўпершыню прайшоў на Століншчыне.
Шмат цікавых фактаў пра нашу зямлю і нашых землякоў, пра лепшых людзей і лепшыя прадпрыемствы пачулі госці ад старшыні райвыканкама.
Толькі тое, што ў нас жывуць 653 жанчыны, якія ўзнагароджаны ордэнам Маці, што многія сем’і на Століншчыне складаюцца з дзясятка чалавек, уразіла гасцей.
Намеснік генеральнага дырэктара кіруючай кампаніі холдынгу “Канцэрн Брэстмясамалпрам” Уладзімір Раманавіч Мількевіч спыніўся на стратэгіі канцэрна. Ён адзначыў, што прадпрыемствы вобласці экспартуюць прадукцыю ў 33 краіны свету. Самы вялікі працэнт экспарту – гэта сметанковае масла, сыры. Кансерваваную прадукцыю адпраўляюць у асноўным у Расію, Грузію.
Таксама выступаючы адзначыў, што і на ”Прадэкспа” ў Маскве прадукцыя Гарынскага агракамбіната была названа адной з лепшых. А гэта добры паказчык якасці і смаку.
Цікава было паслухаць начальніка ўпраўлення нарыхтоўкі Белкаапсаюза Аксану Іванаўну Скіндаль, якая спынілася на запатрабаваных пакупніком таварах, якія могуць пастаўляць на наш рынак нашы вытворцы, але пакуль гэты рынак папаўняецца замежнымі прадуктамі. Напрыклад, замарожаныя ягады, агародніна. У нас гэтая ніша практычна не папаўняецца беларускімі вытворцамі. Хаця работа з шокавай замарозкай паступова павялічваецца, але яна пакуль не можа задаволіць патрэбы беларускіх пакупнікоў.
Беларускія аграрнікі, збіральнікі дароў лесу вырошчваюць і нарыхтоўваюць прадукцыі намнога больш, чым могуць перапрацаваць у нашай краіне. Таму не ўвесь аб’ём закупляецца нарыхтоўшчыкамі.
Падымалася пытанне і якасці закупляемай прадукцыі. Але кожны разумее, што, працуючы над якасцю, трэба падымаць цану. Але з высокай цаной прадукцыя становіцца не канкурэнтаздольнай.
Ёсць вялікае поле для дзейнасці нашых сельгасвытворцаў. Напрыклад, у Беларусі не вырошчваецца гарошак, фасоля як спаржавая, так і белая, каляровая патрэбнай якасці, якая ішла б на замарозку. Тут патрэбна дапрацаваць, падцягнуць свае пазіцыі гаспадаркам, уладальнікам падсобных гаспадарак.
Начальнік аддзела кансервавай галіны канцэрна “Белдзяржхарчпрам” Алена Аляксееўна Андрэева зрабіла разбор канкурэнтнага асяродку рынку Беларусі. Што цікава: беларускія вытворцы выпускаюць кансерваваныя гарніры, якія цудоўна ідуць у магазінах іншых краін. А вось беларускія пакупнікі іх пакуль не ацанілі.
Вялікая канкурэнцыя на рынку сокаў. Таму беларускім вытворцам цяжка ў гэтым напрамку. Але дзякуючы выпуску прадукцыі пад вядомымі гандлёвымі маркамі гэта становіцца лягчэйшай справай.
Вырастае ў Беларусі роля прыватных кампаній, якія не кантралююцца і не маюць пэўных планаў, што робіць рынак прадукцыі непрагназуемым. А як толькі падае вытворчасць той ці іншай кансерваванай прадукцыі ў нас, то на змену ёй прыходзіць імпартная.
З году ў год павялічваецца імпарт соусаў і кетчупаў, што засмучае. Бо якасць беларускіх прадуктаў гэтага напрамку больш якасны.
У рамках семінара госці наведалі Гарынскі агракамбінат, дзе пазнаёміліся з вытворчасцю і магутнасцю прадпрыемства. Таксама наведалі фермерскую гаспадарку “Альшаны” Івана Васільевіча Грыба. На базе КУВП “Манькавічы” працавала школа перадавога вопыту. З вытворчасцю свайго прадпрыемства пазнаёміў дырэктар КУВП “Манькавічы”, доктар эканамічных навук Аляксей Васільевіч Мікуліч. Ён падкрэсліў, што высокая якасць прадукцыі – гэта залог стабільнага фінансава-эканамічнага стану прадпрыемства.
Было шмат абмеркаванняў па розных тэмах. Спецыялісты розных кірункаў дзяліліся карыснымі ведамі, вопытам. У канцы семінара правялі дыскусію па асноўных праблемах якасці прадукцыі.
Усе ўдзельнікі былі прыемна ўражаны Століншчынай, працавітасцю людзей, размахам вытворчасці фермерскіх і прыватных гаспадарак.
Таццяна СЕГЕН
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *