Без вадзіцельскага пасведчання зараз нікуды

image-0-02-04-4a3e183c5007c7fbec9cdba87fbda741aa6521141b8e3fadef54190799787cb3-VТак думае абсалютная большасць навучэнцаў Альшанскага філіяла Столінскага ДТСААФ. Ці лепш сказаць, вучаніц, бо ў групе з 30 чалавек толькі два мужчыны. Гэта зусім не дзіўна, сцвярджае старшы кіраўнік Валерый Васільевіч Харашун. Філіял адчыніўся ў Альшанах на базе былога вучэбна-вытворчага камбіната амаль чатыры гады таму, і дзяўчат заўсёды было больш.

Трэба дадаць, што філіял быў адчынены тут не на пустым месцы. Раней, каб атрымаць вадзіцельскае пасведчанне, трэба было вучыцца ў Давыд-Гарадку альбо Століне. А жадаючых тут заўсёды хапала. У адных Альшанах жыве каля васьмі тысяч чалавек, і ў кожнай сям’і ёсць адзін, а то і некалькі аўтамабіляў. Гэта не проста сродак перамяшчэння, гэта – «баявы конь». Трэба і агуркі з капустай на базар завезці, і каб вялікая сям’я ўмясцілася.

Раней, чаго хаваць, многія жыхары нярэдка садзіліся за руль без “правоў”, маўляў, мне тут з поля на поле пераехаць. Прычым, сярод правапарушальнікаў былі і зусім юныя грамадзяне. Каб пераламаць гэтую тэндэнцыю, спатрэбілася многа часу і спецыяльных мер. І адкрыццё філіяла – адна з іх. Хочаш ездзіць і нікога не баяцца – вучыся.image-0-02-04-26f44b590645a90109b44cefec21b5610451fdcfb1f949df92ebcc8702bbe8db-V

На год набіраецца дзве групы навучэнцаў, старэйшых за 16 гадоў: адна – летам, другая – зімой. У асноўным жыхары з Альшан і бліжэйшых населеных пунктаў: Веляміч, Вялікага Малешава, Рамля, Сямігосціч, Высокага, Альгомеля, Церабліч і іншых. У апошні час прыязджаюць на заняткі і з суседняга  Жыткавіцкага раёна. Напрыклад, у гэтай групе вучыцца дзяўчына з Рычова, якая расказала, што ёй філіял параіла сяброўка.

Навучанне доўжыцца тры месяцы. Акрамя катэгорыі “В”, можна атрымаць яшчэ катэгорыі “С” і “Е”. Ёсць і свае акцыі. Для вучняў школы дзейнічае скідка 5 % ад кошту навучання, які складае 620 рублёў. Сумесна з ДАІ было прынята рашэнне адкрыць гурток на бясплатнай аснове для матацыклістаў. Бо пратаколаў аб кіраванні матацыкламі, скутарамі без вадзіцельскага пасведчання тут складаецца безліч. Маюць месца нават дарожна-транспартныя здарэнні, якіх можна было б пазбегнуць пры веданні правілаў дарожнага руху.

Спачатку жадаючыя атрымаць запаветную пластыкавую картачку “грызуць” тэорыю і толькі потым пачынаюцца практычная заняткі. У распараджэнні філіяла тры аўтамабілі, за кожным – свой інструктар. З моманту адкрыцця працуюць Леанід Аляксеевіч Царык, Юрый Аляксеевіч Харашун і Сяргей Адамавіч Кажаноўскі, які зараз у водпуску. Валерый Васільевіч таксама вучыць азам ваджэння. Прызнаюцца, што работа патрабуе вялікага цярпення. Бо калі адзін на ляту схоплівае, то іншаму трэба некалькі разоў тое самае тлумачыць.

Ёсць крыўднае меркаванне, што жанчына і руль – несумяшчальныя паняцці. Ці маюць яны пад сабой падставу?

— Зусім не, — адказвае Юрый Аляксеевіч. – Я нават сказаў бы, што жанчыны больш акуратныя вадзіцелі. Яны больш уважлівыя да знакаў дарожнага руху і лепш прытрымліваюцца патрэбнай скорасці. Па меншай меры, шафёраў-ліхачоў сярод прадстаўніц слабой паловы чалавецтва я не прыгадваю. І яшчэ, анекдоты пра бландзінак – таксама тут не ў тэму.

Ці кожнага можна навучыць кіраваць транспартным сродкам?

Вадзіцельскія здольнасці – рэч вельмі індывідуальная. Гэта як рыса характару. Некаторыя прыходзяць і быццам сто гадоў за рулём былі. Іншыя – наадварот, баяцца дарогі і могуць разгубіцца ў любы момант. Наша задача – даць чалавеку неабходныя веды і навыкі. Некаторыя, правучыўшыся і атрымаўшы вадзіцельскае пасведчанне, хаваюць яго ў стол. Раптам разумеюць, што не іх гэта. А без практыкі нельга стаць вадзіцелем. А іншыя, наадварот, не паспелі атрымаць, як садзяцца за руль аўтамабіля і адчуваюць сябе як рыба ў вадзе. І гэта зусім не залежыць ад таго, мужчына гэта ці жанчына. Але магу сказаць, што ў маладым узросце навучэнне ідзе намнога хутчэй.

Падзялілася сваім меркаваннем і адна з вучаніц Вольга Грыб – маладая маці з Альшан:

— Вельмі добра, што тут ёсць філіял. Вось можна на некалькі гадзін адлучыцца і не трэба далёка ехаць. Для мяне як для маці траіх дзяцей, малодшаму з якіх толькі дзесяць месяцаў, – гэта асабліва важна. Атрымаць вадзіцельскае пасведчанне я не планавала. Хутчэй гэта неабходнасць. Муж цэлымі днямі працуе, ездзіць у рэйсы, а мне з дзецьмі таксама часта трэба ці да ўрача, ці ў магазін паехаць. Жывём ад цэнтра далёка. Вось і вырашыла пайсці вучыцца. І мне вельмі падабаецца. Валерый Васільевіч так падрабязна ўсё тлумачыць, што нават, каб і не хацеў запомніць, запомніш. Пакрысе развітваюся са страхам на дарозе, які быў адразу.

Чаго жадаем усім вучням.

Ганна

МЕЛЬНІК

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *