КСУП “Варані” першымі на Століншчыне паспяхова завяршылі сяўбу ранніх збожжавых культур

 

Сев Ворони 005Учора ў КСУП “Варані” атрымана адна вельмі важная перамога на вясновых палявых работах – гаспадарка першай на Століншчыне паспяхова завяршыла сяўбу ранніх збожжавых культур.

Калі мы завіталі ў Варані, механізатар Аляксандр Іосіфавіч Хлябовіч ва ўрочышчы Пішчык дасяваў ячмень. У вопытнага хлебароба гэта дваццатая пасяўная. Ён да абеду справіўся з сяўбою, прачапіў на трактар плугі і рушыў на іншае поле загортваць арганічныя ўгнаенні.

— Трэба паспець кінуць насенне ў глебу, пакуль вільгаць трымаецца, — тлумачыць Аляксандр Іосіфавіч, — У нас большасць угоддзяў – супясчаныя. Зямля падсыхае прама на вачах.

Аляксандр Іосіфавіч на сеялцы СПУ-6 выдатна спраўляецца з адказнай работай: на дробнаконтурных палях з такім агрэгатам больш магчымасцяў для манеўру, а часу дарма механізатар не губляе.

Галоўны аграном гаспадаркі Ніна Васільеўна Шынкарэвіч задаволена ходам веснавых палявых работ:

— Тое, што мы не спазніліся з сяўбою ранніх збожжавых культур, дае нам магчымасць больш грунтоўна падрыхтавацца і да далейшаай пасяўной. Поўным ходам ідзе падрыхтоўка палеткаў, дзе пасеем кукурузу. Зараз там актыўна вядзецца ўнясенне арганічных і мінеральных угнаенняў.

Тут да месца сказаць, што не толькі старанне спецыялістаў і механізатараў прыносіць свой плён. На надзейны рытм палявых работ станоўча ўплывае і падрыхтоўчая работа кіраўніцтва гаспадаркі. У гэтай невялікай па памерах сельгасарганізацыі мелі самы надзейны ў раёне запас паліва і зімою, і на пачатак веснавых палявых работ. Гэта дазволіла і больш арганікі вывезці на палі (план вывазкі выкананы на 141 працэнт), і не спыняць тэхніку, як іншым даводзіцца, цяпер, у напружаны час. Ды і пытанні падрыхтоўкі тэхнікі тут вырашаюцца аператыўна: інжынерная служба пастаянна на пульсе падзей, паломкі ўхіляюцца аператыўна.

У гаспадарцы ў ліку першых у раёне справіліся і з падкормкай азімых збожжавых культур мінеральнымі ўгнаеннямі.

Сярод тых механізатараў, якія забяспечваюць поспех на веснавых палявых работах, Міхаіл Васільевіч Шульга, які сее травы з дапамогай сеялкі СЗ-3,6, Міхаіл Уладзіміравіч Малчановіч, Генадзь Аляксандравіч Шпак, якія забяспечылі сілкаваннне азімых тукамі. На падрыхтоўцы глебы заўзята шчыруюць Аляксандр Рыгоравіч Хмарук, Аляксандр Васільевіч Хмарук, Юрый Міхайлавіч Буйніч. Пастаянна перавыконваюць зменныя нормы на ўнясенні арганічных угнаенняў Уладзімір Міхайлавіч Прус, Мікалай Рыгоравіч Гашчук, Анатоль Сцяпанавіч Кукулеску. На пагрузцы арганікі не падво-дзяць Аляксандр Паўлавіч Гашчук, Мікалай Васільевіч Шпак.

Дырэктар КСУП “Варані” Генадзь Уладзіміравіч Наздрын не надта ўстрывожыўся, калі зацерушыў непрацяглы дожджык:

— На нашых землях гэта не лішняя вільгаць. Прыспешваем усе работы з тым, каб вільгаць не гублялася, давала рост раслінам.

Фёдар ШУМКО

Фота аўтара

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *