26 красавіка – Дзень чарнобыльскай трагедыі: Кірмаш здароўя ў Гарадной

 

Ярмарка здоровья 012У мінулую пятніцу ў вёсцы Гарадная быў наладжаны кірмаш здароўя. Адкрываючы яго, урач-педыятр кабінета здаровага ладу жыцця Столінскай ЦРБ Раіса Аляксееўна Місюра ўзгадала, што з дня катастрофы на Чарнобыльскай АЭС мінула 32 гады.

Трагедыя моцна закранула і Століншчыну. За гэты час мы многаму навучыліся ў пераадоленні вынікаў гэтай бяды. Але катастрофа не стала толькі здабыткам часу і не мінула назаўжды. Даводзіцца сутыкацца з яе праявамі і цяпер. У першую чаргу адчуваецца ўплыў радыеактыўнага забруджвання на стан здароўя. Гэта патрабуе як дадатковых намаганняў сістэмы медыцынскай дапамогі, так і мерапрыемстваў з удзелам саміх грамадзян па мінімізацыі гэтага шкоднага ўплыву.

Як вядома, Гарадная – не толькі знакаміты цэнтр ганчарства, а і багатая лясамі мясціна, дзе спрадвеку прывыклі карыстацца дарамі прыроды. Але мясцовыя грыбы не заўсёды бясшкодныя, бо сярод іх яшчэ выяўляецца пэўная колькасць з перавышэннем дапушчальных узроўняў радыеактыўнага забруджвання.Ярмарка здоровья 071

На кірмашы здароўя мясцовыя жыхары мелі магчымасць яшчэ раз праверыць стан свайго здароўя. У амбулаторыі працаваў перасовачны ЛІЧ інстытута радыялогіі радыяцыйнай бяспекі “Белрад”, а перад амбулаторыяй была наладжана праверка прадуктаў харчавання, якія прыносілі на пробу мясцовыя жыхары. Таксама ў амбулаторыі спецыялістамі Столінскай ЦРБ даваліся кансультацыі кардыёлага, эндакрынолага, стаматолага. Стварылася чарга людзей на маніторынг стану здароўя, які праводзілі спецыялісты Пінскага СТ “Альсіменя” з дапамогай сістэмы “Rofes”.

У актавай зале Гараднянскага ЦСДК дэманстраваліся відэафільмы па чарнобыльскай тэматыцы.

Па тэме бяспечнага пражывання на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях перад удзельнікамі кірмашу здароўя выступіў памочнік урача-гігіеніста па радыяцыйнай гігіене ДУ “Столінскі РЦГіЭ” Анатоль Пятровіч Сычэвіч. Пра тое, як берагчы ад хваробы сэрца, расказаў урач-кардыёлаг Столінскай ЦРБ Валерый Іванавіч Мазоль.

У фае ЦСДК былі наладжаны выстаўкі інфармацыйных матэрыялаў па здаровым ладзе жыцця. Цікавасць выклікала выстаўка дзіцячых малюнкаў “Чарнобыль і жыццё ў вёсцы”. Былі вызначаны і заахвочаны пераможцы конкурсу малюнкаў.

На пляцоўцы перад ЦСДК была наладжана гульня “Спартландыя” паміж вучнямі Гараднянскай і Глінкаўскай сярэдніх школ.

А завяршыў праграму  кірмашу здароўя канцэрт, падрыхтаваны сіламі вучняў Гараднянскай  сярэдняй школы і калектыву Гараднянскага ЦСДК.

Фёдар ШУМКО

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *