Выбраны новы старшыня  райсавета

 

DSCF8511На пачатку тыдня прайшло першае пасяджэнне сесіі Столінскага раённага Савета дэпутатаў 28-га склікання. У ёй прыняў удзел старшыня райвыканкама Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі.

Як адзначыла старшыня раённай выбарчай камісіі па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў Таццяна Адамаўна Лабадзінская, 18 лютага ў раёне выбраны 280 дэпутатаў, з іх тры – дэпутаты Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, 31 – дэпутаты Столінскага раённага Савета дэпутатаў, 246 – гарадскога і сельскіх Саветаў дэпутатаў.

У галасаванні прынялі ўдзел 88,4 працэнта выбаршчыкаў раёна, па Брэсцкай вобласці – 79,6 і па Рэспубліцы Беларусь – 77,2 працэнта.

З ліку выбраных у райсавет дэпутатаў восем – прадстаўнікі сферы адукацыі, культуры, навукі і аховы здароўя; адзін – гандлю і бытавога абслугоўвання насельніцтва; шэсць – дзяржаўных органаў; два дэпутаты – прадстаўнікі органаў аховы правапарадку і ваеннай службы; шэсць – прамысловасці, транспарту, будаўніцтва; адзін – прадпрымальнік; пяць – сельскай гаспадаркі; адзін – пенсіянер і адзін — прадстаўнік іншых сфер дзейнасці.

Першым з пытанняў, што разглядаліся на сесіі, былі выбары старшыні раённага Савета дэпутатаў. Для прапановы кандыдатуры слова ўзялі дэпутат па Белавушскай выбарчай акрузе № 13 Аляксей Васільевіч Мікуліч, а таксама дэпутат па Столінскай – Будаўнічай выбарчай акрузе № 3 Аляксандр Аляксандравіч Максімчук. Яны прапанавалі на гэтую пасаду дэпутата па Рэчыцкай – Заводскай выбарчай акрузе № 10 Аляксандра Мікалаевіча Ярашэвіча, ахарактарызаваўшы яго як вопытнага чалавека, прафесіянала, які сваю працоўную дзейнасць пачынаў з майстра ў Столінскай ЖКГ, потым рос па службовай лесвіцы ў гэтай арганізацыі, а далей працаваў начальнікам Столінскай ДБПМК-32, быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і на цяперашні час начальнік упраўлення па працы, занятасці і  сацыяльнай абароне насельніцтва. Вылучаецца Аляксандр Мікалаевіч і сваімі чалавечымі якасцямі. Ён заўсёды тактоўны, уважлівы, чалавек слова, умее суперажываць і ніколі не адкажа ў дапамозе іншым.

Па выніках тайнага галасавання аднагалосна на пасаду старшыні райсавета дэпутатаў быў абраны Аляксандр Мікалаевіч Ярашэвіч.

Намеснікам старшыні райсавета быў выбраны дэпутат па Альманскай выбарчай акрузе № 29, дырэктар вытворчага філіяла ААТ “Савушкін прадукт” Генадзь Іванавіч Мароз.

Старшыня райвыканкама Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі, звяртаючыся да дэпутатаў новага склікання,  заўважыў, што ўсе мы жывём і працуем на нашай малой Радзіме, таму неабходна рабіць усё магчымае, прыкладаць усе намаганні, каб Століншчына і надалей развівалася і станавілася больш спрыяльнай для яе жыхароў.

У ходзе пасяджэння былі таксама створаны пяць пастаянных камісій: па пытаннях законнасці і правапарадку, дэпутацкай этыцы; па пытаннях эканомікі, бюджэту і падаткаабкладання; па пытаннях мясцовага кіравання і самакіравання і кіравання камунальнай уласнасцю; па аграрных пытаннях, экалогіі, рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў; па пытаннях сацыяльна-культурнай сферы і сацыяльнай абароне насельніцтва.

Быў абраны прэзідыум райсавета ў складзе А. М. Ярашэвіча, Г. І. Мароза, А. М. Бародзіча, А. М. Вячоркі, С. М. Крыжыка, А. А. Максімчука, Д. С. Пазняка.

Зацвердзілі таксама і рэгламент работы раённага Савета дэпутатаў.

Тэкст і фота

Алены КЛІМУШКА

 

Выбраны новы старшыня  райсавета: 1 комментарий

  • 18.03.2018 в 11:50 дп
    Permalink

    Навеяло анекдот.
    — Всех трудоустроим.
    -А кого не трудоустроят?
    — Кого не трудоустроят, тому придется работать.

    Поблагодарим Александра Николаевича за плодотворную работу в должности депутата Палаты представителей. Ведь именно благодаря его неустанному труду жители столинщины смогут выходить на пенсию позже и уплачивать подоходный и НДС в большем объеме. Спасибо говорит и те, кто вдруг стали «тунеядцами». Вторят им и те, кому вдруг не хватило страхового стажа. Пожелаем ему удачи на новом поприще «заботы» о трудящихся района

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *