Шчасце жыве побач

Сын Юрый з жонкай Аленай, дачка Наталля са сваёй дачкой Настассяй, Пётр, Алена, Надзея з бацькаміЛюты – багаты на вяселлі. Таму менавіта ў гэты месяц часцей адзначаюцца гадавіны гэтай цудоўнай падзеі. У Аркадзя Андрэевіча і Яўгеніі Іванаўны Пашкевічаў з вёскі Альгомель таксама нагода сабрацца вялікай сям’ёй: у пачатку лютага яны адзначылі 60 гадоў з дня вяселля.

Павіншаваць іх са святам прыехалі старшыня Вялікамалешаўскага сельскага Савета Таццяна Мікалаеўна Васюхневіч, а таксама ўдзельніцы народнага фальклорнага аматарскага аб’яднання “Каліна” Талмачаўскага сельскага клуба Валянціна Касьянаўна Гананайка і Любоў Вячаславаўна Курышка. Такога сюрпрызу, відавочна, не чакала расчуленая гаспадыня. Таму з парога запярэчыла, маўляў, не трэба такой увагі. Але тут жа адышла і са слязамі ад радасці разам з мужам прымала віншаванні ад гасцей. А таксама ад сваіх дзяцей, якія прыехалі павіншаваць бацькоў з брыльянтавым вяселлем.

Першая сустрэча юбіляраў зусім не была падобна на казку. Яўгенія родам з Веляміч і часта прыходзіла да сваёй цёткі Паўліны, якая выйшла замуж за Андрэя Пашкевіча і жыла на хутары Знейна каля Рамля. У таго было пяць дзяцей ад жонкі, якая зусім маладой памерла ад сухот. Як і муж Паўліны. Потым у сям’і нарадзіліся яшчэ трое дзяцей. З імі і няньчылася Яўгенія.

Жыў там сын ад першай жонкі – Аркадзь. Працавіты і вельмі сур’ёзны не па гадах. Ён прыкмеціў прыгажуню, што спраўна завіхалася з цётчынымі дзецьмі. Ды так спадабалася Яўгенія, што хлопец не стаў цягнуць з прапановай.

– Пойдзеш за мяне? – сарамліва спытаў дзяўчыну юнак.

– Падумаю, – адказала тая.

Яна таксама даўно назірала за Аркадзем і сэрца трымцела, калі бачыла яго. Сустрэчы іх праходзілі ці ў полі, ці на гаспадарцы, дзе працавалі дружнай сям’ёй. Яўгенія ведала, што такое працаваць. Бацька загінуў на вайне. Яна і не памятае яго, зусім малая была. Толькі два разы ў сне прыходзіў. І хоць не давялося яму бачыць, як дачка становіцца дарослай, заўсёды адчувала яго побач. Маці гадавала яе і яшчэ чацвёра дзяцей. Немцы спалілі хату і яны аказаліся на вуліцы. Далі прытулак родныя. Пасляваеннае жыццё было цяжкім, але ўсе дапамагалі адзін аднаму. Не было сваіх і чужых. Родныя ўсе былі.

…Аркадзь клапаціўся аб дзяўчыне, турбаваўся, калі хварэла, і сумаваў, калі доўга не прыходзіла. Лёгка з ёй было, гадзінамі гутарылі аб  жыцці.  З моладдзю збіраліся на святы, што ладзіліся ў вёсцы. І ўсё чакаў адказу ад каханай.

“Згодна”, – адказала пасля роздумаў Яўгенія. А зімой шчаслівыя маладыя згулялі вяселле. Нарадзіўся першынец – Пётр. Аркадзя забралі служыць у Мурманск. Жонка засталася з немаўляткам дома. І дня таго не было, каб не сумавала яна па сваім каханым. Лісты прыходзілі рэдка. Сотні кіламетраў паміж імі. Аркадзь тым часам апынуўся на Кубе, калі ў 1962 годзе там быў Карыбскі крызіс. І кожную ноч маліўся аб сваіх родных – жонцы і сыночку. Нарэшце пасля трох гадоў Яўгенія абняла свайго мужа.

Здаецца, цэлую вечнасць не бачыліся. Хутар ліквідавалі, таму маладыя пераехалі ў Альгомель, дзе пачалі будаваць новы дом. Потым нарадзіўся Юрый. Яшчэ праз два гады – Алена. Марыя, Надзея, Наталля былі не толькі сёстрамі, але і сапраўднай сяброўскай суполкай. Маці – строгая, таму дысцыпліна была жалезная. Бацька больш лагодны быў, з ім можна было дамовіцца. А колькі прыемных успамінаў ён ім падарыў!

Сонца толькі кранулася зямлі сваімі промнямі, а яны ўжо з бацькам на рыбалку едуць. З маленства навучыліся з вудачкамі спраўляцца. Зловяць рыбы і смажаць яе тут жа на кастры. Якая ж яна смачная была!

А ўвосень з кошыкамі ў лес ідуць па грыбы. Пачыналі на досвітку сваё паляванне на падасінавікі, апенькі, баравікі. Нават спаборніцтва паміж сабой вялі:  чый кошых хутчэй напоўніцца дарамі лесу. Бацька навучыў, як правільна арыентавацца па сонцы і заўважаць падказкі лесу, калі, бывае, заблукаюць. І вось напрыканцы дня, калі небасхіл размаляваны чырвонымі фарбамі, стомленыя, але задаволеныя, едуць на кані дадому са сваім грыбным ураджаем. А маці ўжо падрыхтавала вялікія міскі і чакае сваіх грыбнікоў.

Аркадзь Андрэевіч і Яўгенія Іванаўна ўсё жыццё працавалі ў калгасе на розных работах. Нічога не цураліся, разумелі, што толькі сваім мазалём капейку можна зарабіць. Дзеці таксама гэта засвоілі, бо заўсёды побач з бацькамі былі.

Калі маці ездзіла гандляваць насеннем, дзяўчаты былі гаспадынямі. Бацька з ранку да вечара быў на рабоце. А дома яго чакала бульба ў мундзірах і сала. Гэтая страва і зараз з’яўляецца адной з самых любімых.

– Дзяцінства пахне духмянымі пірагамі, — дзеліцца Алена, што прыехала на свята з Жодзіна. – А яшчэ льном. Маці – сапраўдная майстрыха. І дзень і ноч прала, а мы ёй дапамагалі. Прыйдзем з сёстрамі са школы і давай сучыць ніткі. Яна на ўсіх наткала палатна, ды і зараз поўная шафа ў яе гэтага багацця. Яе ручнікі – гэта частка яе сэрца, таму няма больш даражэйшага падарунка для нас.

  Жанчыны падхапіліся і пачалі даставаць матуліны работы. Ручнікі, якім па 60 гадоў, ашчадна раскладваюць на ложку. Сапраўды, прыгажосць неймаверная. А Яўгенія Іванаўна яшчэ нясе недаробленую вышыўку.

– Вось зараз час з’явіўся – трэба дарабіць, – кажа яна.

– Як паспявалі ўсё? – здзіўляюся.

– Можна ўсё паспець – галоўнае жаданне. Я і сваіх дзяцей прывучыла: хочаш – рабі і не трэба марных слоў. Ды і яны самі бачылі, як жылі. Мы з мужам заўжды побач. Я яго падтрымаю, калі што, а ён мяне. І ў гэтым наш сакрэт. Не трэба насіць крыўды за пазухай. Штосьці не так –  адразу кажы. Няхай і пазлуешся крыху, але праз час разумееш, што дарэмна. Трэба не толькі слухаць адзін аднаго, але і чуць. Не буду хлусіць, і ў нашай сям’і былі спрэчкі. Але тое, што за 60 гадоў мы змаглі захаваць каханне, — лічу нашай агульнай справай.

  Аркадзь Андрэеевіч ківае галавою. Ён ведае, што б ні здарылася, толькі ў сям’і атрымае неабходную падтрымку. Жонка, як і шэсць дзясяткаў гадоў таму, для яго застаецца юнай Жэняй, што з першага позірку пакарыла яго. І ўдзячны ёй, што тады згадзілася стаць яго жонкай.  

 Даўно паехалі дзеці з бацькоўскага дома. Усе атрымалі адукацыю, знайшлі сваё месца ў жыцці. Юрый – дырэктар будаўнічай фірмы ў Санкт-Пецярбургу, але з жонкай Аленай па тры-чатыры разы на год прыязджаюць пабачыць бацькоў. Маюць дваіх дзяцей і ўжо двух унукаў. Алена скончыла Ленінградскі будаўнічы ўніверсітэт і зараз жыве ў Жодзіна. Мае сына і ўнучку. Дарэчы, з’яўляецца ганаровым рыбаловам у мясцовай арганізацыі рыбаловаў і паляўнічых. Марыя далей за ўсіх знаходзіцца – у Фларэнцыі ў італіі.  Пазнаёмілася з мужам у Маскве, а потым пераехалі ў замежжа. Абодва яе сыны жывуць у ЗША. Падрастае дачка з прыгожым іменем Арселора-Лізавета. У мінулым годзе на аўтамабілі прыязджалі ў вёску, столькі падарункаў прывезлі бацькам. Надзея займае пасаду галоўнага агранома ў  Добрушскім раёне, двое дзяцей на выданні. Старэйшы Пётр жыве побач з бацькамі. Самая малодшая з усіх (і па сакрэту скажу, аўтар гэтага сюрпрыза) Наталля жыве ў Альгомелі, недалёка ад бацькоў, таму мае магчымасць часцей завітваць у бацькоўскую хату. Яе сын Ігар зараз у арміі, а вось у Настассі з’явіцца яшчэ адзін важны абавязак – навучыць бабулю з дзядулем  карыстацца новым плазменным тэлевізарам, які падарылі юбілярам.

Праўда, тыя доўга адмаўляліся, маўляў, стары ім больш даспадобы.

– Самы лепшы падарунак – гэта яны, — паказваюць Яўгенія Іванаўна і Аркадзь Андрэевіч на дзяцей, якія розныя прысмакі ставяць на святочны стол. – Здаецца, зусім малыя былі нядаўна, а ўжо сваіх унукаў маюць. Жыццё надта імклівае. Беражыце кожную хвіліну і ведайце: шчасце знаходзіцца побач. 

Тым часам дзеці заспявалі песню, якую калісьці ім спявала маці. І зноў, як і дзясяткі гадоў таму, у хаце гучыць іх звонкі голас.

Ганна МЕЛЬНІК

Фота аўтара

 

 

Добавить комментарий