«Comedy Woman» па-рэчыцку

 

DSCN8797Заўсёды падабаліся выступленні Рэчыцкага гарадскога дома культуры.

Работнікі гэтай установы кожны раз здзіўляюць гледачоў жанравай разнастайнасцю, творчым падыходам, неардынарнасцю і высокім прафесіяналізмам. Таму паведамленне ў “Навінах Палесся” пра  канцэртную праграму «Comedy Woman па-рэчыцку”  ўспрыняла як магчымасць убачыць нешта цікавае і з карысцю правесці выхадны дзень. І гэтае прадчуванне не падманула ні мяне, ні маіх сябровак, якія ніколькі не пашкадавалі, што склалі мне кампанію.

Творчы калектыў работнікаў і ўдзельнікаў аматарскай творчасці Рэчыцкага ГДК запрашаў прыгожую палову і ўвогуле жыхароў рабочага пасёлка на “Дзявочнік” — гумарыстычную праграму,  прысвечаную Дню жанчын. У фае былі наладжаны выстаўкі дзіцячых малюнкаў на тэму сакавіцкага свята і літаратурных выданняў “Вясна і жанчына – падобныя”. Святочнасці надавала маляўнічае пано ў глыбіні сцэны з прыгожай выявай дзяўчыны-вясны. Гледачоў сабралася поўная зала. 

Жартоўныя куплеты, мініяцюры, сцэнкі, выкананыя жанчынамі, выклікалі дружны смех і шквал апладысментаў.  Убачанае на сцэне акунала то ў атмасферу далёкага мінулага, час юнацтва і маладосці большасці гледачоў, то вяртала ў рэаліі сучаснага свету.

У гэты вечар сваім талентам радавалі  не толькі Зоя Пашкевіч, Валянціна Палхоўская, Алена Ражко, Алена Стружко, для якіх сцэна – гэта іх рабочае месца, але і пастаянныя ўдзельнікі канцэртаў — медыцынскі работнік Наталля Краўцова і тэхнічны работнік  Вольга Якуш. Са Століна прыехала мама-выхавальнік дзіцячага дома сямейнага тыпу Святлана Кананчук, у якой даўняе супрацоўніцтва з работнікамі Дома культуры. Ахвотна адгукнуліся прадэманстраваць акцёрскія здольнасці работнікі мясцовага дзіцячага садка № 2 – кіраўнікі фізічнай культуры Вікторыя Юр’ева і Вольга Савашэвіч. Не адмовіліся сыграць мужчынскія ролі настаўнік сярэдняй школы № 3 р. п. Рэчыца Іван Шпудзейка і мясцовы жыхар, культработнік па адукацыі Аляксандр Марыніч.

Прыгожыя віншаванні жанчынам прагучалі ў выкананні любімцаў публікі — культарганізатара ГДК Ігара Яцуты, акампаніятара Фёдара Зарубы, Аляксандра Марыніча, Барыса Прылуцкага, які вядомы ў Рэчыцы як кіраўнік былога знакамітага вакальна-інструментальнага ансамбля “Гарынь”. Кожны свой выхад на сцэну Барыс Адамавіч суправаджаў  расказам анекдатычнай гісторыі, чым падтрымліваў добры настрой. Нават  першыя акорды песень выклікалі цёплыя апладысменты. Гледачы падпявалі выканаўцам, а воклічы “Малайцы!”, “Брава!” не адзін раз гучалі на адрас удзельнікаў канцэрта.

Галіна ГАШЧУК

Фота аўтара

«Comedy Woman» па-рэчыцку: 1 комментарий

  • 07.03.2018 в 2:22 пп
    Permalink

    А есть ли у коллектива Ютуб-канал?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *