У адміністрацыйным памяшканні Давыд-Гарадоцкай паліклінікі адчынілася аптэка

Людміла Пашкевіч з Давыд-Гарадка - першы кліент аптэкіУ мінулую пятніцу ў Давыд-Гарадку адчынілася аптэка № 42 Брэсцкага РУП “Фармацыя” ў адміністрацыйным памяшканні Давыд-Гарадоцкай паліклінікі.

Паколькі яна знаходзіцца літаральна за некалькі крокаў ад паліклінікі, за лекамі сюды можна зайсці адразу пасля назначэння ўрача. Гэта асабліва зручна людзям сталага ўзросту і пацыентам з бліжэйшых населеных пунктаў.

Як адзначыла генеральны дырэктар Брэсцкага РУП “Фармацыя” Алена Аляксандраўна Ламека, пры адкрыцці аптэкі кіраваліся менавіта меркаваннямі людзей. Яна хоць невялікая, але ў ёй ёсць увесь асартымент лекаў, у якіх будзе мець патрэбу пацыент. Усе яны паступаюць дзякуючы прамому кантакту з вытворцамі альбо непасрэдна праз іх афіцыйных прадстаўнікоў.

На ўрачыстае адкрыццё прыехалі старшыня Столінскага раённага выканаўчага камітэта Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі, намеснік старшыні Сяргей Фёдаравіч Сідарэвіч і старшыня Давыд-Гарадоцкага гарадскога выканаўчага камітэта Вячаслаў Васільевіч Стаднік. У тым, што будаўніцтва аптэкі ішло хуткімі тэмпамі, заслуга і адміністрацыі паліклінікі, якая садзейнічала гэтай падзеі.

Не маглі мінуць мерапрыемства і былыя работніцы аптэкі  № 87 Брэсцкага РУП “Фармацыя”, якая дагэтуль была адзінай у Давыд-Гарадку. Аляксандра Рыгораўна Крым працавала  з 1967 года рэцэптарам – прымала заказы на лекі па рэцэптах урачоў. Надзея Васільеўна Сухапарава з 1969 была аналітыкам. У яе абавязкі ўваходзіла правядзенне хімічнага і фізіка-хімічнага кантролю якасці лекаў, што вырабляліся ў аптэцы,  а таксама медыкаментаў, якія выкарыстоўваліся для прыгатавання лекаў. Вольга Іосіфаўна Майсюк была загадчыцай аптэкі і асістэнтам з 1968 года. Яна займалася вырабам лекаў самастойна і несла поўную адказнасць за сваю працу.

старое і новае пакаленне фармацэўтаўСправа ў тым, што раней аптэка ў Давыд-Гарадку была вытворчай, гэта значыць, лекі гатаваліся тут. З усіх аддзяленняў бальніцы прыходзілі з рэцэптамі медыцынскія сёстры і атрымлівалі лекі. Калектыў аптэкі складаўся з 22 чалавек і работы ў іх хапала. Гэта зараз амаль усе лекі паступаюць у аптэку ў гатовым выглядзе. Раней жа самі рыхтавалі ін’екцыйныя растворы для хворых. Існавала такое паняцце як сігнатура — абазначэнне ў рэцэпце, як хворы павінен прымаць дадзены лекавы сродак. Назва іх пісалася на латыні, а сігнатура па-руску.

Зараз вытворчая аптэка знаходзіцца толькі ў Століне, загадчыца якой – Інэса Сцяпанаўна Бруцкая – таксама прыехала падтрымаць калегу. Дарэчы, новую аптэку ўзначальвае Людміла Аляксандраўна Кісель, якая мае больш за 20 гадоў стажу ў фармацэўтыцы. Завітала і маладое пакаленне – правізары аптэкі № 87 Вольга Валер’еўна Свірыдчук і Алена Мікалаеўна Вабішчэвіч.

А вось першым кліентам стала Людміла Рыгораўна Пашкевіч з Давыд-Гарадка, якая была на прыёме ў паліклініцы і зайшла па патрэбныя лекі. Яна адзначыла, што будаўніцтва аптэкі менавіта побач з паліклінікай было чаканай падзеяй. Таму няма сумнення: кліенты будуць заўсёды.

Ганна МЕЛЬНІК

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *