«Не шкадаваць пра выбраны прафесійны шлях»

IMG_1691Старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі сустрэўся з навучэнцамі Столінскага аграрна-эканамічнага каледжа. Гутарка атрымалася насычанай і пазнавальнай.

Маладзёжная аўдыторыя не стрымлівае свае эмоцыі, як гэта і ўласціва такому ўзросту: калі ім цікава, яны слухаюць, спрачаюцца, цікавяцца, калі не – пачынаюць шумець ці займацца ў сваіх гаджэтах.  Фармат сустрэчы ніяк не падпадаў пад катэгорыю сухіх лічбаў і дакладаў. Кіраўнік раёна адказаў не толькі на пытанні, што тычыліся развіцця Століншчыны, але і на даволі асабістыя.

Навучэнцы спыталі ў старшыні райвыканкама, ці састаіць ён у якой-небудзь партыі.

– Згодна з законам аб дзяржаўнай службе, не маю права быць членам якойсьці партыі,  – патлумачыў Рыгор Васільевіч. – З гэтай прычыны не маю права быць дэпутатам абласнога ці раённага ўзроўню. Магу толькі ўваходзіць у грамадскую арганізацыю, таму і з’яўляюся членам раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.

Моладзь цікавілася, як прадстаўнікі ўлады даведваюцца пра ацэнку сваёй работы з боку жыхароў раёна, як вырашаюць набалелыя праблемы.IMG_1685 

– Ёсць такая форма зносін, як прыём грамадзян. На яго звычайна прыходзяць ад 15 да 30 чалавек. І ў жывой гутарцы даведваешся, што хвалюе чалавека, якая ў яго праблема. Атрымліваецца дакладная зваротная сувязь. Гэта вельмі важна для кіраўніка рэгіёна.

Адно з важных пытанняў – гэта адкрыццё новых прадпрыемстваў і стварэнне працоўных месцаў.

– Гэта вельмі актуальная праблема. На цяперашні час такія магутныя прадпрыемствы, як камбінат будаўнічых матэрыялаў у р. п. Рэчыца і Давыд-Гарадоцкі электрамеханічны завод не могуць пахваліцца шматколькасным калектывам і станоўчымі вынікамі работы. Але пэўныя захады для аднаўлення дзейнасці робяцца.

На Століншчыне паспяхова развіваюцца фермерскія гаспадаркі. А гэта таксама стварэнне рабочых месцаў. Напрыклад, ФГ “Альшаны” за кошт будаўніцтва новай сучаснай цяпліцы дадаткова дасць работу 35 чалавекам. Такое прыватнае прадпрыемства, як “Полесские пряности” таксама пашырае свае магчымасці і адкрывае рабочыя месцы. Шмат робіцца і ў галоўнай сферы жыццядзейнасці рэгіёна – аграпрамысловым комплексе. Тут праводзяцца рэканструкцыі і будуюцца сучасныя памяшканні фермаў, ствараюцца нармальныя ўмовы для работнікаў і іншае.

Будаўніцтва льготнага жылля для моладзі.

– Масава будаўніцтва жылля вялося ў нас у 2004-2008 гады. На цяперашні час ідзе працэс забеспячэння жыллём толькі мнагадзетных сем’яў. Канешне, ёсць арэнднае жыллё для маладых спецыялістаў, але яго недастаткова.

Дарэчы, першы ў рэспубліцы маладзёжны жыллёва-будаўнічы кааператыў № 1 быў створаны менавіта ў нашым раёне і яго члены паспяхова засяліліся ў свае кватэры.

Пра перспектывы выступлення беларускай каманды на Зімовых Алімпійскіх гульнях.

– Галоўнае – ганарова выступіць. Найбольш вынікова, на мой погляд, можам пазмагацца ў фрыстайле і біятлоне. Карацей кажучы, будзем балець за Беларусь!

Мары юнацтва, іх ажыццяўленне, задавальненне ад работы і вольны час.

– Пасля заканчэння Відзіборскай сярэдняй школы марыў паступіць у Рэчыцкае вучылішча нафтавікоў і паехаць працаваць у Сібір. Не збылося.

Раней актыўна займаўся спортам. Але з-за загружанасці па службовых абавязках зараз не магу надаваць гэтаму шмат часу. А калі ёсць вольная хвіліна – магу паглядзець навіны, нейкія аналітычныя перадачы.

Мерапрыемствы, што праводзяцца для маладзёжнай аўдыторыі.

– У кожнага павінна быць пачуццё адказнасці. Моладзь павінна сама быць актыўнай і  прапаноўваць, ініцыіраваць наладжванне цікавых для сябе мерапрыемстваў. Падтрымка ж з боку кіраўніцтва, старэйшых таварышаў будзе заўжды.

Пажаданні будучым маладым спецыялістам.

–  У першую чаргу жадаю атрымаць ганаровае першае рабочае месца. Каб кожны адбыўся як спецыяліст і ніколі не пашкадаваў пра выбар жыццёвага шляху. І, канешне, каб у далейшым усе знайшлі сваіх другіх палавінак і стварылі цудоўныя сем’і.

Алена КЛІМУШКА

Фота аўтара

«Не шкадаваць пра выбраны прафесійны шлях»: 1 комментарий

  • 09.02.2018 в 11:48 дп
    Permalink

    Я таксама чуў пра гэтую сустрэчу. Даведаўся, што навучэнцам забаранілі пытанне пра холад у гуртожытку, дарэчы, і ў зале сядзяць у зімовым адзені. Забаранілі гаварыцю пра ванізм каналізацыйных сцекаў, пра месца, дзе можна бавіць вольны час. Толькі ідэалагічна вывераныя пытанні). Каго падманваем? Сама так, перспектывы на алімпійскіх гульнях — гэта менавіта тое, што цікавіць моладзь столінскага раёна. Ага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *