Малады чалавек года – 2017: Жыццё не стаіць на месцы

 

МОЛОДОЙ ЧЕЛОВЕКЗгодна з рашэннем раённага выканаўчага камітэта званне “Малады чалавек года – 2017” у галіне адукацыі і навукі прысвоена метадысту раённага навучальна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Софіі Сцяпанаўне Жук.

Нарадзілася Софія Сцяпанаўна ў мнага-дзетнай сям’і ў вёсцы Відзібор. Ужо выпускніцай мясцовай школы яна вызначылася з будучай прафесіяй. Цвёрда вырашыла для сябе, што будзе настаўнікам. Паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Вучылася на факультэце “Біялогія і экалогія” па спецыяльнасці “Навукова-педагагічная дзейнасць”. Софія настолькі зацікавілася прадметам, што проста праглынала тэму за тэмай, спасцігаючы ўсё новае і цікавае. Таму і ў якасці тэмы для дыпломнай працы выбрала для сябе “Дыдактычныя формы стварэння сістэмы экалагічнага выхавання школьнікаў”,  каб не проста прааналізаваць усю даступную літаратуру дадзенай тэматыкі, а самастойна правесці маніторынг і зрабіць свае незалежныя высновы. Работа заслугоўвала ўвагі. Артыкул Софіі Сцяпанаўны быў змешчаны ў кнізе ўніверсітэта “Актуальныя праблемы экалогіі”. Крыху пазней яна атрымала прапанову з Германіі, каб надрукаваць кнігу на дадзеную тэму.

Неўзабаве ў выдавецтве Lambert Academic Publishing  вый-шла кніга “Сістэма экалагічнага выхавання школьнікаў”, аўтарам якой стала наша гераіня. Кніга  паступова распаўсюдзілася па краінах Еўропы.

Першыя крокі ў прафесію Софіі Сцяпанаўне давялося зрабіць у сваёй роднай школе. Яна працавала педагогам-арганізатарам. Кожны дзень з вучнямі, у пастаянным руху, пошуках новых ідэй і творчых задум, каб зацікавіць вучняў і прыцягнуць да актыўнай дзейнасці. Для маладога педагога было вельмі важна, каб вучні  жадалі ўдзельнічаць у мерапрыемствах, былі ініцыятыўнымі і імкнуліся праявіць сябе ў  розных выхаваўчых мерапрыемствах у пазаўрочны час.

Давялося Софіі Сцяпанаўне працаваць у Асаўской сярэдняй школе, Дубайскім вучэбна-педагагічным комплексе яслі-сад сярэдняя школа, Столінскай дзяржаўнай гімназіі. У кожнай установе, у кожным калектыве яна ўзяла штосьці для сябе вельмі каштоўнае. Паступова набіралася вопыту і практычных навыкаў. Адміністрацыя і калегі ўстаноў, безумоўна, пакінулі свой след у душы Софіі Сцяпанаўны. Яна адзначае, што на ўсё жыццё запомніліся тры гады, якія яна правяла ў Асаўской сярэдняй школе. Вельмі ўдзячна Валянціне Міхайлаўне Платніцкай, якая працавала тады намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Яна стала для маладога спецыяліста прыкладам для пераймання.

2017 год Софія Сцяпанаўна лічыць вельмі плённым і ў многім нават вырашальным у яе жыцці. У 2017 годзе адбыліся прыемныя змены ў асабістым жыцці, а яшчэ яна стала метадыстам навучальна-метадычнага кабінета і атрымала званне “Малады чалавек года”.

Муж Рыгор Сяргеевіч раз-дзяляе ўсе памкненні Софіі. Яна ж падтрымлівае яго захапленне рыбалкай. А яшчэ Рыгор вельмі хвалюецца за сваю другую палавінку, асабліва калі па роду дзейнасці прыходзіцца на пэўны час пакінуць горад.

Што тычыцца новай пасады, дык Софія Жук прызнаецца, што вельмі хвалявалася, калі прапанавалі перайсці на новае месца працы, баялася, што не справіцца. А цяпер з упэўненасцю гаворыць, што ёй падабаецца. Софія Сцяпанаўна курыруе прыродазнаўчанавуковы цыкл прадметаў. Са сваімі абавязкамі спраўляецца. Імкнецца да кожнага знайсці свой падыход, каб падказаць, накіраваць, дапамагчы, але ні ў якім разе не пакрыўдзіць словам ці дзеяннямі. Даспадобы метадысту і правядзенне разнастайных конкурсаў, арганізацыя метадычных аб’яднанняў настаўнікаў-прадметнікаў, сустрэчы з калегамі і новы вопыт – як жыццёвы, так і працоўны. Яна лічыць сваім абавязкам увесь час самаўдасканальвацца, каб аказваць метадычную дапамогу настаўнікам раёна на належным узроўні.

Акрамя асноўнай работы Софія Сцяпанаўна яшчэ працуе настаўнікам біялогіі і хіміі ў сярэдняй школе № 2 г. Століна. І калі толькі паспявае? – узнікае пытанне, калі паглядзіш на гэтую стройную прыгажуню. А яна тлумачыць усё тым, што не змагла пакінуць дзяцей, бо не ўяўляе сябе без працы ў школе з вучнямі. Лічыць, што сёння задачай настаўніка з’яўляецца не толькі перадача інфармацыі і ведаў, але важную ролю мае эмацыйны фон, дыялог паміж настаўнікам і вучнем, а таксама сэнсавая інфармацыя. Яна гаворыць, што сучаснаму дзіцяці не хапае зносін, таму вельмі важна знайсці падыход да кожнага, паспрабаваць зразумець і дапамагчы яму паверыць у сябе, у свае  здольнасці.  Нягледзячы на фізічную стомленасць, работа прыносіць толькі асалоду. Няхай сабе вечарам чакае яшчэ стос вучнёўскіх сшыткаў (каля 100!), але гэта ўсё дробязі ў параўнанні з тымі дапытлівымі вачанятамі, што глядзяць цікаўна на настаўніка.

Софія Жук сцвярджае, што ёй пашчасціла трапіць у вельмі дружны калектыў калег-аднадумцаў. Вельмі цёпла ў навучальна-метадычным кабінеце ставяцца да маладых спецыялістаў, бо метадычная дапамога – іх святы абавязак. Гэта сапраўды так, бо Софія Сцяпанаўна адчула і праверыла гэта на сабе. Вельмі ўдзячна загадчыку ўстановы Валянціне Аляксандраўне Грэчка за яе здольнасці падтрымаць і своечасова даць чуйную параду як у плане прафесійным, так і асабістым.

Гаворку пра вольны час з Софіяй Жук можна было і не пачынаць, бо яна адразу запярэчыла, што часу ў яе катастрафічна не хапае, а колькі нерэалізаваных задум яшчэ… Захапляецца вышыўкай і бісерапляценнем. І ўсё неабходнае набыла для гэтага, але калі дойдуць рукі…

Адказная і мэтанакіраваная Софія Жук не адступае ад свайго і ад сваёй жыццёвай мэты і робіць усё для павышэння якасці навучання дзяцей.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *