І за высокі прафесіяналізм

Ядвига Витун 009На мінулым тыдні ў сталіцы краіны ў Палацы Рэспублікі прайшла ўрачыстая цырымонія ўручэння дзяржаўных узнагарод лепшым работнікам аграрнай галіны. На яе сабраліся тыя сяляне, якія не толькі забяспечылі краіну хлебам, малаком, мясам і іншымі прадуктамі палёў і ферм, а і значна перавысілі папярэднія вынікі ў рабоце.

Прыемна, што сярод тых, хто аддае шчыра сябе роднай зямлі, з гонарам пацвярджаючы годнасць, прафесійную вартасць, вернасць прызванню, былі і прадстаўнікі працавітай Століншчыны.

На ўрачыстую цырымонію былі запрошаны аператар машыннага даення кароў адкрытага акцыянернага таварыства “Палеская ніва” Ядвіга Іванаўна Вітун, дырэктар КУВП “Манькавічы” Аляксей Васільевіч Мікуліч, дырэктар ААТ “Новая Прыпяць” Іван Мікалаевіч Антановіч, старшыня СВК “Фядорскі” Рыгор Аляксеевіч Дзямко, галоўны аграном ААТ “Новая Прыпяць” Сяргей Уладзіміравіч Строк, кіраўнік фермерскай гаспадаркі “Альшаны” Іван Васільевіч Грыб, старшыня Столінскага раённага спажывецкага таварыства Сяргей Мікалаевіч Крыжык.

Заслуга кожнага з іх у агульных выніках работы відавочная.

Столінскі раён па выніках мінулага года зрабіў прыкметны крок наперад у вытворчасці прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі. Асабліва ўражваюць паказчыкі ў прыбаўцы прадукцыі жывёлагадоўлі.

Напрыклад, у спаборніцтве па нарошчванні вытворчасці малака наш раён увайшоў у дзясятку лепшых па прыбаўцы валавога надою сярод 118 раёнаў. Па прыросце надою малака ў сярэднім на карову ў параўнанні з папярэднім годам Століншчына на 14-м месцы ў краіне.

Лепшыя з лепшых працаўнікоў сельскай гаспадаркі атрымалі высокія дзяржаўныя ўзнагароды – ордэны Айчыны 3 ступені, ордэны Пашаны, медалі “За працоўныя заслугі”, ганаровыя званні “Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь” і “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь”.

Сярод прадстаўнікоў нашай дэлегацыі за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу, сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў медалём “За працоўныя заслугі” ўзнагароджана аператар машыннага даення кароў ААТ “Палеская ніва” Ядвіга Іванаўна Вітун. На яе рахунку па выніках мінулага года рэкордны надой ад кожнай каровы – па 7150 кілаграмаў малака. А ўсяго праз яе рукі прайшло 645471 кілаграм надоенага ёю малака. У перадавых Ядвіга Іванаўна не першы год, а ўсяго пасля прыходу на ферму ў 18 гадоў яна адлічвае дванаццаты працоўны сезон. Працуе шчыра, за навуку ўмела спраўляцца з работай удзячна былой знакамітай даярцы маці Валянціне Пятроўне, галоўнаму заатэхніку гаспадаркі Лідзіі Уладзіміраўне Грынеўскай. А майстрэства і прафесіяналізм Ядвіга Іванаўна неаднаразова пацвярджала на раённых і абласных спаборніцтвах сярод майстрых выбранай прафесіі.

Ядвігу Іванаўну ўсе лічаць як вопытнага і вельмі працавітага жывёлавода. Яна кажа, што працаваць на ферме – гэта сямейнае. Раней выдатна спраўляліся на доглядзе жывёлы і даенні кароў бабуля Ганна Панфілаўна, цёткі Валянціна Фёдараўна і Галіна Фёдараўна, маці Валянціна Пятроўна. І калі ўпершыню афіцыйна пераступіла парог тады яшчэ старой фермы, ужо ўмела рабіць вельмі многае. І не стамлялася вучыцца ў больш вопытных даярак.

Цяпер калектыў малочнатаварнай фермы працуе ў сучасным памяшканні, і хаця тутэйшая даільная зала была ўведзена ў эксплуатацыю ў ліку першых у раёне, тут захоўваецца належны тэхналагічны цыкл, ёсць магчымасць атрымліваць прадукцыю толькі высокай якасці.

Ядвіга Іванаўна з удзячнасцю называе тых, то шчыруе побач на агульны поспех. Добра ведаюць сваю працу аператары машыннага даення кароў Ала Васільеўна Мельнік, Валянціна Паўлаўна Бруцкая, Ніна Іванаўна Бурак, Валянціна Віктараўна Жаленя, Марына Уладзіміраўна  Астапенка. Ва ўсім аказвае дапамогу начальнік комплексу Вячаслаў Касьянавіч Пыталь. 

Пасля прыезду Ядвігі Іванаўны на радзіму мы сустрэліся з ёю. Найперш пацікавіліся ўражаннямі ад важнай паездкі ў Мінск.

– Вельмі многае для мяне было ўпершыню, — прызнаецца Ядвіга Іванаўна. – Раней я ніколі не была ў Палацы Рэспублікі, упершыню сустрэлася ўвачавідкі з Кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам. З яго выступлення асабліва ўпала на душу прызнанне працы такіх простых людзей, як я. Ён сказаў шчыра і прыемна для кожнага з нас: “Зямля дае нам многа багаццяў. І толькі вы, працаўнікі вёскі, ведаеце сапраўдную цану ўкладзенай у яе працы. “Хто сеяў са слязамі, пажынаць будзе з радасцю”, сказана больш за дзве тысячы гадоў таму. І няхай з тых часоў многае змянілася, і на дапамогу аграрыям прыйшлі індустрыяльныя і навуковыя дасягненні цывілізацыі – праца земляробаў па-ранейшаму застаецца адной з самых цяжкіх”.

Цікава было сустрэцца з іншымі жывёлаводамі. Напрыклад, яшчэ па дарозе ў Мінск разгаварылася з даяркай з Пінскага раёна. Хваліліся сваімі дасягненнямі, умовамі работы, заробкамі. Пры аднолькавых надоях, нагрузцы мая калега з Піншчыны зарабляе напалавіну больш. Але я разумею, што і ў нас цяжкасці з аплатай працы часовыя, бо пакуль цягне груз далучанай да нас веляміцкай гаспадаркі.

Яшчэ вельмі спадабалася так непасрэдна блізка бачыць у час наладжанага пазней канцэрта знакамітых артыстаў эстрады – Аляксандра Саладуху, Іну Афанасьеву, Ірыну Дарафееву, ансамблі “Сябры” і “Харошкі”.

На ўспамін аб гэтай паездцы мне не толькі медаль, а і, як і ўсім удзельнікам цырымоніі, каляровы тэлевізар “Гарызонт”.

Фёдар ШУМКО

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *