ЮБІЛЕІ: А сэрца такое ж маладое

 

КРУКИСустрэча з Палессем

Што такое Палессе, Мікалай Крук зразумеў, як толькі трапіў у вёску Кароцічы. Сюды яго накіравалі пасля заканчэння Брэсцкага медыцынскага вучылішча ў 1962 годзе. Тады ён паабяцаў узначаліць самы аддалены фельчарска-акушэрскі пункт. На грузавым аўтамабілі яго асабіста суправаджае галоўны ўрач Столінскай раённай бальніцы Аляксей Паўлавіч Ільюшчанкаў, які не хавае свайго задавальнення. Жыхароў многа, а медыцынскіх кадраў не хапае. А тут сам вызваўся чалавек.

– Ну, Бог у дапамогу, – падтрымлівае маладога спецыяліста вопытны ўрач. – Калі што трэба будзе, звяртайся.

20-гадовы юнак бярэ свае рэчы і азіраецца. Вакол балота, дарог няма і знаку. Толькі каляіны, разбітыя гужавымі павозкамі, таму падобныя на брудную кашу. Але не ў характары Мікалая пасаваць перад цяжкасцямі. Пытае пра кватэру, каб размясціцца. Узрадаваныя вяскоўцы тут жа знаходзяць яму месца прытулку. Ужо нават хваляваліся, ці прышлюць каго. Дзяўчына, што працавала раней, пераехала ў райцэнтр і збіралася выйсці замуж. Таму надзеі, што вернецца сюды, не было. А тут прыехаў малады доктар, як яго адразу пачалі называць паміж сабой. Хлопец спачатку бянтэжыўся ад такой увагі, але хутка знайшоў агульную мову з палешукамі.

Сваю прафесію Мікалай выбраў сам і вельмі любіў. Нарадзіўся ў вёсцы Боркі Бярозаўскага раёна ў мнагадзетнай сям’і. Да вайны перад ім было двое дзяцей, якія памерлі ў малым узросце. І ён стаў самым старэйшым. Калі бацька Акім Мікалаевіч – маёр польскай арміі — вярнуўся дадому, нарадзіліся яшчэ сястра і тры браты. Дзяцінства і дагэтуль пахне грыбамі, бо бацька працаваў у дзяржаўнай канторы па нарыхтоўцы грыбоў. Ды і Мікалай з малодшымі знікаў у лесе зранку да вечара. Палюбіў паляванне і рыбалку, якія на ўсё жыццё сталі яго любімымі заняткамі.

 

Малады «доктар»

Маладога фельчара проста разрывалі на часткі. ФАП у Кароцічах абслугоўваў усе суседнія вёскі, таму людзі і ўдзень, і ўначы спяшаліся па дапамогу. Калі на кані пад’едзе, калі на калгаснай машыне – ніколі не адмаўляў сваім пацыентам. Не дай Бог што здарыцца, потым сабе не даруе.

Адзін раз прыбегла да яго заплаканая маленькая дзяўчынка гадоў пяці. “Маці мая памірае, выратуйце яе!”. У жанчыны сухоты, кроў нельга спыніць. Рашэнне трэба прымаць хутка, кожная хвіліна можа стаць апошняй. Мікалай бярэ калгасную машыну і вязе ў Давыд-Гарадок. Па дарозе з Вялікага Малешава робіць уколы, каб спыніць крывацёк. Заканчваецца паліва ў машыне. Звяртаецца ў мясцовы калгас, дзе яму даюць два вядры бензіну, і рушыць далей. Жанчыну давёз, а тая яму тры рублі суе. “Не трэба, купіш сабе што з’есці”,  – адмаўляецца шчаслівы, што паспеў стрымаць слова перад дзяўчынкай. Выратаваў маці, якая хутка пайшла на папраўку.

Але найчасцей фельчара клікалі, каб прыняць роды. У бальніцу будучыя маці не ехалі. Самая бліжэйшая – у Давыд-Гарадку. Гэта зараз амаль гадзіну дарога займае, а тады па бездарожжы ледзь не суткі трэба было дабірацца. Таму не дзіўна, што немаўляты з’яўляліся на свет дома. А былі выпадкі, калі і ў лодцы нараджаліся ў час веснавога разліву, і ў возе, калі не паспявалі даехаць. Зараз гэта здаецца неверагодным, але больш за паўстагоддзя таму такія роды лічыліся звычайнай справай.

Малады спецыяліст за два гады стаў вопытным акушэрам, бо прыняў 56 родаў! Аднойчы, пасля таго, як нарадзіўся здаровы хлопчык, Мікалай Акімавіч збіраўся дадому. І тут усхваляваная жанчына зноў кліча яго. Аказваецца, двойню насіла. Не разгубіўся малады фельчар,  і яшчэ адзін хлопчык закрычаў на ўсю хату. Праўда, бацька немаўлят ад нечаканасці месца не знаходзіў. Прыйшлося  яго потым супакойваць.

 

Каханне з

першага погляду

Безумоўна, Мікалая Акімавіча паважалі  і цанілі. Удзячныя вяскоўцы запрашалі на святы і на хрысцінах быў заўсёды чаканым госцем. Усё хацелі ажаніць маладога хлопца, каб нікуды не дзеўся і асеў тут. Ды і самі дзяўчаты праяўлялі сваю зацікаўленасць.

А ў яго сэрцы ўжо з’явілася адна – Вера Беразоўская. Сямнаццацігадовая дзяўчына з Вялікага Малешава прыйшла працаваць у Кароціцкую васьмігадовую школу піянерважатай. Тэлефонаў тады не было, і аднойчы Вера завітала на ФАП, каб патэлефанаваць. На першы погляд, звычайная сустрэча, але з таго часу не пакідалі думкі пра прыгожую паляшучку. А колькі было зайздрасці ў калег дзяўчыны, калі Мікалай прыйшоў павіншаваць з Днём настаўніка і ўручыў ёй падарунак.

Непрыкметна праляцеў год, поўны прыемных сустрэч і рамантычных сюрпрызаў. Вера паступае ў Мазырскі педагагічны інстытут імя Н. Крупскай і пачынае вывучаць педагогіку і методыку пачатковых класаў. А Мікалай збіраецца ў армію. Усе без выключэння вяскоўцы засмуціліся ад такой навіны. Палюбілі свайго “доктара” ды і ў раёне не надта хацелі адпускаць маладога фельчара. Але служба ёсць служба.

“Дорогой Верочке”, — падпісвае ў падарунак альбом у ружовай вокладцы для фотаздымкаў  будучы салдат. Хоча пабачыцца з каханай перад доўгай разлукай. Цікава, ці згадзіцца яго чакаць? Узрадаваная нечаканай сустрэчай Вера прытулілася да роднага пляча. Запэўнівае: абавязкова будзе чакаць яго, бо сэрцу не загадаеш. Вось як яно трымціць зараз!

Мікалай Крук і на службе з медыцынай не развітваўся. Служыў у мотастралковым палку ў Ваўкавыску і быў старшым фельчарам. Як толькі вольная часіна, адразу садзіцца ліст пісаць сваёй Веры. “Як яна там? Чым займаецца?” – блукалі думкі ў галаве. Але спраўна і да яго даходзілі лісты ад каханай дзяўчыны, у якіх было столькі пяшчоты.

І вось пасля службы Мікалай Крук едзе ў Столін, а потым напрасткі… у сваты. Зусім не бянтэжыла яго тое, што нявесты няма дома – яна яшчэ вучыцца ў інстытуце. Чаго ж часу губляць, тут якраз па дарозе. Бацькі Веры, як і ўсе, ведалі Мікалая, як той працаваў у  Кароцічах. Цудоўны хлопец, чаго ж замінаць.

 

Вяселле

Іх у маладых было аж два. Першае — на радзіме жаніха – ў вёсцы Боркі.  Зіма была тады, не тое, што зараз. Снегу намяло, а ад шляху яшчэ кіламетраў шэсць трэба ісці. Вось і пайшлі маладыя з гасцямі праз сумёты. Прыходзяць, а там вялізныя чаны з рознымі прысмакамі гатуюцца. Вера яшчэ здзівілася, навошта столькі. А там, аказваецца, цэлую вёску на вяселле завуць і аж тры дні гуляюць! Тады ж  пазнаёмілася са сваёй свякроўю – душэўнай жанчынай, якая прыняла маладую паляшучку як родную. Ніколі за ўсё жыццё не пасварыліся, наадварот, з любым пытаннем магла падысці, параіцца. Потым усе родныя мужа прыехалі на радзіму нявесты, дзе 25 студзеня 1968 года адбылося другое вяселле. Гасцей было таксама многа, усе пакоі былі занятыя сталамі.

Але тут не засталіся. Мікалай  на ранейшую работу не вярнуўся, а разам з маладой жонкай паехаў працаваць у вёску Жахавічы Мазырскага раёна, дзе таксама стаў загадчыкам ФАПа. А жонка ў суседняй вёсцы Ясянец школу ўзначальвала, у якой толькі 11 дзяцей вучылася. Некалькі кіламетраў даводзілася ісці, а дарог, як і ўсюды на Палессі, не было. Гумавыя боты і ўперад. Спачатку палохалася змей, што вылазілі грэцца на сонейка на масткі, якіх шмат было ў вёсцы. А потым спакойна ішла на ўрокі. Маладыя здымалі кватэру ў бабулі, грошай асабліва не хапала, але якія былі шчаслівыя! Бо разам, бо адзін аднаму дапамагаюць, бо кахаюць!

Тут нарадзілася першая дачка – Галя. Смешны выпадак тады здарыўся. Тэлефануюць Мікалаю Акімавічу, маўляў, віншуем, у вас два хлопчыкі нарадзіліся! Галоўны ўрач выпісвае літр спірту. Заязджаюць, а там яшчэ Вера ў чаканні. У раддоме проста пераблыталі прозвішчы Крук і Крус, у жанчыны пад апошнім якраз блізняты тады нарадзіліся. Доўга рагаталі. Але спірт Мікалай назад не аддаў, потым спатрэбіўся.

Дэкрэтных водпускаў тады не было, пабыў на бальнічным — і далей працаваць. Галечку дапамагалі зусім чужыя бабулі гадаваць, пакуль бацькі на рабоце. Цяжка было на чужыне, родных побач няма, толькі на сябе можна разлічваць. Вера тады худая, што запалка была – 43 кілаграмы ўсяго. Але спрытная і вясёлая заўжды, таму дзеці з Жахавіцкай васьмігодкі, куды перайшла працаваць пасля нараджэння дзіцяці, палюбілі яе.

 

Галоўнае – побач

Тры гады яны працавалі тут. Калі даведаліся, што яшчэ дзіця будзе, Вера прымае рашэнне вяртацца ў родную вёску. Тым больш дырэктар Вялікамалешаўскай школы Сяргей Рыгоравіч Гушча неаднойчы запрашаў працаваць яе. Можа ўпершыню паспрачалася з мужам, які адчуваў сябе ў Жахавічах нібы дома і не надта хацеў ехаць. Ужо машына прыехала па рэчы, а той ходзіць насуплены. Але ж як ён без сваіх дзяўчат? Сіла ж мужчынская ў тым і праяўляецца, каб умець уступіць той жанчыне, якую кахаеш. Бо няма нічога горшага, чым крыўда жаночая. У апошні момант сеў у машыну і рушылі на роднае Палессе.

Тут нарадзіўся Аляксандр, а яшчэ праз шэсць гадоў Таццяна. Дырэктар, як і абяцаў, узяў Веру на работу настаўнікам рускай мовы і літаратуры. 17 гадоў працавала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. І 13 гадоў узначальвала школу. Мікалай Акімавіч спачатку некалькі гадоў ездзіў па раёне, дзе падмяняў водпускі. А потым працаваў да выхаду на пенсію ў школе лабарантам і вёў гадзіны медыцыны. Але гэта зусім не азначае, што пра яго забылі як пра “доктара”. Прыходзіць аднойчы Вера Гаўрылаўна, а ў хаце… чарга: людзі прыёму чакаюць. “Якое прывітанне, такі і адказ”, – упэўнены фельчар, таму ніколі не адмаўляў людзям. Які быў у маладосці, такі і зараз застаўся. Праўда, здароўе ўжо не тое, прыйшлося нават ружжо паляўнічае здаць. А раней часта з ім бачылі заўзятага паляўнічага і рыбалова на мясцовых балотах і ў лясах.

Веру Гаўрылаўну ведаюць як справядлівага кіраўніка, для якога на першым месцы заўсёды было сумленне. Бо ведае: усё ў жыцці вяртаецца бумерангам. І самае галоўнае – пры любых абставінах заставацца чалавекам.

Сям’я

У гэтым годзе не толькі залатое вяселле адзначылі Мікалай Акімавіч і Вера Гаўрылаўна Крук. Роўна 10 гадоў таму яны павянчаліся ў царкве Ражджаства Хрыстова, а вянцы трымалі дачка Таццяна і яе муж Віктар. Дарэчы, у іх таксама 25 студзеня фарфоравое вяселле – 20 гадоў, як разам.

Таццяна працягнула бацькаву справу і скончыла Мазырскае медыцынскае вучылішча і працавала ў школе медыцынскай сястрой. Пасля скончыла Баранавіцкі  дзяржаўны ўніверсітэт і ўжо шэсць гадоў з’яўляецца старшынёй Вялікамалешаўскага сельскага выканаўчага камітэта. Дачка яе Аленка вучыцца ў той самай установе, што і бабуля –  Мазырскім педагагічным універсітэце па спецыяльнасці «Фізічнае выхаванне». Сын Іван – вучань 10 класа.

Старэйшая Галіна скончыла Мінскі інстытут культуры і зараз працуе загадчыкам метадычнага цэнтра ДУК “Кобрынская раённая клубная сістэма”. Падарыла чатырох унукаў. Дзям’ян і Мікалай – ваенныя, Кацярына вучыцца ў аспірантуры Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя Сахарава, а шчабятушцы Ганначцы ўсяго пяць гадоў.

Сын Аляксандр працуе вартаўніком у школе. Яго дачка Тамара ў настаўнікі падалася і вучыцца ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя Пушкіна. А вось унук Ягор падарыў пакуль самы дарагі падарунак бабулі і дзядулі – праўнучку Серафіму.

 …Мікалай Акімавіч і Вера Гаўрылаўна пяшчотна перабяраюць старыя фотаздымкі. То ўсміхаюцца, то засмучаюцца, быццам зноў перажываюць мінулыя гады. І той самы фотаальбом у ружовай вокладцы як пачэсны сведка  ашчадна захоўваецца ў шафе. Няпраўда, што каханне знікае з  гадамі. Яно,  наадварот, мацнее.  І няхай сівізна на скронях і ногі слухаюцца праз раз, але сэрца маладое і яно гэтак жа трымціць, як і на вяселлі 50 гадоў таму.

Ганна МЕЛЬНІК

Фота з сямейнага

фотаальбома

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *