Вырасцілі і ўбралі больш

Рожд. турнир 140Прагнозны паказчык па тэмпах росту валавой прадукцыі ў раслінаводстве Столінскага раёна за 2017 год выкананы на 116,3 працэнта. Пры гэтым заданне па вытворчасці збожжавых культур выканана на 100 працэнтаў, цукровых буракоў – на 137 працэнтаў, бульбы – на 117 працэнтаў, нарыхтоўкі травяных крамоў – на 101 працэнт.  Да ўзроўню папярэдняга года валавая вытворчасць збожжавых павялічылася на пяць працэнтаў, масласемя рапсу – у шэсць разоў, цукровых буракоў – у два разы, бульбы – у 2,1 раза. Для прамысловай перапрацоўкі сабрана больш за дзве тысячы тон агародніннага гарошку, што пры ўраджайнасці 47 цэнтнераў з кожнага гектара складае 177 працэнтаў да ўзроўню 2016 года. У цэлым у сельскагаспадарчых арганізацыях і фермерскіх гаспадарках атрымана 71 тысяча тон агародніны, што складае 113 працэнтаў да папярэдняга года, 25 тысяч тон садавіны і ягад – 131 працэнт да 2016 года. Для грамадскага пагалоўя жывёлы нарыхтаваны 152 тысячы тон кармавых адзінак травяных кармоў. У разліку на ўмоўную галаву статка нарыхтавана па 26,4 цэнтнера кармавых адзінак. За кошт чаго атрыманы такія вынікі работы на зямлі, наколькі трывала ў разрэзе асобных гаспадарак выглядаюць перспектывы раслінаводства раёна на перспектыву? Пра гэта наша размова з начальнікам аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Столінскага райвыканкама Алегам Генадзьевічам БЛАЖЭВІЧАМ.

– На большай частцы палеткаў раёна вырошчваліся збожжавыя і зернебабовыя культуры. Пры тым, што ў 2016 годзе ўдалося нарасціць валавы збор збожжа на 13 працэнтаў  і ў мінулым годзе атрыманы прырост. За кошт якіх рэзерваў удалося гэтага дасягнуць? Дзе недабралі запланаваны ўраджай?

– У 14 з 17 сельскагаспадарчых арганізацый раёна збожжа намалочана больш, чым у папярэднім годзе. Асабліва павялічылі валавы збор збожжавых і зернебабовых культур у КСУП “Дубайскі” – на 30 працэнтаў, ААТ “Церабяжоў-Агра” – на 28,6 працэнта,  КСУП “Прыгарынскі-2012” – на 118,4 працэнта, КСУП “Варані” – 118,3 працэнта. Не дасягнулі мінулагодніх паказчыкаў па вытворчасці збожжа хлебаробы КСУП “Прыпяць-2009”, СВК “Фядорскі”, ААТ “Новая Прыпяць”. Пры гэтым за кошт павышэння ўраджайнасці збожжавых культур павялічылі валавы збор толькі ў сямі гаспадарках раёна. У выніку аддача кожнага бала-гектара ў параўнанні з папярэднім годам у сярэднім зменшылася на 3,2 кілаграма. Асабліва знізілася ўраджайнасць збожжавых у КСУП “Беражное” і ААТ “Кароцічы”. На вынікі работы раслінаводаў летась у меншай меры паўплывалі ўмовы надвор’я. А ў выйгрышы аказаўся той, хто прыняў больш дзейсныя арганізацыйныя і тэхналагічныя меры па эфектыўным выкарыстанні наяўных рэсурсаў: тэхнікі, насення, угнаенняў, сродкаў аховы раслін.

– Падводзячы вынікі мінулага сельскагаспадарчага года, мы рабілі акцэнт на павышэнне ўрадлівасці глебы за кошт умелага выкарыстання ўгнаенняў. Ці актуальная гэтая задача надалей?

– Унясенне арганічных і мінеральных уганенняў пад збожжавыя культуры ў параўнанні з папярэднім годам зменшылася ў цэлым па раёне і ў большасці гаспадарак. Практычна толькі ў КСУП “Варані”, ААТ “Палеская ніва” і КСУП “Прыгарынскі-2012” іх унеслі больш. Асабліва недадалі зямлі ўгнаенняў працаўнікі КСУП “Беражное”, ААТ “Кароцічы”. Тут сакрэт недабору ўраджаю ляжыць, як кажуць, на паверхні. Калі ўлічыць, што і ў папярэднія гады ў многіх гаспадарках зніжалі ўнясенне ўгнаенняў, асабліва мінеральных, чакаць яўнай прыбаўкі ўраджаю не даводзіцца. І тут важна звярнуць больш пільную ўвагу як на павелічэнне колькасці ўнясення арганічных угнаенняў, так і на выкананне тэхналагічных патрабаванняў да іх якасці.

– Ад добрага семені – і добрае племя. Якія рэзервы яшчэ захаваны ў паляпшэнні насеннага матэрыялу?

– Насеннем першай рэпрадукцыі пад ура-джай мінулага года было засеяна 61,1 працэнта збожжавых кульутр. Значны працэнт выкарыстання насення другой рэпрадукцыі азімых збожжавых культур назіраўся ў КСУП “Струга”, “Дубайскі”, “Церабяжоў-Агра”, “Палессе АВМ”. Сяўбу ячменю другой рэпрадукцыі дапусцілі ў ААТ “Церабяжоў-Агра”, пшаніцы – у КСУП “Дубайскі”, “Рухчанскі”, ААТ “Церабяжоў-Агра”. Цалкам правялі сяўбу зернебабовых культур нізкіх, так званых наступных рэпрадукцый, у КСУП “Дубайскі”, “Прыпяць-2009”, ААТ “Кароцічы”.

– Недабор збожжавых у многіх гаспадарках тлумачыцца несвоечасовасцю і недастатковасцю догляду пасеваў. Чаго не хапае?

– Не хапае поўнага набору тэхнічных сродкаў, месцамі – належнай арганізацыі іх работы. Гэта пацвярджаецца тым, што папярэдняй восенню праполку пасеваў правялі на зусім нязначнай плошчы. А вясной змаглі прапалоць толькі на 74 працэнтах ад пакінутай восенню неапрацаванай плошчы. Не паставіліся як след да фунгіцыднай апрацоўкі азімых у ААТ “Новая Прыпяць”, КСУП “Рубельскі”, “Рухчанскі”, “АграГлінка”, “Беражное”, “Дубайскі”.

– Асноўная частка зямлі сельгасарганізацый працуе на вытворчасць кармоў для жывёлагадоўлі. Якія тэндэнцыі назіраюцца ў гэтай справе?

– Улічваючы тое, што і ў 2016 годзе ўдалося павялічыць вытворчасць кармоў, а травяных – у 1,4 раза, кармавая база жывёлагадоўлі нарошчваецца. Збожжафуражу летась засыпалі на 14 працэнтаў больш, чым у папярэдні год. Больш нарыхтавалі і сенажу. Менш нарыхтавалі сіласу, сена і саломы на корм. Але зроблены значны зрух у якасці кармоў. У структуры травяных кармоў бабовыя і злака-бабовыя кампаненты складаюць 85 працэнтаў, а гэта на 10 працэнтаў больш, чым у папярэднім годзе. Апраўдвае сябе курс на павелічэнне пасеваў люцэрны. Гэтай культурай яшчэ некалькі гадоў таму маглі пахваліцца толькі асобныя гаспадаркі. У 2012 годзе люцэрны па раёне мелі 269 гектараў, у 2013 годзе пасеялі яшчэ 413 гектараў. У мінулым годзе пасеялі 1,5 тысячы гектараў гэтай каштоўнай высокабялковай культуры, маючы намер давесці яе пасевы па раёне сёлета да 4,5 тысячы гектараў. За мінулы год значна палепшыліся ўмовы захавання травяных кармоў за кошт дадатковага ўводу сянажна-сіласных траншэй. Яшчэ адно новае, на што ёсць спадзяванні ў гэтым годзе, — упершыню дадаткова пасеяны на 1,5 тысячы гектарах збожжавыя ў сумесі са свірэпай. Такія пасевы на кармавыя мэты ёсць у кожнай гаспадарцы.

– Вынікі ў раслінаводстве ў  мінулым  годзе  наводзяць на думку, што па-ранейшаму застаецца шмат нявыкарыстаных рэзерваў. Што робіцца, каб не паўтараць ранейшыя памылкі і дасягнуць лепшых паказчыкаў у вытворчасці прадукцыі раслінаводства?

– Улічваючы тое, што на нашых землях ураджай азімых збожжавых культур больш стабільны, іх пасевы ў гаспадарках раёна павялічаны. Восенню мінулага года азімыя збожжавыя пасеяны на 18,6 тысячы гектарах, азімы рапс – на 3,5 тысячы гектарах. Узарана на зябліва каля 19 тысяч гектараў палёў. Актыўна вядуцца работы па нарыхтоўцы, вывазцы арганічных угнаенняў. Арганікі нарыхтавана 454 тысячы тон, вывезена на палі больш за 400 тысяч тон. Назапашана 4,2 тысячы тон дзеючага рэчыва мінеральных угнаенняў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *