Шчодры вечар у хату

Стары Новы год. Што гэта за свята і чаму яно так папулярна ў нас?

Снимок
Сапраўдны Шчодры вечар, а так гучыць яго другая назва – народнае свята славян. Ладзяць яго ў ноч з 13 на 14 студзеня, калі пераапранутыя людзі хо-дзяць па хатах і віншуюць жыхароў з Новым годам. Да 1917 года, калі Еўропа жыла па юліянскім календары, толькі пасля Ражджаства Хрыстова заканчваўся Вялікі пост і за святочным сталом збіралася вялікая сям’я. Дата змясцілася, калі адбыўся пераход са старога (юліянскага) на новы (грыгарыянскі) каляндар.
Але разам з тым святкаванне Шчодрага вечара адбываецца па старажытным абрадзе. У даўні час у гэты дзень святкавалі Васілёў дзень, па якім рабілі высновы, які будзе ўвесь год. Гэта адзін з нешматлікіх дзён у народным календары, які амаль не зведаў хрысціянскага ўплыву, захаваў дамінуючы язычніцкі змест. Доказам таго і тое, што на Стары Новы год дзяўчаты і хлопцы варажылі. Згодна з народным павер’ем у гэты час самая дакладная варажба. Але “заглядваць у будучыню” можна на працягу ўсіх дзён святак. Верылі ў народзе, што ў святыя вечары ўсе прывіды, лесуны, вадзянікі, дамавікі і іншыя духі ходзяць па зямлі.
Шчадравалі пад вокнамі і ў хатах, дзе славілі гаспадароў. Вадзілі «казу» («кабылку», «вала», «тура», «мядзведзя», «жорава») і спявалі песні. Хадзілі па хатах і са Шчодрай — прыбранай дзяўчынай. Культ вады, ахвяраванне гусі, пераднавагодняя куцця, варажба, Шчодра, ваджэнне «казы». Дарэчы, вобраз Казы абавязковы, бо сімвалізуе ўрадлівасць, дабрабыт, прыбытак, багацце.
А вось у нашым раёне у старажытным Давыд-Гарадку галоўным вобразам з’яўляецца конь. “Конікі” ўжо даўно сталі візітнай карткай горада і штогод збіраюць многа гасцей з усіх куточкаў. Лічыцца, што звычай вадзіць “каня” пайшоў з таго часу, калі ў горадзе стаялі казакі. Конь абавязкова ў шынелі і павінен быць у кожным гурце калядоўшчыкаў.
Ужо даўно гарадчукі прэтэндуюць на тое, каб “Конікі” прызналі нематэрыяльнай гісторыка-культурная каштоўнасцю. Пакуль такі статус быў нададзены ў 2009 годзе каляднаму абраду “Шчадрэц” в. Рог Салігорскага раёна. Шчадрэц, або “Казельчык”, ладзяць у ноч з 13 на 14 студзеня ў наваколлі в. Даманавічы (Даманавіцкі сельсавет). Песні, прыгаворы і ўсе дзеі гэтага абраду захаваліся, іх ведаюць і здзяйсняюць у многіх суседніх вёсках, аднак найбольш яскрава традыцыя захавалася і амаль не пераўтварылася ў вёсках Рог і Восава. Адбываецца “Шчодрык” з удзелам традыцыйных маскіраваных персанажаў: Дзед-продак, Баба-заснавальніца, конь, каза, журавель і інш. Найбольш унікальны персанаж у гурце шчадроўнікаў – гэта дзед і яго берасцяная маска, аналагаў якой больш няма ў Беларусі. Гурт шчадроўнікаў мае ў арсенале шматлікія песенныя віншаванні для гаспадара і яго сям’і, вясёлай песняй суправаджаюцца скокі казы. Віншаванне ўключае абавязковую пачатковую песню-зварот, пасля якой шчадроўнікаў запрашаюць у хату, а завяршаецца заключнай песняй, у якой прасочваюцца інтанацыі загаду-пагрозы на выпадак, калі шчадроўнікі не будуць адораны.
У апошнія гады гарадчукі вельмі асучаснілі абрад “Конікі”, што і перашкодзіла атрымаць такі ж статус. Рэспубліканскі савет па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры ў мінулым годзе адхіліў прапанову гарадчукоў унесці абрад «Конікі» ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Прычынай сталі сучасныя маскі-навадзелы: Верка Сярдзючка, мушкецёры, Джэк Варабей і падобныя персанажы.
Але, нягледзячы на адмову, свята “Конікі” з’яўляецца самым любімым у гарадчукоў і самым цікавым для гасцей. Таму Давыд-Гарадок запрашае ўсіх 13 студзеня, каб далучыцца да народнага гуляння.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Добавить комментарий