На зямлі працаваць выгадна

 

Антонович 003Цяпер падводзяцца вынікі работы за мінулы год. Паступальным рухам наперад вызначыўся ААТ “Новая Прыпяць”. Гэтая гаспадарка адметна якраз тым, што, маючы і ў папярэднія гады значнае павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, працягнула нарошчваць вытворчасць прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі. Пры гэтым назіраецца значнае павышэнне эфектыўнасці вытворчасці, далейшае ўмацаванне эканомікі гаспадаркі. За мінулы год рост аб’ёму валавой вытворчасці склаў 107 працэнтаў, рост аплаты працы – 109 працэнтаў. З чым звязана такая стабільнасць, наколькі яна абгрунтавана? Пра гэта наша размова з дырэктарам ААТ “Новая Прыпяць”, членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Іванам Мікалаевічам АНТАНОВІЧАМ.

– Калі за 2016 год гаспадарка мела адны з лепшых паказчыкаў у раслінаводстве, дык летась стала яўным лідарам па ўраджайнасці збожжавых і іншых культур. Ці выпадковы гэты поспех?

– Вядома, на вынікі раслінаводства ў значнай ступені аказваюць уплыў неспрыяльныя ўмовы надвор’я. Але пры гэтым вырашальным з’яўляецца захаванне тэхналогіі вырошчвання прадукцыі. Угнойванне зямлі, якаснае насенне, дбайны догляд пасеваў, якасная без страт уборка вырашчанага, — гэта забяспечылі працавітыя людзі гаспадаркі.  Мы  сабралі  з палёў разам з кукурузай 8752 тоны збожжа. Прадалі дзяржаве 1230 тон збожжа пшаніцы, 804 тоны рапсу, 6559 тон цукровых буракоў. Пры гэтым атрымалі самую высокую ў раёне ўраджайнасць збожжавых – па 54 цэнтнеры з кожнага гектара.

– Як нідзе, у вашай гаспадарцы заўважны і добрыя зрухі ў жывёлагадоўлі. Як працаваць, каб мець такія здабыткі?

– Літаральна па ўсіх паказчыках у жывёлагадоўлі, таварная прадукцыя якой у агульнай структуры складае 80 працэнтаў,  мы палепшылі вынікі работы. Валавы надой малака павялічыўся з 10407 тон да 11654 тон, надой ад каровы – з 5781 кілаграма да 6474 кілаграмаў. Для ўмацавання эканомікі гаспадаркі мы імкнёмся паляпшаць якасць рэалізаванай прадукцыі. Па малаку ставіцца задача мець максімальную колькасць класа “экстра”. Правіла вырабляць больш і лепш тычыцца і кармавой базы, якая на сёння самая надзейная ў раёне. Далейшае наша развіццё мы бачым у мадэрнізацыі жывёлагадоўчых ферм, іх добраўпарадкаванні, што дае магчымасць укараняць перадавыя тэхналогіі, паляпшаць умовы працы і быту работнікаў. Летась мы правялі за кошт уласных сродкаў рэканструкцыю малочнатаварнай фермы Лодыч на 1500 галоў буйной рагатай жывёлы. Пабудавалі чатыры сянажна-сіласныя траншэі на 12 тысяч тон кармоў. Заасфальтавалі тэрыторыю дзвюх ферм.

Фёдар ШУМКО

Фота аўтара

Добавить комментарий