малады чалавек года-2017: На справе даказаць, чаго варты

 

СЕМЕЙКОКалісьці Іван Сямейка – вучань Аздаміцкай сярэдняй школы — пасля ўрокаў спяшаўся на заняткі па дзюдо. Тады гэты від спорту быў рэдкасцю, а так хацелася навучыцца “крутым” прыёмам.

Займаючыся пад кіраўніцтвам Максіма Аляксеевіча Петрусевіча, паступова Іван пачаў разумець гэта. Знікла юнацкая самаўпэўненасць, калі здаецца, што ўсё ведаеш сам. Наадварот, дзюдо навучыла абдумваць кожны рух, больш аналізаваць і пазбягаць спантанных дзеянняў.

Пасля школы хлопец ужо не сумняваўся, што звяжа сваё жыццё з гэтым відам спорту. Таму адразу паступае ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, дзе займаецца на факультэце самба. Раней дзюдо і самба амаль не адрозніваліся, многія правілы былі падобныя. Вучобу ва ўніверсітэце лічыць важным этапам як у плане асабістага развіцця, так і прафесійнага. Часта сустракаўся на татамі са спарынг-партнёрамі, якіх не хапала ў спартыўнай зале сваёй школы. Гэта дазваляла не толькі адточваць свае навыкі, але і ўсведамляць, што яшчэ ёсць да чаго імкнуцца. І Іван імкнуўся, знікаў на трэніроўках да позняга вечара, як і калісьці ў роднай вёсцы.  Увогуле, упэўнены, калі ёсць мэта, то яе дасягненне – справа часу. Не трэба гучных слоў, лепш на справе даказаць, хто ты і чаго варты.

Зараз Іван Сямейка паўтарае гэтыя словы сваім выхаванцам, з якімі працуе на базе Рэчыцкай сярэдняй школы № 3 ад  Давыд-Гарадоцкай ДЮСШ. Сюды ён трапіў па размеркаванні пасля заканчэння ўніверсітэта. Праўда, пачынаў працаваць у Альшанах, але прыняў рашэнне, не без падказкі свайго трэнера, працягнуць дзейнасць у Рэчыцы. А дзеці абавязкова будуць, галоўнае, змагчы іх утрымаць.

І гэта ў Івана Сямейкі атрымалася цудоўна. Зараз у яго займаюцца чатыры групы па дзесяць чалавек. Нягледзячы на тое, што давялося перарваць работу ў школе на год, каб   адслужыць у арміі, паклоннікі дзюдо засталіся вернымі  гэтаму віду спорту і працягнулі займацца. У мінулым годзе Вікторыя Яцэвіч і Аляксандра Гавінчык станавіліся прызёрамі абласных спаборніцтваў па дзюдо. А ў пачатку гэтага года маладога трэнера Івана Сямейку прызналі пераможцам у раённым конкурсе “Малады чалавек года” ў галіне фізічнай культуры і спорту.

– Ёсць выказванне, што любы вучань марыць перарасці свайго настаўніка? Табе гэта знаёма?

– Безумоўна, знаёма, тым больш, што ў нашым раёне няма трэнераў па дзюдо. Але буду аб’ектыўным – да Максіма Аляксеевіча мне яшчэ далёка. Для мяне ён – прыклад прафесіяналізму і самаадданасці. І самае галоўнае, што ў яго арсенале неймаверны запас цярпення, якое проста неабходна пры рабоце з дзецьмі. Для кожнага знайсці патрэбныя словы, зразумець, што і чаму не атрымліваецца ў вучня, дапамагчы паказаць свае здольнасці – толькі некаторыя з задач трэнера. У нейкім сэнсе трэнер – гэта псіхолаг, таму мала бездакорна ведаць тэхніку, важна пабудаваць даверлівыя адносіны з дзецьмі. Гэта я зразумеў, калі пачаў сам працаваць з вучнямі.

Дзецям важна адчуць, на што яны здольныя. Таму ў планах – удзел у спаборніцтвах як раённага, так і абласнога ўзроўню. Гэта надае ўпэўненасці ў сабе, надае жадання працаваць далей, каб дасягаць яшчэ лепшых вынікаў. Здаровая канкурэнцыя — гэта неабходная ўмова развіцця.

Безумоўна, дзеці прыходзяць з рознымі фізічнымі данымі. Наколькі яны здольныя, відавочна з першых заняткаў. Бывае, прыходзяць дзеля цікаўнасці, такія надоўга не затрымліваюцца. Дзюдо нельга займацца напалову. Ты альбо жывеш ім, альбо лепш пакінуць гэтую справу. Бо нельга ўсё жыццё займацца тым, што табе не падабаецца. Па-першае, гэта не будзе прыносіць задавальнення, а па-другое, карысць ад такой дзейнасці нулявая.

І хоць вольнага часу нямнога, Іван Сямейка задаволены: ён запатрабаваны, а што  яшчэ трэба для трэнера. Аматар спорту, ён пільна сочыць да дасягненнямі беларускіх спартсменаў. Біятлон, тэніс, хакей – цікавіцца ўсім. Сваім кумірам лічыць Фёдара Емяльяненку – знакамітага расійскага спартсмена, чатырохразовога чэмпіёна свету па змешаных адзінаборствах. Дарэчы, Фёдар Емяльяненка пачынаў менавіта з дзюдо, што гаворыць аб прэстыжнасці гэтага віду спорту.

Таму адна з мараў Івана Сямейкі – пазнаёміцца са славутым спартсменам.  А пакуль яго чакаюць маленькія выхаванцы і ён працягвае працаваць.

Ганна  Мельнік

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *