Хірургія – тэрапія адчаю

DSCF1720У журналісцкім асяродку гавораць: каб напісаць цікавы матэрыял, абавязкова патрэбна пэўная  інфармацыйная нагода. Ды калі гаварыць пра загадчыка хірургічнага аддзялення Столінскай ЦРБ Віктара Іванавіча Майсюка, такая нагода ўзнікае амаль штодня.

На жаль, людзі хварэюць. Таму, канешне, мы хочам, каб нас лячыў урач-прафесіянал. Водгукі пацыентаў Віктара Майсюка гавораць самі за сябе, тут ніякай рэкламы не трэба.  Вось і ў нядаўнім нумары “раёнкі” на адрас доктара і калектыву аддзялення выказвае словы падзякі  адзін з тых, чыё жыццё выратавалі медыкі.

У хірургіі Віктар Іванавіч ужо каля 30 гадоў. Чатыры гады ён не толькі практыкуючы ўрач, а яшчэ і загадчык аддзялення. Не трэба доўга тлумачыць, што гэта яшчэ значнае кола абавязкаў па арганізацыі якаснай работы ўсяго калектыву хірургіі.

Чула такое выказванне, што калі чалавек выбірае для сябе прафесію медыка, ён аддае сябе на пастаянную вучобу. Жыццё гэта пацвярджае. Віктар Майсюк неаднаразова праходзіў курсы ўдасканалення на хірургічных кафедрах Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Яшчэ ў 1992 годзе ўкараніў метад дыягнастычнай лапараскапіі ў работу хірургічнага аддзялення Столінскай бальніцы, таксама ў 2004 го-дзе скарбонка нашых урачоў папоўнілася магчымасцю правядзення эндавідэахірургічных умяшальніцтваў і пластыкі пярэдняй брушной сценкі сеткаватымі імплантатамі. Гэта сучасныя кірункі хірургічнага лячэння. Напрыклад, эндавідэахірургія характэрна тым, што няма традыцыйных пасляаперацыйных рубцоў, малая траўматычнасць, высокая касметычнасць і эстэтыка, хуткая рэабілітацыя.

За апошнія гады ўрач-хірург Віктар Іванавіч Майсюк – пастаянны ўдзельнік міжнародных канферэнцый, дзе разглядаюцца самыя вострыя і актуальныя моманты. Напрыклад, эндаскапічная хірургія, хірургія печані, падстраўнікавай залозы і жоўцевыводзячых шляхоў, флебалогія. Таксама быў на 15 з’ездзе хірургаў Рэспублікі Беларусь у г. Брэсце, на пленуме хірургаў у г. Маладзечна.

З кожным годам у аддзяленні расце колькасць лапараскапічных аперацый — з 35-40 да больш чым 200 у год. Такія методыкі пастаянна ўдасканальваюцца і ўкараняюцца новыя. Напрыклад, зараз робіцца лапараскапічная халецыстэктамія (выдаленне жоўцевага пухіра), таксама выдаленне апендыкса, аперацыі пры вострым панкрыятыце, пры некаторых траўмах брушной поласці, рассяканне спаек, асобныя віды гінекалагічных аперацый. Такім чынам, з агульнай колькасці аперацый, што выконваюцца ў хірургічным аддзяленні, 15-16 працэнтаў – лапараскапічныя, а сярод выкананых на брушной поласці – да 30 працэнтаў. Сёлета часткова даўкамплектавана лапараскапічная стойка. Але каб ісці ў нагу з часам, яшчэ патрэбна абнаўленне.

Удасканальваюцца методыкі лячэння варыкознай хваробы ног. Шырока прымяняюцца малаінвазіўныя ўмяшальніцтвы – флебасклеразаванне, міні-флебэктамія. Пацыенты пасля такіх умяшальніцтваў выпісваюцца з аддзялення на другія-чацвёртыя суткі.

З першага красавіка гэтага года ў хірургічным аддзяленні адкрыты ложкі кароткачасовага знаходжання (да чатырох дзён пасля аперацыі). За агучаны перыяд пралечаны і прааперыраваны 254 пацыенты.

За апошнія два гады з 9,4 да 7,4 дня зменшылася сярэдняя працягласць лячэння ў аддзяленні. Калі штомесяц тут лечацца 200-220 чалавек, няцяжка палічыць эканамічны эфект пры кошце аднаго ложка-дня ў 55 рублёў.

Вырасла аператыўная актыўнасць за апошнія пяць гадоў – з 46 да 56,2 працэнта. Так, у 2016 годзе зроблена 1316 аперацый, а за мінулы перыяд гэтага года – ужо 1365. Змяншаецца агульная і пасляаперацыйная лятальнасць. За пяць гадоў не было лятальнасці ад вострай хірургічнай паталогіі органаў брушной поласці.

З кастрычніка 2017 года выконваюцца аперацыі на артэрыях пры экстраннай паталогіі сасудаў (эмбаліі, трамбозы). Непасрэдна загадчыкам аддзялення Віктарам Іванавічам выкананы ўжо пяць такіх аперацый. Раней гэта было магчыма толькі на базе медустаноў у Брэсце, Пінску. Але ізноў жа, патрэбна закупіць больш сучасны сасудзісты інструментарый.

Віктар Іванавіч гаворыць, што хірургія – гэта тэрапія адчаю. Таму што скальпель даводзіцца браць у рукі тады, калі іншыя ўрачы ўжо не могуць нічога зрабіць.

— Калі акрыяе пацыент, у якога было мала шансаў выжыць, а для гэтага прыкладзена шмат намаганняў, выканана складаная аперацыя, тады разумееш, што дзеля гэтага і патрэбна жыць і працаваць, — дзеліцца ўрач. – Вельмі цяжка псіхалагічна, калі пацыента ўсё ж страцілі. Шмат разоў прагортваю ў галаве ход аперацыі, тактыку пасляаперацыйнага лячэння. Здаецца, усё зроблена так, як трэба, а думка, што дзесьці недапрацавалі, усё роўна ёсць.

У 2003 годзе Віктар Іванавіч Майсюк быў атэставаны на вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю па хірургіі. Дарэчы, сёння ў сістэме аховы здароўя раёна толькі дзесяць дактароў маюць такі ўзровень. Сярод іх і ветэран хірургіі Міхаіл Ігнатавіч Прус, які і зараз у страі. Першую катэгорыю маюць перспектыўныя маладыя хірургі аддзялення І. С. Кепурка, У. В. Ракавец і В. В. Майсюк, які завяршае вучобу ў клінічнай ардынатуры па хірургіі. З 20 медыцынскіх сясцёр хірургіі – 11 з вышэйшай катэгорыяй.

Урач Майсюк упэўнены ў тым, што дасягнуць поспеху ў адзіночку немагчыма. Ён надта цэніць працу сваіх калег і адкрыта гаворыць пра гэта. Анестэзіёлагі-рэаніматолагі, эндаскапісты, рэнтгенолагі, урачы ўльтрагукавой дыягностыкі – без іх дапамогі дасягнуць жаданага выніку – вяртання да нармальнага жыцця хворага чалавека – нерэальна. Як нельга арганізаваць гэты працэс без карпатлівай штодзённай працы і сярэдняга, і малодшага медперсаналу.

— Асабліва каштоўны для мяне ў чалавеку – прафесіяналізм, — адзначае загадчык аддзялення. – Але не ў меншай ступені важныя для мяне і агульначалавечыя якасці. Іншым часам пры падборы кадраў нават аддаю перавагу менавіта апошнім. І гэта зразумела. Адназначная і мая справядлівая патрабавальнасць да калектыву. Тады будзе агульны станоўчы вынік.

Наогул, у адносінах з калегамі трэба мець тонкі псіхалагічны падыход.

Віктар Іванавіч Майсюк  — чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі. Нягледзячы на глабальную занятасць непасрэдна ў хірургічным аддзяленні, ён знаходзіць час для заняткаў спортам, у прыватнасці, футболам. Пастаянны ўдзельнік турыстычных злётаў, абласных і рэспубліканскіх спартакіяд. На працягу пяці гадоў доктар узначальваў прафсаюзны камітэт бальніцы. Не адмовіцца і ад задавальнення пакатацца зімой на каньках разам са сваімі двума ўнукамі.

Хутка цудоўныя зімовыя святы. Таму не змаглі абысціся без навагодніх пажаданняў ад чалавека, які, як ніхто, добра ведае, што жыццё даецца адзін раз.

— Больш за 30 гадоў працую ў медыцыне і за гэты час навучыўся цаніць жыццё, — гаворыць Віктар Іванавіч. – Іншы раз мы ходзім паміж жыццём і смерцю. Таму хачу пажадаць цаніць кожны пражыты дзень, кожнае імгненне, цеплыню ў адносінах. Не марнаваць час на непатрэбныя сваркі. Беражыце сваіх родных, блізкіх людзей! І традыцыйнае ад урача – ЗДАРОЎЯ!

Алена КЛІМУШКА

Фота Аляксандра

НІКІФАРЭНКІ

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *