Не пераставаць марыць

DSCN9615У раённым конкурсе звання “Малады чалавек года” ў галіне культуры ўдастоена Святлана Анатольеўна Бірукова  – настаўнік музычна-тэарэтычных дысцыплін Рэчыцкай дзіцячай  школы мастацтваў.

 Музыка і спевы вабілі Святлану з дзяцінства. Яшчэ дашкольніцай яна прасіла маму запісаць яе ў музычную школу.  Ды такіх маленькіх дзяцей не прымаюць. Таму яе дзіцячая мара спраўдзілася, калі вучылася ў трэцім класе. Закончыўшы сярэднюю школу № 3 г. Століна і Столінскую школу мастацтваў, Святлана паступіла ў Брэсцкі дзяржаўны музычны каледж імя Рыгора Шырмы. Атрымаўшы адукацыю па спецыяльнасці “Дырыжыраванне (акадэмічны хор)”, Святлана ў жніўні 2011 года прыйшла на работу ў Рэчыцкую дзіцячую школу мастацтваў.

– За гады работы Святлана Анатольеўна зарэкамендавала сябе як творчы, ініцыятыўны настаўнік, – гаворыць дырэктар школы мастацтваў Аляксандр Лукашавіч Велясніцкі. – Добра валодае методыкай работы, шмат працуе над выканальніцкім майстэрствам навучэнцаў свайго класа. Вывучае метадычную літаратуру, даходліва, умела перадае свае веды дзецям.

Штогод навучэнцы класа Святланы Анатольеўны прымаюць удзел у раённых, абласных конкурсах, фестывалях і іншых мерапрыемствах. У 2012 годзе навучэнка школы Аліна Гарцуева стала дыпламанткай ХІ адкрытага фестывалю-конкурсу юных выканаўцаў “Пралескі” (г. Брэст), у 2015 – лаўрэатам І ступені  ІІ адкрытага конкурсу маладых выканаўцаў “Мая мара”  ў горадзе Мінску. У тым жа годзе Аліна Гарцуева становіцца дып-ламанткай VІІ абласнога конкурсу ”Крынічка” ў намінацыі “Сольныя народныя спевы”.

У 2014 годзе Мілена Бруцкая пад кіраўніцтвам Святланы Анатольеўны ўдзельнічала ў абласным творчым музычна-тэарэтычным конкурсе і была ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені, а Святлана Анатольеўна адзначана граматай за высокае педагагічнае майстэрства.

У маі 2016 года навучэнкі Настасся Крыжык і Аліна Мельнік удзельнічалі ў ІІІ адкрытым конкурсе маладых выканаўцаў “Мая мара” і былі ўзнагароджаны дыпломамі І і ІІ ступені, Вікторыя Падун сёлета ў маі прымала ўдзел у Х абласным адкрытым конкурсе “Крынічка” ў намінацыі “Сольныя спевы (акадэмічныя)” і ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені.

Акрамя выкладання тэарэтычных дысцыплін Святлана Анатольеўна з’яўляецца кіраўніком школьнага хору, вядзе групу вакальнага ансамбля, праводзіць для навучэнцаў школы творчыя вечары і гутаркі.

Іграе ў сумесным аркестры народных інструментаў і спявае ў сумесным вакальным ансамблі Столінскай і Рэчыцкай дзіцячых школ мастацтваў. 

Вольны час  Святлана прысвячае яшчэ аднаму захапленню – яна спявае ў царкоўным хоры храма вёскі Манькавічы.

Больш за два гады назад у газеце “Навіны Палесся” было інтэрв’ю са Святланай Анатольеўнай, якая  ўпершыню выступіла на раённай сцэне і пакарыла гледачоў сваімі акадэмічнымі спевамі. Што змянілася з таго часу?  У 2015 годзе дзяўчына завочна закончыла факультэт “Музычнае мастацтва. Эстэтычнае выхаванне” Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Выйшла замуж.  Муж Сяргей працуе трэнерам па лёгкай атлетыцы у фізкультурна-спартыўным комплексе “Аквамарын”. 

–  Пакрыху далучае да спорту і мяне, — смяецца Святлана. – Для мяне не галоўнае самой выступаць на сцэне – большую асалоду атрымліваю ад таго, што могуць мае вучні і што ў іх дасягненнях ёсць часцінка маёй працы. А мары… Калі марыць, то ўсё абавязкова збудзецца.

Галіна ГАШЧУК

Фота аўтара

 

 

Добавить комментарий