Брэстчына – сярод лідараў у рэспубліцы

 

maxresdefault26 снежня прайшло сумеснае пасяджэнне Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў і абласнога выканаўчага камітэта. Старшыня аблвыканкама Анатоль Васільевіч Ліс агучыў асноўныя вынікі работы Брэстчыны за мінулы год, а таксама расказаў пра намечаныя планы на 2018 год.

З шасці ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы ў поўным аб’ёме выконваюцца пяць (акрамя прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове). Валавы рэгіянальны прадукт (студзень-лістапад) – 103,4 працэнта пры гадавым заданні 102,2 працэнта; вытворчасць працы (студзень-кастрычнік) – 105,1 працэнта пры заданні 102,5 працэнта; экспарт тавараў – 125,4 працэнта і 105 адпаведна; экспарт паслуг – 120 працэнтаў і 104,8 адпаведна; працаўладкавана грамадзян на новыя створаныя працоўныя месцы за кошт стварэння новых вытворчасцяў і прадпрыемстваў за студзень-лістапад – 6400 чалавек пры заданні на год 6500 чалавек.

Што тычыцца рэгіёнаў, была адз-начана стабільная работа Камянецкага райвыканкама (выкананы ўсе ключавыя паказчыкі), Баранавіцкага, Івацэвіцкага, Брэсцкага, Драгічынскага, Жабінкаўскага, Ляхавіцкага і Столінскага райвыканкамаў (не выкананы толькі адзін паказчык).

Ганарова выглядае наша Брэстчына і на рэспубліканскім узроўні.  Па большасці важнейшых індыкатараў развіцця мы ў ліку лідараў, прычым з тэмпамі росту, што перавышаюць сярэднерэспубліканскія. Напрыклад, валавы рэгіянальны прадукт склаў 9,5 млрд рублёў, ці 103,4 працэнта да 2016 года (другое месца ў рэспубліцы).

Эканомікай вобласці за дзесяць месяцаў атрымана 870 млн рублёў чыстага прыбытку. Па выніках года плануецца наблізіцца да аднаго мільярда рублёў. Рэнтабельнасць продажаў павялічылася з 7,1 да 8 працэнтаў. Самая нізкая за апошнія чатыры гады ўдзельная вага стратных арганізацый – 14,8 працэнта. Аднак іх колькасць – 160 – вялікая. І ў будучым годзе іх фінансавае аздараўленне застанецца прыярытэтнай задачай для органаў кіравання.

Істотную дынаміку прадэманстраваў прамысловы комплекс – тэмп росту чакаецца на 106 працэнтаў. Як вынік – рост аб’ёмаў вытворчасці і значнае скарачэнне прастояў у рабоце прадпрыемстваў. Аднак праблема да канца не вырашана і па-ранейшаму патрабуе асаблівай увагі з боку гаррайвыканкамаў. Нягледзячы на рост узроўню адгрузкі інавацыйнай прадукцыі з 1,4 да 3,2 працэнта, пастаўленая мэта – 5,8 працэнта – не дасягнута. Па гэтым паказчыку вобласць сярод адстаючых.

Нягледзячы на ўсе складанасці гэтага года, нядрэнных вынікаў змаглі дасягнуць аграрыі. У сельгасарганізацыях намалочана 1279 тысяч тон збожжа, што на 2,1 працэнта больш за мінулы год, рапсу – 109 тысяч тон, рост у 3,6 раза. У сярэднім з кожнага гектара накапана па 439 цэнтнераў цукровых буракоў, валавы збор  — 881 тысяча тон, што амаль на 13 працэнтаў больш, чым у 2016 годзе.

Па выніках адзінаццаці месяцаў воб-ласць займае першае месца ў рэспубліцы па сярэднясутачных прыбаўленнях у вазе  свіней, прадуктыўнасці дойнага статка, прыросце аб’ёмаў вытворчасці малака і яго таварнасці; другое месца – па сярэднясутачных прыбаўленнях у вазе і прыросце прадукцыі гадоўлі буйной рагатай жывёлы.

Самая высокая прадукцыйнасць дойнага статка – у “Моладава-Агра” Іванаўскага раёна, дзе надоена па 9,6 тыс. кг малака. Кілаграмовыя прыбаўленні ў вазе на адкорме атрыманы на комплексе “Парахонскае” Пінскага, “Агракамбінат “Мір” Баранавіцкага і “Астрамечава” Брэсцкага раёнаў,  945 грамаў – на комплексе “Фядорскі” Столінскага раёна.

На 108 працэнтаў вобласцю выконваецца заданне па будаўніцтве жылля. Жыллёвыя ўмовы  палепшылі  508 мнагадзетных сем’яў.

За кошт бюджэтных сродкаў адрамантавана больша за 200 кіламетраў мясцовых дарог, выканана ўладкаванне 63,5 км новых асфальтабетонных і адзін кіламетр  – цэментабетонных пакрыццяў.

На развіццё эканомікі вобласці за студзень-лістапад выкарыстана больш за 2 млрд рублёў, ці 121 працэнт да мінулагодняга. З іх у актыўную частку асноўных фондаў укладзена больш за  36 працэнтаў агульнага аб’ёму інвестыцый. Ад замежных інвестараў паступіла 163 млн долараў.

Вобласць займае першае месца ў рэспубліцы па тэмпе росту экспарту паслуг і чацвёртае – экспарту тавараў. Адкрыты 16 рынкаў збыту: Ангола, Бахрэйн, Ірак, Ісландыя, Камерун, Сейшэлы, Люксембург і іншыя.

Далейшае развіццё атрымала гандлёвая інфраструктура. Адкрыты 277 рознічных гандлёвых аб’ектаў, тры гандлёвыя цэнтры, 39 аб’ектаў грамадскага харчавання на 1650 месцаў.

З пачатку года малым і сярэднім бізнесам створаны 672 новыя арганізацыі. Дзяржаўная фінансавая падтрымка праз ільготнае крэдытаванне ў суме 1,7 млн рублёў была накіравана на падтрымку малога прадпрымальніцтва. З інавацыйнага фонду  — 4,4 млн рублёў. Значная колькасць аб’ектаў, што не выкарыстоўваюцца, рэалізуецца за адну базавую велічыню, а таксама перадаецца бязвыплатна, у тым ліку і пад стварэнне працоўных месцаў. Фактычна працуюць з гэтай нормай пяць выканкамаў: Баранавіцкі і Пінскі гарвыканкамы, Пружанскі, Столінскі, Кобрынскі райвыканкамы.

Трэба адзначыць, што толькі ў двух рэгіёнах рэспублікі, адзін з іх – Брэстчына – суадносіны вытворчасці працы і рэальнай зарплаты маюць станоўчае значэнне. Так, па нашай вобласці – 1,005, па Мінскай вобласці – 1,02. У параўнанні з 2016 годам сярэдні намінальны ўзровень зарплаты вырас за студзень-кастрычнік больш чым на 11 працэнтаў – да 683,5 рубля.

Сёлета ў сферы аховы здароўя працягнуты курс на павышэнне эфектыўнасці работы пярвічнага звяна, кругласутачнай стацыянарнай меддапамогі і пераразмеркаванне часткі яе аб’ёмаў у дзённыя стацыянары, рэабілітацыйныя падраздзяленні. У Брэсцкай абласной бальніцы праведзена мадэрнізацыя 3-га паверха тэрапеўтычнага корпуса пад аддзяленне гематалогіі. Рэканструкцыя дзеючых памяшканняў пад ангіаграфічную аперацыйную ў Пінскай цэнтральнай бальніцы, там жа зроблена рэканструкцыя харчаблока ў лячэбным корпусе. Уведзена неўралагічнае аддзяленне на 60 ложкаў у Пружанскай ЦРБ і яшчэ выкананы работы па іншых аб’ектах аховы здароўя.

Таксама ўведзен у эксплуатацыю шэраг аб’ектаў адукацыі. Прыбудова харчаблока ў СШ Пружанскага раёна, прыбудова да будынка Бярозаўскай базавай школы, рэканструкцыя асноўнага будынка ясляў-сада № 6 у Баранавічах, рэканструкцыя воінскіх казармаў пад цэнтр дзіцячай творчасці ў Давыд-Гарадку. У перспектыве да 2020 года прадугледжана будаўніцтва васьмі ўстаноў дашкольнай адукацыі ў г. Брэст-3, Пінску, Баранавічах, Іванава, Жабінцы, Кобрыне.

У ходзе пасяджэння на разгляд дэпутатаў быў таксама вынесены праект прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці на 2018 год. З мэтай больш глыбокай і дэтальнай яго прапрацоўкі была сфарміравана рабочая група аблвыканкама. З выездам у рэгіёны была праведзена абарона планаў развіцця і прагнозных паказчыкаў гарадоў і раёнаў з удзелам спецыялістаў гаррайвыканкамаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў. Напярэдадні сесіі таксама была праведзена абарона абласнога плана развіцця на 2018 год з удзелам міністра эканомікі і першага намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны. У цэлым былі адобраны падыходы па фарміраванні асноўных паказчыкаў развіцця вобласці на будучы год.


Алена КЛІМУШКА

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *