ААТ “Гарынскі агракамбінат”: Прабілі акно ў Еўропу

Презентация PowerPointНапрыканцы гэтага года адкрылася новая старонка ў гісторыі ААТ “Гарынскі агракамбінат”. Упершыню кансерваваная прадукцыя прадпрыемства адпраўлена ў краіны Еўрасаюза.

– Адпраўка першай партыі кансерваванай агародніны ў краіны ЕС зусім не азначае, што да гэтага мы не экспартавалі яе, – тлумачыць кіраўнік прадпрыемства Васіль Васільевіч Кавалец. –  Наша прадукцыя карыстаецца попытам у  Расійскай Федэрацыі, Казахстане, Грузіі. А вось кантракт на пастаяннае супрацоўніцтва па пастаўках агароднінных кансерваў у краіны Еўрапейскага Саюза – гэта пэўны прарыў на знешні рынак.

Першы аўтапоезд павёз прадукцыю ў Германію, краіны Прыбалтыкі. Вось-вось адправіцца наступны.

Што ж уяўляе сабой экспартная прадукцыя, якою зацікавіліся за мяжой? На прадпрыемстве сцвярджаюць, што гэта не спецыяльная, асобная партыя, а пэўны набор з шырокага асартыменту, які спажыўцы маюць магчымасць бачыць на прылаўках магазінаў як у блізкім замежжы, так і па ўсёй Беларусі. У гэтым давялося пераканацца пры наведванні гандлёвых кропак Століна і раёна.

А вырабляць высакаякасную, бяспечную і канкурэнтаздольную прадукцыю, якая дастойна ацэнена і за мяжой, дазваляе ўзросшая тэхнічная аснашчанасць прадпрыемства, укараненне новай тэхнікі, перадавых тэхналогій. Кансервы ў Рэчыцы вырабляюцца з адборнай, натуральнай, экалагічна чыстай і вельмі смачнай агародніны. Гатуюцца яны без выкарыстання штучных кансервантаў, фарбавальнікаў і араматызатараў. Прадукцыя не ўтрымлівае хімічных дабавак і мае натуральны смак.

У краіны ЕС пад гандлёвай маркай “Гарынь” адпраўляецца кансерваваная агародніна 12 відаў. Сярод яе – асвоеныя ўпершыню ў Беларусі пяць закусак – ікра з кабачкоў, леча «Балгарскае», закуска «Закарпацкая», «Смажаныя баклажаны з агароднінай», ікра з баклажанаў. Попытам карыстаюцца таксама фасоль з агароднінай, фасоль з грыбамі, ікра з буракоў, ікра грыбная.

Усё гэта прыгатавана па арыгінальных рэцэптах. Кансерваваная агародніна з’яўляецца як унікальным дапаўненнем да асноўнай стравы, так і дастаткова самастойнай смакатой для тых, хто на агародніннай дыеце. Непаўторны смак закускам надае выкарыстанне толькі адборных баклажанаў, салодкага перцу, сакавітай агародніны і пікантных спецый.

У двух словах не перадаць той аб’ём праведзенай работы па прарыве на еўрапейскі гандлёвы рынак. Два гады таму пачалося ўкараненне новай асартыментнай лінейкі. Гэта стала магчымым дзякуючы праведзенай мадэрнізацыі, пераўзбраенню кансервавага цэха па выпуску агароднінных кансерваў. Прайшла практычнае выпрабаванне ўкаранёная сістэма якасці. Перайшлі на новую прывабную і практычную шкляную тару. Заключэнню дагавораў са спажыўцамі папярэднічалі закрытыя дэгустацыі ў гандлёвых сетках, працяглыя перагаворы.

У паспяховым выхадзе ААТ “Гарынскі агракамбінат”, такім чынам, два асноўныя складнікі – высакаякасная мясцовая агароднінная сыравіна, а таксама дасканалая яе перапрацоўка. Да гэтага трэба ўлічваць старанне спецыялістаў прадпрыемства, якія пастаянна працуюць над асваеннем новых тэхналогій вырабу прадукцыі і павышэннем якасці кансерваў.

Фёдар ШУМКО

Добавить комментарий