Старонкі гісторыі Іосіф Дзямешка: першы настаўнік  на Мерлінскіх Хутарах

I.Dziamieska z vucniami У Дзень настаўніка я ўзгадваю аднаго з незлічонай грамады асветнікаў – Іосіфа Рыгоравіча  Дзямешку, які ў маладосці ніяк не бачыў сябе настаўнікам.
Нарадзіўся ён у 1897 годзе ў Запарожжы. Гімназія, юнкерская навучальная ўстанова, Запарожскі ўніверсітэт. Першая сусветная вайна перакрэсліла планы юнака: у 1916-м ён быў залічаны ў дзеючую армію афіцэрам. Цяжка паранены, трапіў у аўстрыйскі палон, у лагер «Ёзэф». Родныя атрымалі вестку пра смерць сына. Але ён выжыў, хоць быў паранены кулямі ў лёгкія, а ў нагах усё жыццё насіў асколкі міны. 
Умовы палону былі жахлівыя. Але вязень хутка авалодаў чэшскай мовай (лагер ахоўвалі чэхі), і гэта давала яму пэўную перавагу, а потым паспрыяла ўцёкам ра-зам з сябрам-земляком. І толькі праз тры гады, у 1923-м, яны дасягнулі мяжы Польшча — СССР. Вядома, былі вельмі абачлівыя, ішлі хаваючыся, абыходзячы ажыўленыя дарогі. 
Пачалі рыхтавацца да пераходу мяжы ў найменш людным месцы. Гэта былі Мерлінскія Хутары (цяпер Столінскі раён, Альманскі заказнік), дзе па рацэ Сцвізе часткова праходзіла мяжа, а навокал – лясы, балоты, часта непраходныя. І хоць тэрыторыя ахоўвалася пільна з абодвух бакоў, але мясцовыя жыхары ведалі патаемныя сцежкі ды кладкі пад вадой і бесперашкодна хадзілі сюды-туды наведаць сваякоў, нешта прадаць-набыць, а пры выпадку не адмаўляліся перавесці цераз мяжу незнаёмага чалавека.
Каб мець час агледзецца і падрыхтавацца, хлопцы скіравалі да хутара Лігора (Рыгора) Калодзіча, спраўнага гаспадара, і прапанавалі яму свае паслугі. Хутаранін з ахвотай прыняў на працу дзве пары танных мужчынскіх рук.

I.DziamieskaКрыху акрыяўшы, адзін з сяброў вырашыў ісці дадому, у Запарожжа. На жаль, лёс не быў літасцівы да яго, ён загінуў на радзіме ад рук новай улады як «афіцэр царскай арміі».
А Іосіф Рыгоравіч застаўся. Ці то здароўе падводзіла (моцна кульгаў, безупынна кашляў), ці то спадабалася гаспадарова дачка – прыгажуня Варка. І неўзабаве ён стаў прымаком у сям’і Калодзічаў. У пасаг маладая сям’я атрымала не толькі традыцыйны дзявочы куфар. А так, як было заведзена ў тых мясцінах, – зямельны на-дзел Ваўчок, карову, двух валоў, лес на сваю хату, хоць і маленькую. Вось так выпускнік Запарожскага ўніверсітэта, знаўца лаціны, некалькіх заходніх моў, юрыспрудэнцыі і яшчэ шмат чаго стаў хутаранінам з мянушкай Аўстрыец.
Але надышоў верасень 1939 года. Польская школа, дзе датуль вучыліся дзеці беларусаў, была закрытая. Саветы ж да лета 1941-га не дайшлі да вырашэння праблем з адукацыяй на гэтых абшарах (дарэчы, гэты факт пацвярджаецца ў кнізе «Памяць. Столінскі раён», с. 185). І хоць большасць хутаран была непісьменная, усе добра ўсведамлялі, што іхнія дзеці павінны вучыцца. 
Вось тут і пачаўся для Дзямешкі шлях настаўніка. Іншай кандыдатуры на гэтую пасаду мерлінцы не шукалі. Бо Калодзічавага прымака добра ведалі ў наваколлі як высокаадукаванага чалавека, які заўсёды мог даць слушную параду ў зямельных і падатковых справах, скласці афіцыйную паперу, проста напісаць ліст. 
Іосіф Рыгоравіч пагадзіўся без ваганняў, бо і сваіх дзяцей трэба было вучыць. «Школу» пусціў у сваю хату блізкі сусед Ян Гладыш, пяцярым сынам якога таксама патрабавалася навука. Настаўніку дамовіліся плаціць за кожнага вучня паўпуда жыта і адзін пуд бульбы.
На жаль, доўга вучыцца не давялося, бо грымнуў чэрвень 1941 года. Але тым не менш усе дзеці – а іх было 17 чалавек – навучыліся чытаць і пісаць.
Між іншым, у 1940 годзе Дзямешка даслаў сваім родным у Запарожжа ліст, і да яго прыехала маці. У 1941 годзе яны ўдваіх выправіліся на радзіму. У Кіеве іх заспела вайна. У Запарожжа яны дабіраліся ўжо пехатой. Вярнуўся Дзямешка да сваёй сям’і толькі пасля вызвалення гэтых мясцін ад немцаў. Лёсам было наканавана яму ізноў стаць настаўнікам для дзяцей палешукоў. 
У 1944 годзе на Мерліне была заснавана пачатковая школа і загадваў ёю Іосіф Дзямешка, стаўшы такім чынам ля вытокаў школьнай адукацыі на Мерлінскіх Хутарах. Аўтарытэт сярод мерлінцаў ён меў непарушны. Ведаў, хто з дзяцей на што здатны, каму трэба вучыцца далей. 
Па ўзгадненні з раённым аддзелам адукацыі на хутарах стварылі два навучальныя асяродкі, бо абшар быў надта вялікі – 25 на 20 км. Ды й самыя хутары размяшчаліся адзін ад другога на адлегласці 5-7 кіламетраў. 
Школы-класы спачатку мясціліся ў хатах хутаран. Пэўны час заняткі праводзілі ў былой уніяцкай капліцы. Узгадвае адзін з вучняў Рыгор Вячорка: 
«Будынак быў не прыстасаваны для такіх мэтаў. Узімку ён амаль не ацяпляўся, часова змайстраваная груба ў кутку вялікай прасторы не вырашала праблемы. Цяпла мы амаль не адчувалі. Толькі Іосіф Рыгоравіч зрэдку стаяў каля яе і, кашляючы, праводзіў урок. Мы сядзелі апранутыя ў старыя світкі, абутыя ў пасталы, пальцы рук амаль не разгіналіся, а наша самаробнае з сажы чарніла замярзала».
А ў наступным годзе, 4 кастрычніка 1945 г., раённая газета «Ленінскі шлях» паведамляла: 
«На Мерлінскіх Хутарах у гэтым годзе побач з існаваўшымі 2 пачатковымі школамі адчынены яшчэ 4. Усе новаадчыненыя школы забяспечаны партамі, сталамі, класнымі дошкамі, 175 дзяцей атрымалі магчымасць вучыцца на сваёй роднай мове».
За гэтымі радкамі – праца, настойлівасць і адказнасць Іосіфа Рыгоравіча Дзямешкі. Трэба было дамовіцца з гаспадарамі, каб «пусцілі ў хату школу», адрамантаваць пустыя хаты і прыстасаваць іх да школьных патрэбаў, знайсці жыллё для новых настаўнікаў, завезці з Давыд-Гарадка школьнае абсталяванне і падручнікі… А яшчэ – дровы на зіму, ґазы для лямпаў (электрычнасці не было)… 
Настаўнікаў не хапала. А Дзямешка мог усё! Пастаянна выкладаў матэматычны цыкл, нямецкую і рускую мовы. Пры неабходнасці – усе астатнія прадметы: гісторыю, геаграфію, маляванне… Школа была беларускамоўная і настаўнік-паліглот з лёгкасцю перайшоў на мову, блізкую да ягонай роднай украінскай.
Пазней на Мерліне з’явілася сямігодка, усе дзеці былі ўлічаны і хадзілі ў школу, склаўся доб-ры педагагічны калектыў. І ўва ўсім гэтым – непрыкметная часам праца першага мерлінскага настаўніка. Яму неаднойчы прапаноўвалі пасады ў Давыд-Гарадоцкім раённым упраўленні адукацыі – інспектара ці юрыста. Але ён адмаўляўся, бо была вялікая прывязаннасць да хутароў. 
Шмат хто з ягоных вучняў, нягледзячы на вельмі суровае пасляваеннае жыццё, атрымаў далейшую адукацыю. А натхніў іх на гэта Іосіф Дзямешка. Успамінае Рыгор Вячорка:
«Узімку ў 4-м класе я сур’ёзна захварэў і не мог хадзіць у школу за пяць кіламетраў. Мой дарагі настаўнік прыходзіў да мяне дадому два-тры разы на тыдзень, у астатнія дні пасылаў да мяне сваіх дзяцей – Веру або Івана, якія прыносілі заданні. Аднойчы папко (так у сям’і называлі бацьку) сказаў настаўніку: «Ёсіп, можэ не трэба ходзіць до Грышы, тобе ж вэльмі неколі». Той адказаў: «Не, Мікалай, Грыша – гэта той чалавек, які хоча і ўмее вучыцца і мае будучыню». Дзякуючы гэтаму мудраму і добраму чалавеку я не толькі не адстаў у вучобе, але і здаў іспыты за пачатковую школу на выдатна». 
На жаль, у 1961 годзе на Мерліне зрабілі сумнавядомы авіяцыйны палігон, а жыхароў Мерлінскіх Хутароў выселілі з родных хатаў, параскідалі па розных вёсках, абласцях і нават былых саюзных рэспубліках. Таму сабраць поўныя звесткі пра лёсы былых хутарскіх дзяцей – вучняў Іосіфа Дзямешкі – нялёгка. Але вядома, што многія з іх набылі вышэйшую адукацыю, а некаторыя – і навуковыя ступені. І ўсё жыццё былі ўдзячныя Настаўніку, які натхніў іх зрабіць першыя крокі па дарозе Ведаў. 
Аляўціна ВЯЧОРКА
Выкарыстаны ўспаміны 
Рыгора Вячоркі 
і Івана Дзямешкі. 
Фота з архіва Івана Дзямешк

 

Добавить комментарий