7 лістапада – Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі: «Ёсць  у рэвалюцыі пачатак…»

 

uU2WDAuEaX6zp7HwqA4LPUVsrXSK3MНа мінулым тыдні ў актавай зале  Столінскага  ліцэя па ініцыятыве раённага савета ветэранаў  прайшла сустрэча з цікавымі  людзьмі, якая была прысвечана  100-годдзю  Кастрычніцкай рэвалюцыі.

У госці да навучэнцаў прыйшлі намеснік старшыні райвыканкама  М. П. Несцяровіч,  старшыня райкама прафсаюза работнікаў   адукацыі і навукі А. К. Максімовіч, дырэктар КСУП  «Відзіборскі» С. Ф. Лахадынаў, былы дырэктар  Столінскага  хлебазавода  Р. П. Шпакоўскі і былы галоўны ўрач  Столінскай райбальніцы  А. П. Ільюшчанкаў. Запрасілі на сцэну і выкладчыка гісторыі  ліцэя А. В. Янука.

Першае пытанне  тычылася самога паняцця рэвалюцыі. Чаму раней  яна называлася Вялікая Кастрычніцкая  сацыялістычная, а сёння назву скарацілі? Чаму  змянілася ацэнка самой рэвалюцыі, яе мэтазгоднасці?  І разам з гэтым ніхто не адмаўляе таго, што яна дала:  сацыяльную роўнасць мужчын і жанчын, права на працу,  калі скараціўся час работы, але  работнікі атрымалі  права на адпачынак  і гарантаваны заробак. Мара  пра адукацыю для ўсіх стала рэальнасцю, як і ахова здароўя. Прычым, бясплатная.  Як адзначыў А. К. Максімовіч, Кастрычніцкая рэвалюцыя  была эпахальнай  падзеяй сусветнага маштабу. І гэтага  не можа адмовіць ніхто. А. В. Янук  прывёў прыклады, калі заваёвы рэвалюцыі былі паспяхова ўкаранёны  ў многіх краінах свету і сёння даюць свае станоўчыя вынікі.

Разам з тым прамоўцы   гаварылі і пра  памылкі рэвалюцыі, яе адмоўныя бакі, калі дзеля дасягнення мэты  ахвяравалі  мільёнамі  чалавечых жыццяў.  Трэба ведаць  урокі  рэвалюцыі, браць  усё станоўчае, што яна дала, і не паўтараць  адмоўнага – такі вынік быў  экскурсу  ў гісторыю.

Пасля гэтага напрамак размовы  змяніўся. Што дала Кастрычніцкая рэвалюцыя нашаму раёну? На гэта  пытанне  адказвалі  прамоўцы, спасылаючыся на ўласны  вопыт і тую шматгадовую работу, якую яны выконвалі.

Сяргей  Фядосавіч  Лахадынаў падзяліўся ўспамінамі свайго жыцця. Яго бацькі былі  неадукаванымі, бо школы  ў вёсцы не было. Толькі пасля Вялікай Айчыннай  вайны мара  пра адукацыю стала здзяйсняцца, прычым бясплатна.  І не толькі ў школьныя гады, але і студэнцкія. З 1969 года і да гэтага часу ён  працуе на Століншчыне. Памятае, як дабіраўся ў Вялікае Малешава  па  бездарожжы, якое панавала  ў раёне. Уся праца  ў калгасе была  ручной – у полі і на ферме. Рукамі даілі кароў,  вырошчвалі буракі, рыхтавалі арганіку і г. д. І кожны год  калгаснікі  мелі станоўчыя зрухі.  Калі ў 70-я гады  ў вёсках  асабістая  легкавая машына  была дзівам, то сёння  імпартнае аўто – нармальная  з’ява. Калі  раней кармавых буракоў  накопвалі з гектара 110-130 цэнтнераў, то сёння  400-500 ц. Іх сельгаспрадпрыемства  набыло такі  агрэгат, што цяпер  за дзень  трактарыст  сам накопвае 500-600 тон  кармавых буракоў, на што раней  усе  жанчыны-калгасніцы трацілі  не адзін тыдзень работы. Без гумавых ботаў  даяркі раней  не маглі  хадзіць на работу, а цяпер  такія ўмовы створаны, што дзве даяркі  ў цяпле і чысціні  дояць 400  кароў  на новым комплексе.  І наогул,  сёння  калектыў  прадпрыемства  складаецца з 80-90 чалавек  замест 1000 чалавек раней. Але каб спраўляцца з пастаўленымі задачамі, неабходны  адукаваныя прафесійныя кадры.

Гэту думку пацвердзіў  і Рыгор Паўлавіч Шпакоўскі. Ён гаварыў пра  развіццё прамысловасці  ў нашым раёне на прыкладзе  хлебазавода. Толькі ў 1952 годзе  ў Століне была створана  невялікая пякарня ля былой аптэкі. Потым  па вуліцы Савецкай  у  больш  зручных умовах пяклі подавы хлеб. Працэс быў цалкам ручны. У 1966 годзе  быў пабудаваны  хлебазавод, дзе выпякалі  да 45 тон (!) хлеба ў суткі. Так было да 90-х гадоў мінулага веку. Сёння выпякаюць  толькі 7 тон хлебабулачных вырабаў. Прыкладна столькі ж і ў Давыд-Гарадку на сучасным  заводзе. Наша краіна не мае  дэфіцыту хлеба, таму што менш сталі трымаць у гарадах і вёсках свойскай жывёлы, якую раней кармілі хлебам. Цяпер  для гэтых мэтаў  рэалізуюць муку і камбікорм. І  ў насельніцтва  харчаванне стала больш разнастайным і карысным. На прадпрыемствах пастаянна ідзе рэканструкцыя, каб ліквідаваць ручную працу. Рабочыя сталі аператарамі і не з кувалдай і зубілам яны працуюць, як раней, а на складанай тэхніцы. Каб яе эксплуатаваць, трэба  вучыцца.

Размову працягваў Міхаіл Піліпавіч Несцяровіч, які  гаварыў пра  структуру  вытворчасці раёна. У прамысловасці занята пятая частка  ўсіх працаўнікоў. У нас  ёсць сучасныя  прадпрыемствы. Напрыклад, філіял ААТ “Савушкін прадукт” (былы  масласырзавод), там перапрацоўваецца 500 тон малака ў суткі. На торфапрадпрыемстве  “Глінка”  створана  і дзейнічае сучасная  лінія.  З кожным годам павялічваецца ўклад прыватнага сектара, які дае  сёння дзясятую частку вырабляемай  прадукцыі. У гандлі  раёна  палова плошчаў  належыць таксама прыватнікам, а наогул,  у нас  працуе  581 аб’ект гандлю, з якіх толькі 164 належаць  спажывецкай  кааперацыі.  І гэта таксама  характарыстыка часу, бо ў 50-я гады не было памяшканняў дзяржаўных  магазінаў, а прадаваемы  там тавар можна было пералічыць па пальцах: газа, мыла, крыху тканіны, цукеркі “падушачкі”.

Аляксей Паўлавіч  Ільюшчанкаў, звяртаючыся да моладзі, гаварыў, што яна лепш развіта, чым было раней, але  фізічныя даныя  прызыўнікоў  раёна значна горшыя. І  пра гэта сведчыць яго  вопыт работы, бо на  Століншчыне ён 51 год. Прамоўца спыніўся  на структуры  аховы здароўя  раёна, калі  дзейнічаюць  бальніцы, ФАПы, амбулаторыі, аптэкі і іншыя падраздзяленні. А ў час панскай Польшчы  ў раёне  былі лічаныя ўрачы,  за знаходжанне  ў бальніцы трэба было  карову прадаць, каб аплаціць медпаслугі.  Пасля вайны  занава стваралі  гэтую галіну, будавалі  дарогі, каб можна было дабрацца ў населеныя пункты і аказаць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу. Ды рост дабрабыту адбіваецца на дэмаграфічнай  бяспецы: не надта спяшаюцца нараджаць маладыя, мнагадзетных  сем’яў  павінна быць  больш…

Такой атрымалася  паўтарагадзінная размова. Пра яе карысць, пра неабходнасць  такіх сустрэч  сказаў, падводзячы вынік, дырэктар  ліцэя сельгасвытворчасці Р. А. Казубоўскі. А кропку – музычную і такую гучную – зрабіла песня мінулага часу, у якой  быў такі памятны   ветэранам  працы радок:  “Ёсць у рэвалюцыі  пачатак, няма ў рэвалюцыі канца”.

Валянціна МІРАНОВІЧ

Фота Аляксандра 

НІКІФАРЭНК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *