Жыццё з лічыльнікамі ў руках

надзея піліпаўна і рыгор цімафеевічВельмі складана пісаць артыкул пра людзей, якіх бачыш упершыню. За кароткі час патрэбна не толькі пазнаёміцца з чалавекам, але і зразумець, што ён лічыць галоўным у сваім жыцці. А вось Надзея Піліпаўна і Рыгор Трафімавіч Басаўцы з Давыд-Гарадка – выключэнне.

Адразу скажу, нагода сустрэцца з гэтай паважанай сямейнай парай значная – у панядзелак Надзея Піліпаўна будзе адзначаць свой 80-гадовы юбілей. Хоць сівізна на валасах, але з першых хвілін размовы адчуваецца душэўная маладосць гэтай жанчыны. У падрабязнасцях успамінае яна сваё юнацтва, а фотаздымкі, што акуратна ляжаць на  газетным століку, вяртаюць нас на дзесяцігоддзі назад.

 …Выпускніца “беларускай школы” (так называлася сярэдняя школа № 1 Давыд-Гарадка) Надзея Смушко разам са сваімі аднакласніцамі едзе ў Львоў паступаць у медыцынскі інстытут. У галаве шмат планаў і жаданняў. Праўда, не ўсім ім давядзецца здзейсніцца: вялікі конкурс і складаныя іспыты вяртаюць яе ў Давыд-Гарадок.

“Чаго будзеш дома ся-дзець? Прыходзь да нас у атэлье!” – прапанаваў брат Рыгор. Дзяўчына згаджаецца. Тады краўцы былі на вагу золата, а прафесія лічылася вельмі пачэснай. Нічога дзіўнага: крамаў з гатовымі вырабамі не было  і шылі тады ўсё – ад сукенак да шапак. Адпрацаваўшы год,  яна паступае ў Гомельскае тэхнічнае вучылішча і атрымлівае спецыяльнасць “Закройшчык”.

“Сумняваюся, што вы будзеце ўсё жыццё працаваць швачкай”, – зняўшы акуляры, сказаў дырэктар вучылішча. У заліковай кніжцы красаваліся амаль адныя пяцёркі. Для Надзеі гэтыя словы гучалі не проста як пахвала, а як благаслаўленне. І яна без ніякіх праблем паступае на завочнае аддзяленне інстытута народнай гаспадаркі, дзе вучыцца на эканаміста. Асабістае жыццё таксама не стаяла на месцы. З прыметным хлопцам Рыгорам Басаўцом пазнаёмілі бацькі. Ды так да сэрца прыйшоўся, што маладыя згулялі вяселле. 

Надзея спачатку працавала ў банку інспектарам па крэдытах, а потым узначаліла аддзел. Яна і сваіх дзяўчат-калег прымусіла вучыцца: за плячыма, як гаворыцца, адукацыю не носіш. А ўжо ў 1975 годзе Надзея Піліпаўна з’яўлялася загадчыкам агенцтва дзяржаўнага банка. У сваёй справе адчувала сябе, як рыба ў вадзе. Не баялася нават самай строгай праверкі, з лічбамі працавала бездакорна. Адказнасць і прафесіяналізм жанчыны заслугоўвалі павагу не толькі ў калектыве. Кіраўніцтва таксама заўсёды знаходзіла нагоду выказаць словы ўдзячнасці цудоўнаму работніку.

Без трох месяцаў да 20-годдзя працоўнага стажу Надзеі Піліпаўне давялося шукаць новую работу, бо банк у Давыд-Гарадку зачынілі. Пайшла працаваць бухгалтарам аддзела капітальнага будаўніцтва на Давыд-Гарадоцкі электрамеханічны завод. Тады, у 1986 годзе ён перажываў лепшы перыяд, таму з задавальненнем спяшалася на работу. Кажуць, што шчаслівы той чалавек, які з цудоўным настроем ідзе з дому на работу, а потым з такім жа настроем вяртаецца да сям’і. Гэта якраз пра Надзею Піліпаўну.

Ёй не цяжка было ўстаць на досвітку, каб снеданне для сваіх прыгатаваць, а потым бегчы на работу. Неўзабаве падгадаваліся сын  Уладзімір і дачка Ірына, і ўжо свае сем’і стварылі. Словам удзячнасці ўспамінае матулю сваю –  Ефрасінню Іванаўну, якая вельмі дапамагала ёй з дзецьмі. Надзея – апошняя з сямі дзяцей, таму маці жыла з ёй. Бачыла, наколькі важна была для дачкі работа, таму няньчыла дзяцей з маленства.

 А кар’ера Надзеі між тым ішла ўгору. Некалькі гадоў яна працавала ў прыватным банку. Калі адчыніўся Аграпрамбанк, менавіта Надзеі Піліпаўне даверылі яго ўзначальваць. Яна ведала ўсе нюансы банкаўскай справы да дробязяў і яе веды былі вельмі дарэчы. З 1994 года і да выхаду на пенсію яна ўзначальвала аддзел разлікаў.

Дарэчы, муж юбіляркі таксама меў справу з лічбамі. І што дзіўна, прафесійны шлях вельмі падобны на жончын. Непрацяглы час прарабіў краўцом. А потым 32 гады адпрацаваў у сістэме гандлю. Магазін № 11 у Давыд-Гарадку і зараз называюць “Грышын магазін”. Такі парадак там навёў і так цудоўна пайшлі справы, што пяць гадоў запар яго фотаздымак вісеў на Дошцы гонару ў Століне. Рыгор Трафімавіч быў адзін з лепшых загадчыкаў у раёне. 

“Жыццё з лічыльнікамі ў руках”, – кажуць у адзін голас муж і жонка. І сапраўды, у тыя гады вылічальных машын, а тым больш спецыяльных камп’ютарных праграм не існавала. Усё лічылі самастойна на лічыльніках, толькі стукалі адна аб адну драўляныя костачкі.

Часта было, што і на рабоце затрымаецца Рыгор Трафімавіч. Не злавалася жонка, разумела: спешка грошам вораг. Ды і сама неаднойчы спазнялася, калі трэба было дарабіць усё да канца. 12 калгасаў абслугоўвалі, гарадское і сельскае спажывецкія таварыствы таксама праз іх банк заработную плату атрымлівалі. Успамінае адзін выпадак, калі бухгалтар з аднаго калгаса палову грошай забыў каля разліковага акенца. Частку ўзяў і паехаў спакойна. Калі Надзея Піліпаўна выпадкова зірнула на акно, убачыла кіпу грошай. Адразу патэлефанавала, каб не спалохаўся чалавек, калі заўважыць недастачу.

Надзея Піліпаўна ўпэўнена, што сумленне ў чалавека павінна быць на першым месцы. Якім ні было б жыццё, якімі грашыма ты ні валодаў бы, калі чалавек несумленны, тады толку не будзе. Давер заслужыць вельмі цяжка, а згубіць – у адно імгненне.  Цалкам згодзен з жонкай і Рыгор Трафімавіч. Ён узначальваў калектыў з адных жанчын і ведае, што прафесіяналізм прадаўца  не толькі ад адукацыі залежыць, а і ад характару. Чалавек павінен адказваць за свае словы. У іншым выпадку яму доўга не пратрымацца ў гандлі: адразу выведуць на чыстую ваду.

Надзея Піліпаўна пайшла на пенсію ў 60 гадоў. Але калегі, з якімі працавала, ніколі не мінаюць яе жоўтага дома па вуліцы Партызанскай. Вылучаўся ён не толькі, што на вуглу знаходзіцца, але і прыгажосцю вакол.  Рыгор Трафімавіч – заядлы садавод. У яго ўсё расце: і яблыкі, і абрыкосы, і нават персікі – 35 дрэў усяго. Трымаў раней вялікі парнік, а зараз толькі для сябе невялічкі пакінуў. Надзея Піліпаўна ў ім завіхаецца з асалодай. Часта забягаюць дзеці, што жывуць недалёку. Дачка Ірына – працэдурная медсястра ў паліклініцы. Сын Уладзімір – інжынер  Давыд-Гарадоцкага ўчастка электрасувязі. Сярожа, Танюша, Ірынка, Коля – так ласкава называюць сваіх унукаў бабуля з дзядулем. Шкадуюць іх, хвалююцца, часта тэлефануюць. Хочуць падказаць, параіць. І нагадаць яшчэ раз, што самае галоўнае ў жыцці – дабрыня і ўменне дараваць.

Ганна МЕЛЬНІК

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *