Журавінавая завіруха

1  У палоне святочнай завірухі аказаліся жыхары і госці журавінавай сталіцы Століншчыны – вёскі Альманы  – у мінулую нядзелю, 1 кастрычніка. Тут чацвёрты раз ладзілі традыцыйнае свята ў гонар цудадзейнай балотнай ягады, якая здаўна служыць добрай падмогай сямейнаму бюджэту і з’яўляецца брэндам мясцовасці.   

Сёлета арганізатары некалькі змянілі фармат і ладзілі мерапрыемства на лузе за тэрыторыяй сельскага Дома культуры. Тут устанавілі сцэну. Уздоўж вуліцы размясціліся “Журавінавыя палянкі” сельскіх Саветаў, дзе таксама займаюцца зборам цудадзейнай ягады, з кампазіцыямі з лясных і балотных дароў і дэгустацыяй страў з журавінамі.2

Свае прэзентацыі падрыхтавалі Фядорскі дом народнай творчасці, дзяржаўная ўстанова “Заказнікі рэспубліканскага значэння “Сярэдняя Прыпяць” і “Альманскія балоты”, раённы цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. Цікавымі віктарынамі, бяспройгрышнай латарэяй здзіўлялі бібліятэкі.

Побач ішоў гандаль журавінамі, на якія сёлета быў добры попыт. Можна было азнаёміцца з амуніцыяй для збору і прыстасаваннем для ачысткі ягад ад моху і разнастайнага смецця.3

На суседнюю вуліцу запрашалі гандлёвыя рады грамадскага харчавання, дзе жадаючыя маглі пасядзець за столікамі, падсілкавацца шашлыкамі ці іншымі прысмакамі, выпіць кавы альбо чаю. На ўскрайку разгарнуўся цэлы гульнявы гарадок – надзіманыя атракцыёны, цір, іншыя забавы для дзяцей і дарослых.

Пачалося свята ўрачыстым шэсцем удзельнікаў, якія закружыліся перад сцэнай у танцавальным карагодзе, і тэатралізаваным пралогам з гісторыі вёскі Альманы, дзе галоўныя героі – продак сучасных Альман і каралева Журавіна.

Да жыхароў і шматлікіх гасцей вёскі звярнулася старшыня Стружскага сельскага Савета Ніна Іванаўна Ліпская.4

Па традыцыі на свяце ўшанавалі лепшых збіральнікаў журавін па кожным сельсавеце. Граматамі і каштоўнымі падарункамі адзначаны Шубіч Сцяпан Дзмітрыевіч і Хоміч Васіль Пятровіч з Альман Стружскага сельсавета; Тарасюк Марыя Пятроўна з Ніжняга Церабяжова і Дабрыянец Вольга Уладзіміраўна з Рэчыцы, з Рубельскага сельсавета – Каляда Міхаіл Канстанцінавіч і Вабішчэвіч Настасся Міхайлаўна, з Гараднянскага – Шэлест Ніна Васільеўна і Мірановіч Людміла Іванаўна.

Лепшым нарыхтоўшчыкам дзікарослай прадукцыі прызнаны Аглашэвіч Іван Васільевіч. Раённым саветам ветэранаў узнагароджана самая старэйшая зборшчыца журавін – Дзенісовіч Надзея Пятроўна, якой 85 гадоў.5

Удзельнікаў свята вітаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Васіль Андрэевіч Заруба і ўручыў граматы старшыням Стружскага, Рэчыцкага, Рубельскага і Гараднянскага сельскіх Саветаў за выстаўкі творчасці.6

Намеснік старшыні раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Ніна Лісавец аб’явіла вынікі  фотаконкурсу “Жыццё на Альманскіх балотах”. Граматамі і падарункамі  ўзнагароджаны загадчыца мясцовай амбулаторыі Ганна Серадзіна і студэнтка сталічнай ВНУ Наталля Дзенісовіч.11

Канцэртную праграму адкрылі госці – запрошаныя калектывы аматарскай творчасці суседніх раёнаў. Сваімі песнямі і сцэнічным майстэрствам гледачоў парадавалі фальклорны калектыў “Грымата” Дабраслаўскага СДК Пінскай клубнай сістэмы і клуб аматараў песні “Весніца” Палескага СДК  Лунінецкага раёна.22

Выступленне на святочнай сцэне працягнулі народны фальклорна-этнаграфічны калектыў “Верасень”, народнае аматарскае аб’яднанне “Гарынскія папрадухі”, народны клуб аматараў песні “Ярок”, танцавальныя калектывы “Кропелька” і “Пралеска” Альманскага СДК, эстрадныя выканаўцы Наталля Краўцова, Фёдар Заруба, Вольга Палюховіч, Юрый Ляшкевіч, Святлана Гунько, Варвара Белавус.55

Са сцэны са сваімі новымі творамі пазнаёмілі гледачоў паэты Століншчыны – Віктар Вабішчэвіч з Давыд-Гарадка, Васіль Казачок з Гарадной, Ларыса Вырко са Століна.

Галіна ГАШЧУК

Фота аўтара

і Аляксандра  НІКІФАРЭНКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *